Знайсці
01.01.2023 / 15:08РусŁacБел

Чаму некаторыя людзі перажываюць пахмелле цяжэй, чым іншыя. Генетыка знайшла адказ

Нас часам здзіўляе — чаму мне нармальна, а сябар ледзь жывы?

Фота: vecteezy

Хтосьці можа пачувацца горш, хтосьці лепш, а хтосьці (калі пашанцуе) можа наогул не ведаць, што такое пахмелле. Існуе даследаванне, згодна з якім каля 5 % людзей пахмелля не адчуваюць.

Дык чаму так адбываецца? Inverse расказаў, што даследчыкі пачалі вывучаць біялагічныя і псіхалагічныя механізмы, якія могуць уплываць на наш досвед падчас пахмелля.

Біялогія пахмелля

Даследаванні паказваюць, што людзі з варыяцыяй гена ALDH2 звычайна перажываюць пахмелле цяжэй.

Калі мы ўжываем алкаголь, ён расшчапляецца пры дапамозе спецыяльнага ферменту да ацэтальдэгіду — хімічнага злучэння, важнага для з'яўлення сімптомаў пахмелля. Аднак варыянт гена ALDH2 абмяжоўвае расшчапленне ацэтальдэгіду, што прыводзіць да большага назапашвання хімічнага злучэння — і такім чынам да мацнейшых сімптомаў пахмелля.

Узрост і пол таксама могуць уплываць на тое, як перажываецца пахмелле. Нядаўняе анлайн-апытанне 761 нідэрландца паказала, што з гадамі людзі пачынаюць лягчэй пераносіць пахмелле.

Аўтары таксама паведамілі пра адрозненні ў цяжкасці пахмелля ў мужчын і жанчын. Гэтыя палавыя адрозненні асабліва выяўныя ў маладых людзей, прычым маладыя мужчыны (ад 18 да 25 гадоў), як правіла, перажываюць пахмелле цяжэй, чым жанчыны. Аднак пакуль навукоўцы не высветлілі, чаму.

Псіхалогія пахмелля

Пэўныя псіхалагічныя фактары могуць быць звязаныя з тым, як перажываецца пахмелле, — у тым ліку гэта трывога, дэпрэсія, узровень стрэсу. Кожны з гэтых станаў звязаны з «негатыўным ухілам» — тэндэнцыяй да больш негатыўнай інтэрпрэтацыі свету. Вынікі паказваюць, што пахмелле прымушае людзей негатыўна ўспрымаць свет.

Гэта не дзіўна, улічваючы факт, што

алкаголь з’яўляецца сур’ёзным дэпрэсантам.

Такім чынам, пахмелле можа пагоршыць агульны негатыўны ўхіл, у выніку чаго некаторыя людзі адчуваюць сябе горш, чым іншыя.

Як даць рады

Існуе паняцце катастрафізацыі болю — маштабу, у якім чалавек вызначае свой асабісты негатыўны досвед болю.

Даследаванні паказваюць, што людзі з высокім узроўнем катастрафізацыі болю горш успрымаюць і сваё пахмелле. Яны засяроджваюцца на сваіх негатыўных сімптомах і, магчыма, узмацняюць іх. Гэтак жа іншыя даследаванні паказалі, што людзі, якія схільныя ігнараваць ці адмаўляць праблемы, як правіла, не так моцна адчуваюць і сімптомы пахмелля.

Даследаванне таксама паказвае, што стратэгія «пакутаваць разам», суперажываць і дапамагаць адзін другому, палягчае эмацыйныя наступствы пахмелля. 

Але, вядома, найлепшы спосаб пазбегнуць пахмелля — выпіваць роўна столькі, колькі вам камфортна, не перабіраць з алкаголем.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера