Знайсці
01.01.2023 / 23:0014РусŁacБел

«Там п*ц, загінулі сотні». Навагодні візіт Яўгена Прыгожына ў морг можа быць звязаны з паспяховым ударам украінскай артылерыі па Макееўцы

Яўген Прыгожын 1 студзеня палічыў неабходным апублічыць шакуюча натуралістычнае відэа свайго візіту ў морг, куды звозяць загінулых расійскіх байцоў.

Расійскі вайсковы аб'ект у Макееўцы пасля ўдару ўкраінскай артылерыі ўначы з 31 снежня на 1 студзеня. Фота: сацыяльныя сеткі

У навагоднюю ноч Расія традыцыйна спрабавала атакаваць аб'екты інфраструктуры ва ўкраінскай сталіцы і абласных цэнтрах. Украінскае камандаванне заявіла, што ўсе 45 дронаў над рознымі абласцямі краіны збітыя.

Выбухі гучалі ў тым ліку і ў Кіеве. Журналісты гэтым разам не паведамляюць пра сур'ёзныя наступствы. Мяркуючы па ўсім, усе дроны былі збітыя на падлёце да ўкраінскай сталіцы.

У той жа час з паведамленняў расійскіх ваенкараў вынікае, што расійская армія панесла сур'ёзныя страты блізка ад лініі фронту.

«Напэўна, сапсую чытачам навагодні настрой, але павінен прызнаць, што … трагедыі з дзясяткамі загінулых не вучаць гэтых дэбілаў з дыпломамі вайсковых вучэльняў і акадэмій. Тут не напішаш, што менавіта падштурхнула напісаць гэтыя радкі, але тыя, хто ў тэме, ведаюць», — напісаў сёння ваенкар Уладлен Татарскі.

«Цікава, за халатнасць, тупарыласць і пафігізм некаторых генералаў, якія прыводзяць да сур'ёзных наступстваў і гібелі байцоў не толькі на перадавой, але і ў тыле, хто-небудзь калі-небудзь адкажа перад законам?» — паўтарае за ім ваенкар Бяссонаў.

Ніякай інфармацыі ў афіцыйных расійскіх СМІ, што ж здарылася, няма.

Яны абмежаваліся паведамленнем, што ўкраінская артылерыя нанесла ўдар па шпіталі прыфрантавога горада Першамайска, дзе нібыта загінулі шэсць чалавек — інфармацыя расійскіх СМІ з лініі фронту звычайна адрозніваецца крайняй недакладнасцю. Інфармацыю пра ўдар у Першамайску для РІА «Новості» пракаментаваў кіраўнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» Яўген Прыгожын.

У той жа час у мясцовых чатах пішуць, што ўкраінская артылерыя нанесла ўдар па вучылішчы ў Макееўцы пад Данецкам, дзе размяшчаліся расійскія салдаты. Мы сабралі некалькі скрыншотаў.

Мясцовыя жыхары гавораць пра сотні ахвяр — інфармацыя, якую немагчыма пацвердзіць. Такая колькасць ахвяр магчымая толькі ў выпадку, калі ў будынку размяшчалася вельмі шмат вайскоўцаў адначасова, што было б крайне рызыкоўна.

Блогер Анатоль Шарый сцвярджае, што ў Макееўцы загінулі сотні расійскіх вайскоўцаў.

Тэлеграм-канал supernova_plus паказвае, як будынак вучылішча выглядаў да ўдару і пасля ўдару.

Яўген Прыгожын 1 студзеня чамусьці палічыў патрэбным апублічыць шакуюча натуралістычнае відэа свайго візіту ў морг, куды звозяць загінулых расійскіх байцоў.

«Іх кантракт закончаны. Паедуць дамоў — праз тыдзень. У Новы год усе працуюць», — сказаў Прыгожын, гаворачы з журналістамі, якіх прывёз з сабой, у памяшканні, напоўненым чорнымі пластыкавымі мяхамі з целамі.

Яўген Прыгожын падчас навагодняга візіту ў морг. 1 студзеня 2023 года. Скрыншот з відэа

«Яўген Віктаравіч, а хто тут ляжыць?» — пытаецца чалавек за кадрам.

«Тут ляжаць байцы ПВК «Вагнер», якія загінулі на фронце. І якіх з пашанай зараз адвязуць, пакладуць у цынк і павязуць дамоў. Якія загінулі гераічна», — сказаў Прыгожын.

«Вагнер» фармальна лічыцца прыватнай кампаніяй, але фактычна створаны і дзейнічае пры Галоўным разведупраўленні Генштаба расійскай арміі, а сам Прыгожын — асабліва набліжаны да Уладзіміра Пуціна прадпрымальнік, які дзякуючы гэтаму стаў мільярдэрам. Ëн стаў адыгрываць асаблівую ролю ў вайне ва Украіне пасля таго, як рэгулярная расійская армія паказала сваю нізкую баяздольнасць і матывацыю. Прыгожын зрабіў стаўку на вярбоўку зняволеных у турмах, а ваяваць сваіх байцоў матывуе касмічнымі па расійскіх мерках заробкамі.

Нядаўна Прыгожын абараняў двух сваіх байцоў, якія запісалі зварот, у якім брудным крымінальным слэнгам ганілі кіраўніка Генштаба Расіі генерала Валерыя Герасімава за дэфіцыт боепрыпасаў на фронце.

Расійскі шавіністычны ваенкар Бяссонаў пазней дадаў у сябе ў канале: «З нагоды ўдару па Макееўскім ПТВ. Мясцовыя паведамляюць, што ўдар быў нанесены роўна ў 00:01 па нашым часе. Па маіх звестках праціўнік чарговы раз ужыў амерыканскую РСЗА «Хаймарс». Мяркуючы па ўсім, высокае камандаванне да гэтага часу не ў курсе аб магчымасцях гэтай зброі. Спадзяюся, што вінаватыя, якія прымалі рашэнне па выкарыстанні гэтага аб'екта, будуць пакараныя».

Яшчэ пазней расійскія СМІ пацвердзілі, што а 23:58 31 снежня ўкраінская артылерыя нанесла знішчальны ўдар па будынку ПТВ у Макееўцы, дзе размяшчаліся вайскоўцы, мабілізаваныя з Саратаўскай вобласці.

«Ёсць загінулыя і параненыя, дакладная іх колькасць пакуль невядомая», піша Readovka, блізкая да ПВК «Вагнер». 

Поўнае знішчэнне аб’екта ваенкары тлумачаць тым, што ў ім захоўваўся таксама і боекамплект.

Чытайце таксама: «Ты пі*ар». Вагнераўцы звярнуліся да начальніка Генштаба РФ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
192
Панылы сорам
5
Ха-ха
27
Ого
12
Сумна
15
Абуральна
25
0
Развага/адказаць/
02.01.2023
[Рэд. выдалена]
0
Paxlava z fistaškami/адказаць/
02.01.2023
Толик, у гэтым і штука, іх многа, трэба яшчэ многа-многа такіх траплянняў
1
Пздц/адказаць/
03.01.2023
Какие участники чатов грамотные люди. Молодцы!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930