Знайсці
15.01.2023 / 12:415РусŁacБел

«Бегаюць голыя дзеці разам з качкамі і парсюкамі». Беларуска пераехала ў Гватэмалу і расказвае пра гэту экзатычную краіну

У Гватэмалу Вольга пераехала паўтара года таму. Працуе там перакладчыцай з іспанскай і англійскай моў у металургічнай кампаніі. Яна расказала «Нашай Ніве» пра жыццё ў адной з самых бедных, але не танных краін у свеце і тое, што ўразіла ў ёй больш за ўсё.

Фота: асабісты архіў

«Бедныя гватэмальцы ў большасці займаюцца нелегальным гандлем»

Гватэмала — дзяржава ў Цэнтральнай Амерыцы. Мяжуе з Сальвадорам, Гандурасам, Белізам і Мексікай. Абмываецца Карыбскім морам на ўсходзе і Ціхім акіянам на поўдні.

Найбуйнейшая па колькасці насельніцтва з цэнтральнаамерыканскіх рэспублік (тут жыве 17 мільёнаў чалавек), хоць па плошчы ў два разы меншая за Беларусь.

Фота: асабісты архіў

На радзіме Вольга пэўны час працавала выкладчыцай у школе па размеркаванні, потым у амбасадзе адной з азіяцкіх краін і нават рэдактаркай у спартыўнай газеце. 

Гватэмала — не першая незвычайная краіна, у якой жыве Вольга. У 2012-м жанчына працавала ў «Белзамежбудзе» ў Венесуэле. Кампанія ўзводзіла там сацыяльнае жытло, сельскагаспадарчыя аб’екты.

Мясцовыя могілкі. Фота: асабісты архіў

«Гэта было яшчэ пры Чавесе, — расказвае яна. — Пасля паехала ў Беларусь на вакацыі. Тады памёр Чавес, і ў Венесуэле ўвогуле ўсё паляцела ў бездань. Вяртацца не стала, бо ў кампаніі пайшлі скарачэнні».

Вользе падабаюцца незвычайныя краіны і гарачы клімат. Яна гатова ахвяраваць камфортам дзеля краявідаў. 

Беларусам для ўезду ў Гватэмалу дастаткова шэнгенскай візы на паўгода, пры неабходнасці можна атрымаць асобную візу. Пасля можна выехаць за межы зоны чатырох краін — Нікарагуа, Гандураса, Сальвадора, Гватэмалы, — каб заехаць з новым дазволам на 90 дзён.

«Жыву ў паселішчы для супрацоўнікаў кампаніі побач з мястэчкам Эль Эстор, да сталіцы — горада Гватэмала — адсюль каля 160 кіламетраў. У самім паселішчы ў нас ні кафэ, ні рэстаранаў няма, таму я хаджу ў само мястэчка. 

Фота: асабісты архіў

Для гватэмальцаў рускамоўныя ўсе «русас» — беларусаў тут мала, больш расіян і ўкраінцаў. 

Кампаніі, у якую я ехала працаваць, прадаставіла мне невялікі катэдж, арэнду за яго я не плачу (у сталіцы і турыстычных гарадах арэнда невялікага дома стартуе, як правіла, з 400—500 даляраў. — НН). 

Фота: асабісты архіў

З легалізацыяй таксама дапамагала кампанія. Атрымала нешта падобнае да дазволу на жыхарства, але тут яно называецца проста пасведчанне.

У кампаніі ў нас працуюць як рускамоўныя, так і гватэмальцы. Па заканадаўстве не менш за 60 адсоткаў калектыву павінны складаць мясцовыя жыхары», — кажа яна. 

У Гватэмалу Вольга ляцела класічным маршрутам: з Масквы праз Панаму. 

«Квіткі аплачвала кампанія, я не ведаю, колькі пералёт каштаваў, — расказвае яна. — Тут даволі дорага, хаця гэта краіна не першага свету. Пераводзіш у рублі і разумееш, што цэны высокія». 

Больш за ўсё Вольгу ўразіў мясцовы каларыт. 

«Бегаюць голыя дзеці з качкамі і парсюкамі, шмат расліннасці. У параўнанні са сталіцай Гватэмалы вельмі кантрасна, канечне.

Фота: асабісты архіў

Разумею, што ўсюды ёсць бедныя і багатыя, чыстае і бруднае, але там увогуле наўпрост гэта ўсё дзеліцца па зонах. Яны так і называюцца — зоны, іх каля 24. Калі гэта 10-ая зона, то ўсё даволі прыгожа — бліскучыя будынкі, ліхтары гараць, людзі ходзяць з дарагімі сабачкамі. А ў суседняй зоне, напрыклад, можа быць гара смецця і людзі жывуць ледзь не на ёй», — расказвае жанчына. 

Фота: асабісты архіў

Насельніцтва Гватэмалы — сумесь народаў майя, Еўропы і Карыбскага басейна. Чым вышэй у горы, тым большая там прысутнасць культуры майя.

Нашчадкі майя гавораць на 21 мове. Самая шматлікая моўная супольнасць — кічэ. Іспанская для мясцовых жыхароў другая мова, яна з’яўляецца афіцыйнай. 

Шмат гватэмальцаў знаходзяцца за рысай беднасці.

Фота: асабісты архіў

«Бедныя гватэмальцы ў большасці займаюцца нелегальным гандлем і такім чынам выжываюць. 

Неяк ехала ў таксі. Убачыла, што на вуліцы тварам уніз ляжыць чалавек. Кажу кіроўцу, што трэба выклікаць хуткую дапамогу. А ён адказвае, што за гэта возьмуць грошы, таму не трэба. 

Сацыяльная медыцына тут нават не на сярэднім узроўні, а на вельмі нізкім. Вельмі распаўсюджаны наркатычныя сродкі, алкаголь, і ёсць у мяне падазрэнні, што мясцовае насельніцтва ўвогуле горш пераносіць спіртныя напоі. Усё ж індзейцам майя гэта не было ўласціва.

«Русас» тут маюць рэпутацыю людзей, якія п’юць шмат — нас успрымаюць як нейкіх бессмяротных істот. Думаю, што індзейцам майя для таго, каб ахмялець, трэба значна менш алкаголю», — дзеліцца назіраннямі Вольга.

«Людзі тут не ведаюць, што такое аўтарытарная дзяржава»

Жанчыны ў Гватэмале пераважна ходзяць у нацыянальным адзенні, а вось на мужчынах такога адзення Вольга не заўважала. 

Фота: асабісты архіў

Па паслугі яна звяртаецца да беларусак, расіянак і ўкраінак. У мясцовых цырульнях узровень абслугоўвання даволі нізкі, а цэны высокія. 

«У сталіцы неяк стрыгла валасы ў даволі добрым салоне, аддала каля 90 даляраў. Гэта я проста зняла даўжыню, без прычоскі, стрыжка заняла 15 хвілін. У нашым горадзе салонаў для жанчын няма, а вось для мужчын чамусьці барбершопаў хапае», — расказвае яна.

Фота: асабісты архіў

Калі ў гватэмальца запытаць, якія праблемы існуюць у яго краіне, сярод пералічанага будзе карупцыя, адсутнасць справядлівасці, эканамічныя праблемы. 

«Тут, канечне, няма такога, што калі прэзідэнт захацеў заставацца на пасадзе, то ён перапісвае Канстытуцыю. У Гватэмале можна спакойна выказваць сваё меркаванне. Вось, напрыклад, адбываецца нейкая забастоўка. Людзі бяруць некалькі галінаў з дрэва, кладуць на дарогу, перакрываюць такім чынам. Прыязджае паліцыя, яны стаяць, але нічога не робяць, таму што людзі маюць на гэта права. 

Па маіх назіраннях, людзі тут не ведаюць, што такое аўтарытарная дзяржава, сапраўдны ціск на асобу», — кажа яна. 

Праезд у міжгарадскім грамадскім транспарце ў Гватэмале, па словах Вольгі, каштуе каля трох даляраў. Але ім жанчына не карыстаецца, ёй прасцей перамяшчацца на таксі. 

«Звычайна гэта вельмі набіты аўтобус. Называем іх «чыкенбусамі»: хтосьці там вязе качку, індычку, хтосьці — дошкі», — тлумачыць яна.

Адна з самых значных праблем у Гватэмале — высокі ўзровень злачыннасці. 

«У светлы час дня я адчуваю сябе больш-менш бяспечна. У пэўныя зоны жанчыне лепш не заходзіць — могуць абрабаваць. Але вось у суседней краіне — Гандурасе — значна горш з гэтым. Нават з маімі сябрамі там былі непрыемнасці, стралялі, напрыклад, па аўтобусе, у кагосьці дзяўчыну хацелі згвалтаваць. У Венесуэле таксама такое. 

З мінусаў тут яшчэ дрэнная сувязь, нізкая аўтаматызацыя паслуг, сэрвісу ва ўсіх сферах», — расказвае яна.

Крэветкі з Эквадора каштуюць 26 даляраў за 900 грам. Фота: асабісты архіў 

Харчуецца Вольга ў асноўным у сталоўцы і кафэ. 

«Паабедаць у кафэ ў Эль Эсторы будзе каштаваць каля 25 даляраў. Гэта якая-небудзь простая ежа, напрыклад, рыба з рысам, не стэйк і не страва з мноствам складаных інгрэдыентаў. У Мінску за 70 рублёў можна было б добрую страву замовіць. 

Фота: асабісты архіў

Выбар прадуктаў у краме даволі абмежаваны. Ёсць пытанні да гігіены. Людзі часта па ежу едуць у сталіцу», — расказвае Вольга.

 

Яйкі ў мясцовай краме каштуюць ад 5 даляраў за 30 штук. Фота: асабісты архіў

Стэйк ялавічыны ў мясцовай краме можна купіць за 11 даляраў за кілаграм. Фота: асабісты архіў

Вялікая банка ёгурту каштуе ад 4 даляраў. Фота: асабісты архіў

У месяц на харчаванне жанчына траціць каля 500 даляраў. Сюды ўваходзіць харчаванне ў сталоўцы раз на дзень, некалькі паходаў на тыдзень у рэстаран ці кафэ, звычайныя прадукты — крупы, гародніна, садавіна.

Такі пакет манга можна купіць у Гватэмале за некалькі даляраў. Фота: асабісты архіў

«Яшчэ каля 500 даляраў я перадаю сваёй сям’і ў Беларусь. Астатняе трачу на падарожжы ў асноўным. 

Тут сумую толькі па ладзе жыцця, да якога я прывыкла ў Беларусі. Не хапае блізкіх сяброў, любімых краявідаў. Але з гэтым я сутыкнулася б у любой краіне. Тут, мабыць, мне канкрэтна не падабаецца нейкая агульная бюракратычная няўладкаванасць», — падсумоўвае яна. 

Чытайце таксама:

«За пакой з супольнай кухняй — 400 даляраў». Беларуска расказала, як зімуе на Балі

«Мясцовыя не могуць сабе дазволіць жыць так, як прыезджыя». Беларуска пераехала ў Партугалію і расказвае, як там жывецца

«Так, ёсць наркаманы, дык і што?» Як беларуска працуе на хуткай у Варшаве

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Зенон/адказаць/
17.01.2023
Vir,пишите уж лучше на английском.И то понятнее будет
1
Непрочитанное/адказаць/
17.01.2023
Зенон прав .
17.01.2023
Зенон, ku-kish...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера