Знайсці
17.01.2023 / 18:424РусŁacБел

У Гродне царскія казармы рэканструююць пад элітнае жытло

У сярэдзіне мінулага года ў Гродне з аўкцыёну прадалі царскія казармы, пабудаваныя ў канцы XIX стагоддзя. Будынкі выкупіла брэсцкая будаўнічая кампанія «Палессежылбуд». Былыя казармы перабудуюць пад сучасныя шматкватэрныя дамы са столямі да 4 метраў і закрытымі дварамі. Выглядае няблага, але ў гісторыкаў ёсць пытанні.

Казармы на вуліцы Шчорса, дамы нумар 2 і 4, спрабавалі прадаць яшчэ восенню 2021 года. Аднак пакупнік знайшоўся толькі ў маі мінулага года. Праз адсутнасць попыту будынкі прадалі на 80% танней за першапачатковую цану — за 316 тысяч і 280,7 тысячы рублёў адпаведна. Будынкі выкупіла брэсцкая будаўнічая кампанія «Палессежылбуд». 

Фота: Яндэкс панарамы

Згодна з зацверджаным планам, у казарме па Шчорса, 2 будзе 30 кватэр, а ў суседнім будынку — 44. У доме пад нумарам 4 дабудуюць жылы мансардны паверх. 

Так пасля рэканструкцыі мусіць выглядаць былая казарма па адрасе Шчорса, 4

Плошча кватэр у адноўленых будынках будзе ад 27,95 м² да 73,29 м². Пакупнікам прапануюць адна-, двух— і трохпакаёвыя кватэры. 

Так пасля рэканструкцыі мусіць выглядаць былая казарма па адрасе Шчорса, 2

Для кожнай кватэры прадугледжана сваё парковачнае месца, якое будзе ўваходзіць у кошт жылля. 24 машына-месцы будуць знаходзіцца ў падземным гаражы, яшчэ 50 — на вуліцы. 

Двор будзе закрыты для аўтатранспарту. У ім размесцяць дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі і велапаркоўку. Свабодную ад забудовы тэрыторыю азеляняць.

Нягледзячы на тое, што казармы не пойдуць пад знос і сам праект на першы погляд выглядае даволі прывабным, да самой рэканструкцыі ўзнікаюць пытанні. 

Так, напрыклад, гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон яшчэ падчас грамадскага абмеркавання праекта зрабіў заўвагу наконт змянення знешняга выгляду згаданых гістарычных будынкаў.

Гісторык у сваім допісе ў фэйсбуку звяртаў увагу, у прыватнасці, на знішчэнне знешняга выгляду фасадаў тынкоўкай і на дысгарманічныя па прапорцыях вокны.

Дом нумар 4 на вуліцы Шчорса. Верхняе фота: Яндэкс панарамы. Ніжняе: рэндары забудоўшчыка

«Змяненне характэрных элементаў архітэктуры гэтых будынкаў пагоршыць гістарычнае аблічча горада, а гэта супярэчыць ідэям, закладзеным у дэталёвым плане гістарычнага цэнтра Гродна з праектам аднаўлення гістарычнай забудовы», — пісаў гісторык у фэйсбуку.

Забудоўшчык ужо вядзе папярэдні запіс на куплю кватэр, аднак дакладная цана «квадрата» пакуль невядома. Цану агучаць толькі вясною. Скончыць рэканструкцыю «Палессежылбуд» плануе да пачатку 2024 года.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Абы што/адказаць/
18.01.2023
Ну прыгожы навабуд але ў Эўропе так робяць на запраўках. Раю паглядзець як робяць аднаўленне ў Вільні: там бывае і па два паверхі накідваюць але дахі з чырвонай дахаўкі, прыгожыя французкія вокны, мансарды але выгляд застаецца гістарычны і нават паляпшаецца, а гэта звыклы хай так і ня болей.
2
Мойша/адказаць/
18.01.2023
Лепш бы ўжо знеслі ды свой звычайны мапід зрабілі, што то, што гэта - усё лайно!
1
Праўдаруб/адказаць/
19.01.2023
Мойша, у Гародне не мапідаўскае лайно будуюць, а мясцовыя панэлькі ад "Гроднажылбыд" ))) Там побач ужо цэлы квартал такім лайном ужо забудавалі 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера