Знайсці
09.01.2023 / 14:1219РусŁacБел

«Вывесці з ужытку». Лукашэнкаўцы вырашылі русіфікаваць і транслітарацыю геаграфічных назваў

Выкарыстанне лацінкі для транслітарацыі нацыянальных геаграфічных назваў на вулічных паказальніках у апошнія месяцы 2022-га актыўна крытыкавалі праўладныя актывісты і блогеры, патрабуючы гэтую практыку адмяніць. Улады абмеркавалі праблему 8 снежня на пасяджэнні Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы. Тады пра рашэнні нічога не паведамлялася — як быццам іх не было. У той жа дзень чыноўнікі запэўнівалі, што транслітарацыя нікуды не дзенецца. Але, падобна, гэта няпраўда. У інтэрнэт трапіў дакумент, які сведчыць, што ўлады ўсё ж вырашылі адмовіцца ад лацінкі, піша Zerkalo.io.

Дакумент апублікавалі ў адным з тэлеграм-каналаў, ён уяўляе сабой дакладную запіску аб выкананні даручэння Лукашэнкі. Па словах крыніцы, аналагічныя дакументы рассылаюцца ў розныя дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку школы, якія павінны даць справаздачу аб выкананні — гэта значыць аб «выключэнні практыкі прымянення лацінкі».

Як гаворыцца ў дакуменце, пасля пасяджэння Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта яе кіраўнік Ігар Сергеенка накіраваў Аляксандру Лукашэнку дакладную запіску, дзе апісаў праблему.

Вось што адзначыў Сергеенка:

— лацінка з дыякрытычнымі (надрадковымі) знакамі выкарыстоўваецца па законе ў адпаведнасці з пастановай Дзяржкамітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта»;

— вулічныя паказальнікі і таблічкі з надпісамі на лацінцы з'явіліся ў асноўным у Мінску ў 2014 годзе перад чэмпіянатам свету па хакеі (прыводзяцца фота такіх паказальнікаў);

— «апошнім часам выкарыстанне такога напісання выклікае крытыку з боку навуковай супольнасці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадскіх актывістаў і блогераў»;

— у зваротах у дзяржорганы такія асобы канстатуюць «навязванне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх ліберальных каштоўнасцяў і культурных традыцый», адзначаюць «складанасць успрымання» лацінкі і беларусамі, і замежнікамі, а таксама тое, што паказальнікі на лацінцы «перагружаюць гарадское асяроддзе».

Як піша далей кіраўнік Адміністрацыі, на пасяджэнні Рады па гістарычнай палітыцы ўсе ўдзельнікі, абмеркаваўшы пытанне, пагадзіліся, што лацінка на паказальніках «ускладняе ўспрыманне інфармацыі і абцяжарвае арыентаванне».

«Пры гэтым было адзначана, што ў яе аснову пакладзены польскі варыянт лацінскай графікі, які з XVI стагоддзя выкарыстоўваўся ў мэтах паланізацыі беларусаў разам з навязваннем каталіцтва», — гаворыцца ў дакладной запісцы на імя Лукашэнкі.

У выніку, піша Сергеенка, Рада прыняла рашэнне адмовіцца ад лацінкі.

«З улікам неабходнасці ўмацавання гісторыка-культурнай супольнасці беларускага народа, недапушчэння прасоўвання чужых пісьмовых традыцый і культурных каштоўнасцяў Рэспубліканскай радай па гістарычнай палітыцы прынята рашэнне рэкамендаваць мясцовым органам улады спыніць прымяненне лацінкі ў назвах вуліц і іншых тапаграфічных аб'ектаў і паступова вывесці яе з ужытку, выкарыстоўваючы толькі дзяржаўныя мовы», — гаворыцца ў дакуменце.

Дакладная запіска Сергеенкі датуецца 14 снежня. Мяркуючы па апублікаваным дакуменце, пасля атрымання гэтай запіскі, 16 снежня, Аляксандр Лукашэнка падпісаў даручэнне № 10/87, якое загадвае дзяржорганам спыніць прымяненне лацінкі. І дзяржорганы пачалі гэта даручэнне выконваць.

Дарэчы, актуальную Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў, зацверджаную той самай пастановай Дзяржкамітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15, цяпер практычна немагчыма знайсці ў адкрытым доступе. З сайта Дзяржкамітэта па маёмасці, які займаецца пытаннямі картаграфіі, яна і зусім выдаленая.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Тамаш/адказаць/
09.01.2023
"Патрыятызм" лукашыстаў - гэта расейскае камунафашыскае шаленства.
1
стоп рашизм, стоп лукашизм!/адказаць/
10.01.2023
Все тоже самое рашистские аккаунты делают на украинских оккупированных землях, все тоже самое лукашисты делают и на беларуских землях - запрещают мову, книги, культуру, образование на родном языке и тд…
3
маскоўскі карфаген будзе знішчаны/адказаць/
10.01.2023
адзіная дзяржаўная мова і сцяна на мяжы з варварскай расеяй!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера