Знайсці
12.01.2023 / 22:485РусŁacБел

«У беларускай палітыцы паняццямі «агент КДБ» ці «агент Масквы» моцна злоўжываюць»

Журналіст радыё «Свабода» Дзмітрый Гурневіч выказаўся ў фэйсбуку пра затрыманага ўчора палітыка Андрэя Дзмітрыева, які ў нашым грамадстве ўжо больш за дзясятак гадоў мае вельмі неадназначную — хоць для многіх цалкам адназначную — рэпутацыю. Ці слушна на яго чапляць ідэалагічныя цэтлікі? І ўвогуле ці слушна іх чапляць?

Андрэй Дзмітрыеў быў адной з першых ахвяр «пакаяльных відэа» і атрымаў за гэта ад многіх кляймо здрадніка. Сёння ГУБАЗіК прадукуе такія відэа ў прамысловых маштабах і разумныя людзі ведаюць, што не варта звяртаць на гэта асаблівай увагі, бо ў палоне галоўнае выжыць і не нашкодзіць іншым.

У 2010 годзе гэта было навінкай, таму многія, асабліва з палітычнай тусоўкі, не паверылі Дзмітрыеву, што пайсці на гэта ён мусіў выключна таму, што сілавікі шантажавалі яго свабодай блізкага чалавека.

Але кагосьці гэта не пераканала, а камусьці не спадабалася форма яго апраўдання. І з тых часоў да яго прычапілася латка «агента КДБ».

Але не толькі за гэта, яшчэ і за форму вядзення палітыкі.

Палітыкаў я падзяляю на тры гатункі:

1) тыя, хто адчувае рэальнасць, працэсы, настроі людзей і спрабуе ісці ў нагу з грамадствам, не абганяючы яго, але спрабуючы хітра з ім працаваць;

2) тыя, хто адчувае рэальнасць, працэсы, настроі людзей і спрабуе іх змяніць, ідучы насуперак настроям;

3) тыя, хто жыве ў ілюзіі і не разумее ані працэсаў, ані настрояў людзей, і нічога не робіць.

Як журналіст я назіраю за Дзмітрыевым шмат гадоў і адношу яго, бясспрэчна, да першых. (Каб пазбегнуць непатрэбнай дыскусіі, адразу скажу, што ён не мой кандыдат, але я спрабую паглядзець на сітуацыю аб'ектыўна).

Шмат каго бесіць, што ён удзельнічае ў выбарах, піша заявы ў сельсаветы і райвыканкамы, ходзіць туды з людзьмі на прыёмы з чыноўнікамі, да апошняга карыстаўся легальным полем дзейнасці (і не асабліва, дарэчы, з гэтым піярыўся).

Для адных гэтага хапае, каб лічыць яго агентам, бо ён дзейнічае ў рэчышчы сістэмы. Але для Дзмітрыева гэта адзіная форма працы, якую ён лічыць эфектыўнай. Таму ён спакойна размаўляе і з ябацькамі, і з аматарамі Пуціна, бо гэта таксама беларусы, а ў будучыні — патэнцыйныя выбарцы.

І ў беларускай палітыцы такіх палітыкаў будзе яшчэ вельмі шмат, бо гэта проста паспяховая паліттэхналогія. (Роўна з такой ішоў на выбары Віктар Бабарыка).

Хто быў, ёсць агентам ці яшчэ ім стане, спадзяюся, мы некалі даведаемся дзякуючы архівам і іншым дакументам. Нехта, імаверна, прызнаецца і сам. Але

сёння ў беларускай палітыцы паняццямі «агент КДБ» ці «агент Масквы» моцна злоўжываюць. Ім становіцца ледзь не кожны, з кім не пагаджаецца іншы бок.

Гэта ўжо і мем, і з'ява, роўная «закону Годвіна», якая прадугледжвае бессэнсоўнасць далейшай дыскусіі, калі апанент сягае ў ёй да аргумента пра Гітлера і нацызм.

Чытайце таксама:

Затрымалі Андрэя Дзмітрыева

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
0
0
Нейкі сюр/адказаць/
12.01.2023
Згодзен: зусім не абавязкова быць агентам. Дастаткова быць мутным чэлам з сумніўнымі метадамі і незразумелымі мэтамі.
12.01.2023
Дзмітрыеў быў ручны са сваёй партыяй і канкураваў з Канапацкай за пэўнае месца ў сістэме. Перамагла Канапацкая (дарэчы, як возьмуць Канапацкую напрыклад, Гурневіч таксама напіша панегірык пра палітыка які не абганяў грамадства?). Узгадваць 10 год таксама недарэчы, бо праз пакаяльныя відэа ён не адзін прайшоў, Міхалевіч увогуле заявіў пра вярбоўку КДБ (дарэчы, ці заяўляў Дзмітрыеў ?! Не паверу што яго не вербавалі). Праблемы Дзмітрыева не ў 10 годзе, а ў тым, што ён ніколі ніфіга не рабіў, а быў несістэмным спойлерам на выбарах, бяззубым і нецікавым, а таму бяспечным. Узгадаем хто рыхтаваў Караткевіч у 15 годзе і ўсё ўстае на свае месцы. Мне крыху шкада Дзмітрыева, ён падыгрываў сістэме як мог, але яго пасадка была непазбежнай, як і пасадка Канапцкай, калі ўсё пойдзе зусім кепска.
0
Ўўўў/адказаць/
15.01.2023
Я лічу што ад дзмітрыева было больш шкады сістэме чым карысці.
Ен быў за ціханоўскую, ездзіў па весках ды паведамляў людзям пра злачынствы сістэмы
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930