Знайсці
06.01.2023 / 20:021РусŁacБел

«Калі цябе любяць і калі любіш ты». Дзмітрый Гурневіч пра Папу Бенедыкта

Журналіста «Радыё Свабода» Дзмітрыя Гурневіча пахаванне памерлага напрыканцы мінулага года Папы на пенсіі Бенедыкта XVI падштурхнула да разваг адносна ягонага бачання будучыні Царквы і ягоных прагнозаў больш чым 60-гадовай даўніны, якія, падобна, у значнай ступені спраўджваюцца. 

Бенедыкт XVI. Фота: AP Photo/Gregorio Borgia

Гледзячы сёння ў ютубе пахаванне Папы Бенедыкта XVI, узгадаў мой улюбёны серыял — «Малады Папа» з Джудам Лоу ў ролі Папы Піуса XIII. І прыйшоў да высновы, што «малады Папа» Лені Беларда — гэта Ёзаф Ратцынгер. Прынамсі, для мяне.

Ані знешне, ані па форме паводзінаў паміж імі няма нічога супольнага. Тым больш, адно з ключавых пасланняў фільма — складаныя адносіны галоўнага героя са сваімі бацькамі. У Ратцынгера ж з бацькамі былі амаль ідылічныя адносіны.

Але сутнасць абодвух — вельмі падобная. Піусу XIII не патрэбныя былі феерверкі, для яго слова і навучанне Царквы былі найважнейшымі. Ён проста сумленны чалавек, які шукае сябе, а па сумяшчальніцтве святар, які шукае Бога.

Чысты Бенедыкт XVI. Для мяне ён каштоўны акурат як інтэлектуал і манах, а не менеджар.

Пошук Бога ледзь не каштаваў Ратцынгеру пасады выкладчыка. У 1958 годзе малады багаслоў Ёзаф Ратцынгер напісаў артыкул «Неапаганцы і Царква», за які яму моцна дасталося ад іерархаў. У тым тэксце ён прадказаў глыбокі крызіс хрысціянства ў «Старым свеце» і выказаў думку, што «Еўропа, якая ўсё яшчэ завецца хрысціянскай, ужо 400 гадоў з’яўляецца асяроддзем новага паганства», і што Царкве пагражае «ўнутраны дрэнаж».

Малады баварскі тэолаг паставіў пад сумнеў радасную статыстыку пра поўныя касцёлы. Ён бачыў у многіх хрысціянах павярхоўнасць, даніну культуры, модзе. Яны хаця і «называюцца хрысціянамі, але насамрэч ёсць паганцамі».

Раней, да Сярэднявечча, пісаў Ратцынгер, «Царква была супольнасцю людзей, якая брала на сябе пэўнае духоўнае рашэнне. Пасля адбылася змена, бо «быць хрысціянінам стала не ўласнай пазіцыяй і выбарам, а палітычна-культурнай інструкцыяй».

«А ці не варта было б ператварыць Царкву ў меншую супольнасць людзей, якія жывуць адной верай, і тым самым вярнуць ёй аўтарытэт?» — пісаў 65 гадоў таму Ратцынгер.

Будучы Папа яшчэ тады папярэджваў, што калі Царква хоча аднавіцца, то ёй давядзецца адмовіцца ад каштоўных прывілеяў, якія яна атрымала дзякуючы пераплеценасці з публічнай сферай, светам палітыкі. «Толькі тады, калі Царква перастане быць таннай відавочнасцю і зноў пачне быць тым, чым насамрэч з’яўляецца, ёй зноў удасца трапіць са сваёй верай у вушы новых паганцаў, якія жывуць пакуль што ілюзіяй, перакананнем, што яны такімі (паганцамі) не з’яўляюцца».

Каб напісаць такое ў 1958 годзе, трэба было быць смелым мысляром. І ўвесь стыль, які Бенедыкт XVI увёў у Ватыкане, быў такім: цвярозым у думанні, адважным у барацьбе з паталогіямі, якія іншыя хавалі пад дыван, і канцэнтрацыі на тым, што важнае, без эфектнасці і шоу.

Для Бенедыкта XVI, як і для Піуса XIII, важней было мець хай сабе і меншую Царкву, але сапраўдную. 

Хто ведае, магчыма, згасанне хрысціянства ў Еўропе, якое сёння пацвярджае статыстыка, гэта і ёсць аднаўленне Царквы, пра якое пісаў у 1958 Ратцынгер і пра што грымеў з ватыканскага балкона «малады папа» Джуд Лоу.

Дарэчы, герой Джуда Лоу ўсе два сезоны шукаў сваіх бацькоў, што кінулі яго ў дзяцінстве, бо прагнуў адчуць іх любоў. У рэлігійных тэкстах Ратцынгера слова «любоў» адно з ключавых, якое найчасцей паўтараецца. Нездарма ён сказаў свайму біёграфу: «Я заўсёды лічыў за асноўнае ў жыцці, калі цябе любяць і калі любіш ты. Гэта неабходна для таго, каб прыняць сябе і іншых».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
відьмаявідьма/адказаць/
06.01.2023
[Рэд. выдалена]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера