Знайсці
27.12.2022 / 13:234РусŁacБел

Нестандартны гардэроб, бан на танную гарэлку, Акрэсціна. Гісторыя Івана Мураўёва — рухавіка мінскай кальяннай культуры

Іван Мураўёў — журналіст і стваральнік знакамітай «Кальяннай №1». Яго асудзілі на 2,5 года за здымкі для расследавання пра справу артапедаў. А ў жніўні 2020-га ён быў сярод тых, хто пасля збіцця трапіў на Акрэсціна. У мінскай тусоўцы ён вядомы сваёй неардынарнасцю.

Фота: Anisovich

У труне на Хэлоўін

44-гадовы Іван Мураўёў — выпускнік журфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Калісьці ён працаваў у агенцтве «Мінск-навіны», а на тэлеканале СТБ спалучаў працу журналіста і аператара.

«Журналістыка — яго першая любоў. Ён класны аператар. Шмат здымаў», — кажа пра Івана яго шматгадовы сябра.

З маленства Іван быў заглыблены ў культурніцкае асяроддзе. Маці вадзіла яго на імпрэзы ды тусоўкі. На іх ён знаёміўся з жыццём музыкантаў і акцёраў.

Сябра кажа, што Івану падабалася пісаць на сацыяльныя канфліктныя тэмы. Ён любіў шакаваць правакацыйнымі матэрыяламі.

«Аднойчы зрабіў сюжэт пра тое, як моладзь адзначала з труною Хэлоўін. У ёй ляжаў Іван, а потым з яе, паўстаўшы, стаў апавядаць пра моладзевую імпрэзу. Ніхто не чакаў ад дзяржаўнага тэлеканала такога матэрыялу».

Як з канкурэнтаў зрабіць таварышаў

Івану падабалася асвятляць падзеі з жыцця беларускага андэграўнду. Быў знаёмы ён таксама з адмыслоўцамі, якія стаялі ля вытокаў беларускай IT-галіны.

«У нулявыя ў яго невялікай кватэры збіралася шмат цікавых людзей, каб пакурыць кальян, і яна стала кальянным хабам. Так ён стаў прасоўваць кальянную культуру ў Мінску», — апавядае сябар.

Іван Мураўёў у сваёй кальяннай

У той час уладальнікамі кавярняў з кальянам былі пераважна арабы, а Іван стаў адным з першых беларусаў, якія пачалі ствараць ім канкурэнцыю.

Сваіх арабскіх калег ён успрымаў не як канкурэнтаў, а як настаўнікаў. З многімі падтрымліваў таварыскія стасункі, спрабаваў вучыць іх мову і нават Каран.

У кальянную прыходзілі і работнікі дзяржустаноў

Больш за дзесяць гадоў таму на вуліцы Карла Маркса, непадалёк ад будынка адміністрацыі Лукашэнкі, ён адкрыў сваю «Кальянную №1».

Сябра кажа, што месца не абміналі супрацоўнікі лукашэнкаўскай адміністрацыі і іншых дзяржаўных устаноў, якія месціліся непадалёк. Памяшканне прапанаваў заняць Івану знаёмы.

«Там месцілася раней саўковае кафэ, куды прыходзілі людзі пабухаць. Ваня загарэўся ідэяй стварыць кавярню, а пазней перанёс са сваёй кватэры ўсё, што было звязана з кальянам. І справа ў яго даволі актыўна пайшла».

Іван у адным інтэрв’ю згадваў, што калісьці на месцы яго кальяннай было кафэ пад назвай «Эльдарада» і падчас вучобы ва ўніверсітэце пасля заняткаў ён з прыяцелямі часцяком наведваўся туды. Па яго словах, гэта была танная чарачная.

«Так сталася, — казаў Іван, — што менавіта тут з'явілася і маё месца сілы і прыцягнення, якое стала нават большым за дом. Наогул я ніколі ў жыцці не паліў. Цыгарэты да гэтага часу нават не спрабаваў. Але неяк сябры прывялі мяне ў кальянную. Яны вельмі доўга ўгаворвалі мяне паспрабаваць пакурыць кальян.

Я супраціўляўся, але ўсё ж паспрабаваў. Мне спадабалася. Насамрэч кальян — вельмі крутая штука для зносін. Калі разам з кімсьці паліш яго, а гэта займае гадзіны паўтары, суразмоўца раскрываецца, прычым ты бачыш усе яго грані. І на цвярозую галаву гэта вельмі цікава».

Кальянная забрала ўвесь Іванаў час, і ён прыпыніў актыўную журналісцкую дзейнасць, але часам вяртаўся да яе для «ўнутранага драйву», каб даць выйсце лішку энергіі. Напісаннем тэкстаў, а таксама фота— і відэаздымкамі займаўся выключна для душы.

Як рапавядае сябра Мураўёва, кальянная стала месцам, куды прыходзілі людзі, якія прагнулі глытка свабоды і разняволення. Сярод іх былі беларускія пісьменнікі, рок-спевакі, мастакі ды журналісты.

«Атмасфера там была, як у падобных кавярнях Вільні, ці Варшавы. Айцішнікі, якія ездзілі туды, па вяртанні заходзілі ў кавярню да Івана і казалі, што ў ёй адчуваецца атмасфера замежжа», — адзначае сябра.

Мураўёў у розныя часы быў саўладальнікам пяці ці шасці кафэ ў Мінску і Гародні.

Беларушчына — для ўсіх

Па словах сябра, Іван — прыхільнік беларушчыны, якую ўспрымае не як «проціпастаўленне дзяржаўнікаў з недзяржаўнікамі».

«Іван імкнецца заўжды знайсці між гэтымі пазіцыямі масток. Ён гаварыў, што беларускасць — яна для ўсіх. Даводзіў, што ў дзяржаўных органах багата службоўцаў, якія прыхільна ставяцца да яе».

Іван Мураўёў. Фота: kyky.org

Іван ведаў багата выпускнікоў журфака, якія працавалі ў дзяржаўных СМІ, тэлефанаваў ім і даводзіў памылковасць іх поглядаў.

«Іван лічыў, што калі прыхільнікі беларушчыны забаняць прапагандыстаў, будуць іх ігнараваць, то хто данясе ім іншую пазіцыю», — кажа сябра.

Віскі таннейшае за гарэлку

Іван прасоўваў не толькі кальянную культуру, але і культуру піцця алкаголю. Ён разбіраўся ў ім, дэгуставаў віно, віскі, самагон, гуртаваў вакол сябе прыхільнікаў правільнага ўжывання спіртных напояў.

У 2018 годзе Лукашэнка выдаў дэкрэт №7, які, сярод іншага, даваў вольніцу ўладальнікам пітных устаноў самім вырашаюць, якую цану ставіць на танны беларускі алкаголь. У «Кальяннай №1» тады вырашылі зрабіць гарэлку даражэйшай за нармальны віскі.

«Мы з задавальненнем перапісалі цэннікі, — адзначаў Іван Мураўёў у інтэрв'ю. —

Памятаю, як заўважаў у дарагіх установах рабацяг, якія куплялі танную беларускую гарэлку, а з закусак была толькі хлебная талерка. Да ўвядзення гэтай нацэнкі ў нас не было канфліктаў з гасцямі. Але потым сталі прыходзіць пʼяныя людзі, якія напіліся ў іншых установах, а потым вырашылі кальян пакурыць. І калі іх не пускалі, моцна абураліся».

«Але, вядома, пытанняў ад кліентаў кшталту «А дзе танная гарэлка?» пазбегнуць не атрымаецца», — заўважаў ён.

«Я не шмотачнік: проста не выкідваю адзенне»

Іван Мураўёў да ўсяго мае незвычайны гардэроб. Яму не падабаецца насіць серыйнае адзенне, а душа ляжыць да крафту.

«Мае адносіны з рэчамі будуюцца як з паненкамі: альбо падабаецца, альбо — не. Часам і ногі ад вушэй, і грудзі, але разумееш, што не тваё, а вось гарэзлівая жывая дзяўчына ростам 1,60 можа так спадабацца, што ўсе думкі толькі пра яе. Гэтак жа і з рэчамі. «Нестандарт» нашмат цікавейшы», — тлумачыў ён.

Фота: kyky.org

І дадаваў, што па натуры не шмотачнік: проста не выкідвае адзенне.

«Па ідэі, можна было б і аддаваць старыя рэчы, але мне не хочацца: як правіла, у мяне ўсё даволі вясёлае, яркае, з успамінамі, ды і я, балазе, магу спакойна ўлезці нават у рэч дзесяцігадовай даўніны.

Так часам знойдзеш у шафе круты швэдар, які гадоў 15 цягаў, ці джынсы, дзе тканіны менш, чым латак і разнастайных аплікацый, і надзенеш. Носіш потым да поўнага вычэрпвання рэсурсу трываласці», — адзначаў уладальнік кальяннай.

Іван любіць жывёл. Мае двух сабакаў, а з нядаўняга часу і нават каня. Пару разоў на тыдзень гарцаваў на ім у манежы і па лясах.

«Я на свабодзе і нават амаль цэлы»

Падчас выбарчай кампаніі 2020 года Іван Мураўёў стаў актывістам каманды вылучэнца на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі. Збіраў подпісы ў яго падтрымку.

Першы раз Івана схапілі 11 жніўня 2020 года, калі ён ехаў здымаць для расійскага выдання «Звезда». У няволі прабыў да 13 жніўня.

«Білі мяне хвіліны дзве, потым закінулі ў камеру, яна называецца «стакан». Там ужо былі тры чалавекі. У аднаго была разбіта галава, ён да яе прыкладваў бел-чырвона-белы сцяг, за які яго ўзялі. Другога чалавека дасталі з машыны, ён проста ехаў некуды. Трэці ехаў на веласіпедзе па веладарожцы», — расказваў ён пра свой нявольніцкі досвед.

«Ноч была вельмі халодная, падлога бетонная, — апісваў утрыманне ў камеры Іван. — Ніколі не думаў, што буду з такой радасцю абдымацца з вялікай колькасцю мужыкоў! Мы абдымаліся, каб сагрэцца. Было нерэальна холадна».

Іван Мураўёў неўзабаве пасля вызвалення. Фота: press-club.pro

Па вызваленні Іван напісаў у фэйсбуку: «Я на свабодзе. І нават амаль цэлы! Сёння бухаем у Кальяннай. Чакаю сяброў і тых, хто выйшаў! Мы цяпер акрамя таго, што нацыя, дык яшчэ і браты!»

Пазней ён даведаўся, што першую нявольніцкую ноч правёў у Фрунзенскай РУУС сталіцы. А трымалі схопленых у спартовай залі.

«Ваня выйшаў з-за кратаў з чорнай дупай і такімі ж чорна-фіялетавымі нагамі… І першае, што ён зрабіў, гэта сказаў: «Дзякуй». Ён падзякаваў незнаёмым людзям, калі дабраўся да свайго дома без красовак у разарванай вопратцы і ўбачыў у пад’ездзе 5-літровую бутыль з вадой, пакет з бінтамі і перакісам вадароду. А на парозе ляжаў камень, каб яго можна было падкласці пад дзверы для тых, каму трэба было ратавацца», — згадала ў фэйсбуку журналістка Любоў Лунёва.

Другі раз Івана затрымлівалі ў жніўні 2021 года, калі выбраўся таксама здымаць. 

Пасля затрымання Мураўёва звольнілі з дзяржаўнага тэлеканала жонку

Па словах сябра, многія гаварылі Івану, каб ён зʼязджаў з Беларусі, але той не хацеў.

Апошнім часам справы з кальяннай ішлі кепска, бо з краіны з’ехалі шматлікія яе наведнікі.

«Яму давялося звольніць некаторых работнікаў, каб застацца на плаву. Працаваў у кальяннай сам», — заўважае ён.

29 жніўня Івана забралі проста з кавярні. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні».

Нагодай для крымінальнага пераследу, як стала вядома па агучванні прысуду, былі Іванавы відэаздымкі для расследавання журналіста Стася Івашкевіча. Сюжэт пад назвай «Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў» паказаў тэлеканал «Белсат» у ліпені.

На наступны дзень па затрыманні Івана звольнілі з СТБ яго жонку.

Мінскі гарадскі суд адправіў прадпрымальніка, відэааператара-фрылансера Івана Мураўёва на 2,5 года ў калонію агульнага рэжыму. Справу разглядала Алена Шылько. Праваабарончай супольнасцю Мураўёў прызнаны палітвязнем.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Затрыманы рухавік кальяннай культуры Мінска Іван Мураўёў

Прызналі палітвязнямі журналістаў Івана Мураўёва і Яўгена Меркіса

«Кальянная» Івана Мураўёва

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Иван/адказаць/
27.12.2022
Знаю Ваню лично, прекрасный человек, очень жаль что такие достойные люди находятся в неволе. А вы ром, если не знаете,то не пизд*те х*йню
1
беларускі квас/адказаць/
27.12.2022
ром, абы плявузгаць, так? што ж вы нясеце, ерунду якую
0
Pasadzi dreva/адказаць/
13.01.2023
Skupljau antikvarijat skrinkami, geta vedaju, russkii rodnoi bil, che mache?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера