Знайсці
03.01.2023 / 22:10РусŁacБел

Памёр Руслан Хасбулатаў, колішні галоўны апанент Ельцына

Памёр апошні старшыня Вярхоўнага Савета РСФСР і першы спікер расійскага парламента пасля распаду СССР Руслан Хасбулатаў. Яму было 80 гадоў. 

Руслан Хасбулатаў

Руслан Хасбулатаў быў паводле паходжання чачэнцам і, хоць нарадзіўся ў 1942 годзе ў Грозным, дзяцінства і юнацтва правёў у Казахстане, куды ў 1944 годзе быў пагалоўна высланы ўвесь чачэнскі народ. 

Адукацыю Хасбулатаў атрымаў у МДУ на юрыдычным факультэце і пасля зрабіў добрую кар'еру, стаўшы доктарам юрыдычных навук і прафесарам Маскоўскага інстытута народнай гаспадаркі імя Пляханава. 

У палітыку ён прыйшоў, як і многія іншыя тагачасныя інтэлігенты, у часы гарбачоўскай перабудовы, і дабіўся ў ёй многага. Абраўшыся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета РСФСР ад роднай Чачэна-Інгушскай АССР, Хасбулатаў неўзабаве стаў першым намеснікам старшыні расійскага парламента — а старшынёй быў абраны Барыс Ельцын. Пасля таго, як Ельцына ў чэрвені 1991-га абралі прэзідэнтам Расіі, Хасбулатаў узначаліў ВС РСФСР замест яго.

Спачатку ён быў паплечнікам Ельцына, але пасля распаду СССР іхнія палітычныя шляхі ўсё больш разыходзіліся, што прывяло да моцнага палітычнага крызісу восені 1993 года. Тады Хасбулатаў разам з віцэ-прэзідэнтам Аляксандрам Руцкім узначалілі апазіцыю Ельцыну і спрабавалі адхіліць яго ад улады, але пацярпелі паразу. 

Пасля расстрэлу Белага дома ў кастрычніку 1993 года Хасбулатаў разам з іншымі дзеячамі тагачаснай апазіцыі быў на кароткі час арыштаваны і зняволены, але неўзабаве выйшаў па амністыі.

Пасля таго палітычнага значэння ён ужо не меў, хоць часам спрабаваў у палітыку вярнуцца, выказваючы, напрыклад, намеры балатавацца ў прэзідэнты Чачні і ўвогуле ўдзельнічаць у палітычным жыцці сваёй малой радзімы. Але далей за намеры гэта не ішло, і Хасбулатаў да канца жыцця займаўся толькі навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
9
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930