Знайсці
10.01.2023 / 08:03РусŁacБел

Саюзнікі ўгаворваюць Нямеччыну дазволіць пастаўкі танкаў Leopard ва Украіну

Выданне Politico паведамляе, што Францыя і Польшча спрабуюць пераканаць Нямеччыну разблакаваць пастаўкі танкаў Leopard, і Берліну становіцца ўсё больш складана супраціўляцца, асабліва з улікам таго, што Брытанія, па паведамленнях прэсы, разглядае магчымасць адпраўкі ва Украіну сваіх танкаў Challenger 2.

«Калі Вялікабрытанія зробіць гэта, то Берліну будзе значна складаней прыкрывацца цяперашнім аргументам, што ён не хоча дзейнічаць у адзіночку, адпраўляючы цяжкае ўзбраенне», — піша выданне.

«Украінцы вельмі хочуць атрымаць Leopard, таму што іх шмат на складах па ўсёй Еўропе», — сказаў Politico французскі чыноўнік, дасведчаны аб ходзе перамоў.

Так як танкі вырабляюцца мюнхенскай кампаніяй Krauss-Maffei Wegmann, іх пастаўка ва Украіну патрабуе дазволу на рээкспарт ад краіны-вытворцы, то-бок Нямеччыны.

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц заявіў, што па-ранейшаму перакананы ў неабходнасці каардынаваць пастаўкі зброі Украіне з саюзнікамі.

На мінулым тыдні Нямеччына абвясціла, што перадасць Украіне баявыя машыны пяхоты Marder. Гэтая заява была зробленая ў той жа дзень, калі ЗША паабяцалі даць Украіне баявыя машыны Bradley, і праз дзень пасля аналагічнай заявы Францыі, якая мае намер паставіць Кіеву колавыя танкі.

Кіеў даўно просіць і больш цяжкія машыны, такія, як нямецкія танкі Leopard 2, — іх пастаўка стала б значным крокам у падтрымцы Украіны з боку Захаду.

«Нямеччына не пойдзе на гэта адна,— сказаў Шольц. — Нямеччына заўсёды будзе заставацца адзінай са сваімі сябрамі і саюзнікамі… Іншае было б безадказна ў такой небяспечнай сітуацыі».

Раней пра пастаўку Leopard заявіла Фінляндыя.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
22
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031