Знайсці
21.12.2022 / 21:034РусŁacБел

Людзі года па версіі «Нашай Нівы» — героі, якія хацелі спыніць вайну. Што пра іх вядома?

Яны рызыкавалі сваім жыццём, спрабуючы спыніць найбольшую катастрофу ХХІ стагоддзя. Яны ведалі, што могуць загінуць, а пры гэтым выбралі такі спосаб дзеяння, які не мог прывесці да гібелі людзей. Дзмітрый Клімаў, Уладзімір Аўрамцаў і Яўген Мінкевіч — бабруйцы, якія зладзілі акцыю сабатажу на чыгунцы. Аднаму з іх прастрэлілі нагу. Яны сталі сімвалам мірнага супраціўлення. 

Злева направа: Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў, Уладзімір Аўрамцаў. Фота: сацсеткі

Адразу пасля нападу Расіі на Украіну ў Беларусі стыхійна ўзнік антываенны рух. Яго сімвалам сталі г. зв. «рэйкавыя партызаны», якія ладзілі акты сабатажу на чыгунцы, каб запаволіць рух расійскай тэхнікі. Праўда, сам пушчаны журналістамі выраз «рэйкавыя партызаны» недакладны. Рэйкавыя партызаны Другой сусветнай спускалі пад адхон цягнікі, у выніку гінулі сотні людзей, не толькі акупанты, але і беларусы-чыгуначнікі.

Людзі, якія спрабавалі спыніць Трэцюю сусветную, абмяжоўваліся акцыямі, пры якіх ніхто не мог загінуць. Яны спадзяваліся, аднак, што і такога сабатажу хопіць, каб змяніць ход гісторыі.

У ноч з 27 на 28 сакавіка быў здзейснены падпал рэлейнай шафы непадалёк ад станцыі Асіповічы. Тады канал «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміў пра страляніну на станцыі — але ніхто не пацярпеў і партызанам удалося ўцячы. Затрымалі іх праз два дні ўжо ў родным Бабруйску.

Затрыманымі аказаліся сябры дзяцінства Дзмітрый Клімаў, Уладзімір Аўрамцаў і Яўген Мінкевіч. Яны шмат у чым падобныя: усім на той момант па 28 гадоў, усе жылі і працавалі ў Бабруйску, не судзімыя. У двух затрыманых ёсць жонкі і дзеці — дачцэ Дзмітрыя Клімава цяпер пяць гадоў, а сыну Яўгена Мінкевіча ўвосень споўніўся год. Двое затрыманых паспелі папрацаваць у структурах Міністэрства ўнутраных спраў — што, дарэчы, паказвае нам, наколькі розныя людзі носяць ці насілі ў нашай краіне пагоны.

Пасля КДБ зладзіў аператыўную гульню, каб затрымаць правадніка, якая павінна была вывесці іх у Літву. Гэта была 33-гадовая Алеся Буневіч, якой у выніку прысудзілі 3,5 года турмы.

Дзмітрый Клімаў

Дзмітрыю Клімаву 29 гадоў, ён нарадзіўся і, здаецца, амаль усё жыццё пражыў у Бабруйску. Скончыў 26-ю школу.

Нейкі час мужчына працаваў у Дэпартаменце аховы МУС, сышоў з міліцыі ў званні прапаршчыка.

Апошнія гады Дзмітрый працаваў у таксі. Сярод іншага, ён быў каардынатарам невялікай службы таксі «7204» у Бабруйску, бо меў уласныя машыны. Але бізнэс неўзабаве прагарэў і чым мужчына зарабляў далей — невядома.

Падчас затрымання яму прастрэлілі нагу і збілі. У фільме дзяржаўных прапагандыстаў, які выйшаў праз месяц пасля затрымання, відаць, што мужчына дагэтуль ходзіць з цяжкасцю. Пра цяперашні стан мужчыны нічога невядома.

Прастрэленая нага Дзмітрыя Клімава. Скрын з фільма АТН

Таксама ў фільме АТН мужчына кажа, што менавіта ён быў выканаўцам падпалу рэлейнай шафы. Пасля гэтага яны разам з Аўрамцавым быццам бы мусілі схаваць рэшткі свайго рыштунку (рацыі і прыладу для спуску эшалонаў з рэек) і перайсці мяжу з Літвой. Іх затрымалі ў момант, калі яны ехалі рабіць «схованку».

Уладзімір Аўрамцаў

Уладзімір Аўрамцаў. Фота: сацсеткі

Уладзіміру 28 гадоў. Ён адвучыўся спачатку ў вучэльні алімпійскага рэзерву, а пасля паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, дзе вучыўся з 2013 па 2017 гады. Адзіны з трох ён яшчэ не жанаты. Дзяўчына, якая ведае яго з дзяцінства, расказвала:

«У школе ён заўсёды спортам займаўся, ніколі не быў часткай кампаній такіх, якія сядзелі ды на лаўцы піва цадзілі. Добра вучыўся, спортам займаўся. Карацей, меў рэпутацыю станоўчага і добрага хлопца».

Спорт заўжды быў хобі Аўрамцава — і стаў ягонай кар'ерай. Ён займаецца грэплінгам (від змешанай барацьбы) і нават выступаў на чэмпіянаце Беларусі, дзе ў мінулым годзе заняў першае месца ў катэгорыі «да 92 кілаграмаў».

Апошнім месцам працы мужчыны стаў фітнэс-цэнтр «Ева».

Таксама ён працаваў у 35-й школе ў Бабруйску, дзе выкладаў вучням 1-га, 3-га і 6-га класаў фізічную культуру. Яшчэ адна знаёмая распавядала «Медыязоне» пра ягоны досвед:

«Яму цікава займацца з малымі. Але ідэалогія і праца дзеля птушачкі вельмі расчаравалі. Скардзіўся, што немагчыма падтрымліваць у дзецях энтузіязм, калі іх адпраўляюць на спаборніцтвы, да якіх яны не рыхтаваліся і адназначна прайгралі б, толькі дзеля таго, каб намеснік дырэктара паставіла галачку аб удзеле ў мерапрыемстве».

Бацька мужчыны, Аляксандр Аўрамцаў — былы міліцыянт, які ў 2004 годзе сышоў у адстаўку ў званні маёра з пасады кіраўніка аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Бабруйскага РАУС. Цікава, што бацька быў актывістам мясцовага «казацкага» руху.

Пасля затрымання мужчыну білі, што відаць на кадрах, якія выклалі парталы МУС — у яго разбіты твар, і нават у фільме, знятым праз месяц, выразна бачныя сляды пабояў.

Яўген Мінкевіч

Хлопцу 28 гадоў. Яны разам з Аўрамцавым вучыліся ў вучэльні алімпійскага рэзерву. З 2013 года мужчына пайшоў працаваць санітарам у Бабруйскую гарадскую лякарню хуткай дапамогі і пастаянна падпрацоўваў кіроўцам таксі.

Ён ажаніўся ў студзені 2020 года. У інтэрв'ю бабруйскай раёнцы пара казала, што яны мараць пра дзяцей, Яўген пра дзяўчынку, а жонка — пра хлопчыка. За паўгода да затрымання ў пары нарадзіўся сын.

На ягоным вяселлі адным з гасцей быў Дзмітрый Клімаў. Мужчыны ў 2020 годзе таксама разам працавалі ў службе таксі «7204». 

Згодна з фільмам БТ, місія Яўгена была ў тым, каб дапамагчы хлопцам дабрацца да Гродна і збегчы ў Літву (праўда, ён мала ведаў пра спаленне рэлейнай шафы і агулам планы мужчынаў). Яго нават абвясцілі ў вышук праз пошукавы атрад «Фенікс», але 6 красавіка атраду і сям'і спецслужбы паведамілі, што ён затрыманы, а неўзабаве ягонае поўнае імя апублікавала суполка чыгуначнікаў.

Хутчэй за ўсё, Яўгена таксама збівалі пры затрыманні — сінякі на твары мужчыны відаць яшчэ і ў фільме прапагандыстаў.

Праз тры дні

У лютым і сакавіку ў Беларусі былі здзейснены не менш за дванаццаць акцый сабатажу на чыгунцы і дзве вялікія кібератакі.

«Калі нельга забяспечыць бяспеку вайсковага эшалона, то расійскія войскі не будуць пагаджацца пакідаць тэхніку. Страціць яе недзе на падыходзе — гэта рызыка. Таксама запавольваецца на некаторы час рух цягнікоў. На адной з акцый блакавалі некаторыя ўчасткі. Гаслі ўсе святлафоры, патрабаваўся час, каб выехалі брыгады па рамонце, потым патрэбен быў час, каб гэта ўсё перавесці ў ручны рэжым. Прапускная здольнасць катастрафічна падае», — распавядалі «Нашай Ніве» актывісты «Суполкі чыгуначнікаў Беларусі».

За акты сабатажу на чыгунцы або намер іх здзейсніць затрыманыя таксама:

Дзяніс Дзікун, Дзмітрый Равіч, Алег Малчанаў
— жыхары Светлагорска, іх затрымалі 4 сакавіка 2022 года за падпал 28 лютага на перагоне Жэрдзь—Астанкавічы рэлейнай шафы;

Віталь Мельнік, затрыманы пад Барысавам, яму пры затрыманні сілавікі прастрэлілі каленныя суставы;

Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч з Мазыра — яны рыхтавалі акцыю, але не паспелі рэалізаваць;

Сяргей Глебка і Кацярына Глебка са Стоўбцаў, якія падпалілі на чыгуначных шляхах бярвенне з мэтай стварэння перашкоды руху цягнікоў;

Сяргей Канавалаў, чыгуначнік з Віцебска, якога абвінавацілі ў намеры сабатажу;

Анатоль Шышкавец з Асіповічаў, які меў намер правесці акцыю.

Удзельнікі іншых акцый сабатажу затрыманыя не былі.

31 сакавіка, праз тры дні пасля акцыі Клімава—Аўрамцава—Мінкевіча, расійскія войскі, знясіленыя баямі і пазбаўленыя лагістыкі, пачалі адступленне з-пад Кіева, Сумаў і Чарнігава. Гэта азначала, што пуцінскі план бліцкрыгу сарваны, што Украіна выстаяла, што ўкраінская і беларуская дзяржавы не будуць ліквідаваныя, як планавалі ў Маскве. Дзмітрыя Клімава, Уладзіміра Аўрамцава і Яўгена Мінкевіча 31 сакавіка працягвалі катаваць у турме. У гэты дзень ні яны трое, ні тыя, хто іх арыштоўваў, хто страляў у ногі, хто дапытваў іх, хто дабіваўся, каб расійскія войскі бесперашкодна рухаліся на Украіну, не ведалі, што расійская навала пакацілася назад. Заваёўнікаў спынілі не беларускія сабатажнікі, а ўкраінскі народ, украінская армія. Але хто ведае, чыя кропля крыві пераважыла шалі?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
гоблен/адказаць/
21.12.2022
Хлопцы сапраудныя героi!
1
асоба цинічна/адказаць/
21.12.2022
[Рэд. выдалена]
0
Леці/адказаць/
24.12.2022
Хачу паставіць падабайку, а ня ставіцца. Хлопцы сапраўды героі!!! А чаму выдалены апошні камэнтар?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера