Знайсці
19.01.2023 / 17:46РусŁacБел

Праваслаўны ў касцёле. Як разьбяр з Беларусі працуе ў каталіцкім храме ў Польшчы

Вялікі чырвоны касцёл знаходзіцца ў цэнтры Беластока — яго бачыў амаль кожны беларус, які жыве ў сталіцы Падляшша. Некаторыя нават заходзілі ўсярэдзіну. Але мала хто ведае, што частка ўбрання храма зробленая рукамі праваслаўнага разьбяра з Беларусі. Цяпер майстар працуе над упрыгожваннем алтара — ужо зробленыя 8 маленькіх фігур, ідзе работа над трыма вялікімі. Выданне Palatno запыталася ва Уладзіміра Чыквіна, як ён прыйшоў да разьбярства, ці лёгка праваслаўнаму працаваць у касцёле і пра што ён горача дыскутуе з ксяндзамі за абедам.

280.jpg

Фота: Palatno

«У нас хлопец абавязкова мусіў умець плесці кошыкі»

Беластоцкая майстэрня Уладзіміра знаходзіцца побач з касцёлам, у невялікім памяшканні, але тут хапае месца і для інструментаў, і для работ, у тым ліку вялікіх фігур анёлаў, якія ўпрыгожаць бакавы алтар ужо гэтай восенню.

«Я шмат чаго зрабіў у гэтым касцёле. Напрыклад, убранне чатырох спавядальняў у неагатычным стылі, два парталы ў галоўным алтары, два невялічкія алтары «Хрыстос Міласэрны» і «Ян Павел ІІ». Я таксама многа зрабіў для комплексу Палаца Браніцкіх. Унутры Палаца Шлюбаў усё, што рэзанае, — маіх рук работа».

Уладзімір працуе пры касцёле каля 20 год — ён перыядычна прыязджае сюды з Беларусі. Агульны ж стаж у разьбярстве — больш за 40 год, ёсць званне народнага майстра. А пачыналася ўсё з пляцення кошыкаў у роднай вёсцы.

«Я родам з вёскі каля Белавежскай пушчы, з Камянецкага раёна. У дзяцінстве амаль увесь вольны час я бавіў у лесе, у тым ліку нешта калупаў нажом па дрэве. Да таго ж у нашай вёсцы была традыцыя, што хлопец абавязкова мусіў умець плесці кошыкі. Дзяўчаты па жаданні, а для хлопцаў гэта было абавязкова, нават не абмяркоўвалася».

Фота: Palatno

Яшчэ ў дзіцячым узросце Уладзімір спаткаў людзей, якія паказалі яму, што такое разьбярства, — гэта былі супрацоўнікі музея ў Белавежскай пушчы і майстэрні пры ёй. Яны далі хлопчыку трошкі памаляваць, пастругаць, пасля чаго будучы майстар захацеў сам выразаць драўляную лыжку. Ён успамінае, што вельмі доўга яе рабіў.

«Пазней спрабаваў розныя іншыя фігуркі рабіць, адну з іх на ўсесаюзную выставу нават забралі. Я тады быў ці ў 9-м, ці ў 8-м класе. Фігурку тую потым згубілі, але пазней, праз 10 год, прывезлі да мяне. Яна зараз стаіць у майстэрні ў Кобрыне на палічцы сярод прац маіх сяброў».

«У войску я пазнаёміўся з таленавітымі разьбярамі з Украіны»

На паліцах беластоцкай майстэрні стаяць гатовыя работы, а таксама мадэлі з пластыліну. Частка сцяны завешана малюнкамі — менавіта з іх пачынаецца працэс стварэння новай фігуры.

«Пасля таго, як мы абмеркавалі з праектантам, што патрабуецца, я раблю малюнкі і нясу іх да эксперта па ўбранні касцёла, які мае тэалагічныя і мастацкія веды. Потым я раблю мадэль з пластыліну і ўзгадняю яе з праектантам. Калі фігура малая, то магу зрабіць пробнік з дрэва, каб паспрабаваць новы матэрыял».

Ва Уладзіміра ўжо ёсць асабістая напрацаваная тэхналогія — як-ніяк 40 гадоў працуе з долатам і сякерай. Аднак і зараз мужчына вучыцца і не саромеецца пра гэта казаць. Бываюць такія задачы, калі трэба адкрываць кніжкі, чытаць, лезці ў інтэрнэт і разбірацца. А вось напачатку прафесійнага шляху такая магчымасць была не заўсёды — пасля школы будучы майстар хацеў паступіць у Бабруйск, але яго забралі ў войска.

«Там я пазнаёміўся з вельмі таленавітымі хлопцамі — разьбярамі з Украіны, з Івана-Франкоўшчыны. Мы і да сёння сябруем. Таму скажу, што ў войску я час не згубіў, бо шмат чаму ад іх навучыўся. Першыя паўгода, канешне, ганялі нас, а потым ужо вечарамі маглі спакойна збірацца, нешта маляваць, рабіць».

Пасля службы Уладзімір паступіў у Віцебск, на мастацка-графічны факультэт. Працаваў у школе, на фабрыцы сувеніраў у Брэсце, у прафесійным вучылішчы ў Кобрыне, у майстэрні пры мясцовым парку, потым мужчыну запрасілі выкладаць на мастацкі факультэт Брэсцкага ўніверсітэта.

Таксама Уладзімір займаўся аднаўленнем традыцыйных рамёстваў. Майстар шмат ездзіў па замежных пленэрах, выставах, семінарах, у тым ліку ў Германію, Аўстрыю, Швецыю, Венесуэлу, на Шры-Ланку, у Індыю.

Фота: Palatno

«Такое зробіш? Тры даляры хопіць?» 

Тры вялікія фігуры, якія стаяць на паддонах пасярод майстэрні, амаль гатовыя. За зіму майстар даробіць іх чыставую абробку і возьмецца за яшчэ дзве.

«Вельмі многа работы было з крыламі. Тут праблема ў тым, што фігура анёла павінна быць лёгкай на выгляд, яна не мусіць быць цяжкай, брылай. І я іх раблю са жніўня. А вось маленькія фігуры робяцца за паўтара-два тыдні, але калі лічыць з праектаваннем, абмеркаваннем, узгадненнем, то працэс расцягваецца на паўтара месяца».

Уладзімір паказвае адну з іх — гэта Юры Матулевіч, ксёндз, які служыў у Вільні і мае дачыненне да Беларусі. Астатнія постаці — святары і святыя з розных эпох і месцаў, у тым ліку Ежы Папялушка, Андрэй Баболя, Станіслаў Костка.

Гэта не першыя работы, зробленыя для галоўнага касцёла Падляшша. А пачалася супраца больш за 20 год таму — як і ўсе ў той час на беларускім прыграніччы, Уладзімір ездзіў у Польшчу гандляваць. Ён прадаваў тое, што сам рабіў з дрэва, — і людзі гэта з задавальненнем куплялі.

«І вось падыходзіць да мяне нейкі чалавек, дастае гатычную дэталь з дрэва і пытае: «Такое зробіш?». Я паглядзеў: «Ну зраблю». «А за колькі? Тры даляры хопіць?». Ён заказаў 50 штук тых дэталяў. Я паехаў дадому, зрабіў, прывёз, а ён дастае крыху іншую дэталь і заказвае ўжо 400 штук. І вось так мы з ім супрацоўнічалі. Гэты чалавек працаваў сталяром у касцёле».

Праз некаторы час той мужчына запрасіў Уладзіміра месяц папрацаваць з ім пры касцёле, потым два і яшчэ два. Так — наездамі — праваслаўны майстар з Беларусі і працуе ўжо больш за 20 год.

«Першае, што я сказаў: «Я праваслаўны». Можа, гэта будзе нейкай праблемай. Але Падляшша — гэта талерантны рэгіён. Галоўнае, каб чалавек быў прыстойны і добры майстар. Так што не было абсалютна ніякай праблемы ў тым, што праваслаўны працуе ў касцёле».

«Я часта бачуся са святарамі, і мы канструктыўна дыскутуем»

Працоўны дзень Уладзіміра пачынаецца з музыкі Баха — яна стаіць на будзільніку. З акна яго кватэры відаць майстэрня і касцёл — паміж імі 35 крокаў, як падлічыў сам майстар. Крыху далей ісці да плябаніі, дзе разам са святарамі беларус снедае, абедае і вячэрае. Перад пачаткам працы майстар надзяе кашулю, якой больш за 100 год.

«Гэтую кашулю мне мой знаёмы пашыў 20 гадоў таму, а тканіне гэтай 90 гадоў, таму можна сказаць, што кашулі каля 110 гадоў. У ёй вельмі добра працаваць, бо пот уцягваецца добра».

Жытло і харчаванне дае працадаўца. Як растлумачылі разьбяру, «заўсёды майстар, каторы рабіў для касцёла, жыў пры касцёле, сілкаваўся пры касцёле».

Фота: Palatno

Фота: Palatno

Праца Уладзіміра. Фота: Palatno

«Я часта бачуся са святарамі, у тым ліку ў сталоўцы, і мы размаўляем на розныя тэмы — рэлігійныя, канфесійныя, пра шлюбы, разводы, хрышчэнне дзяцей і гэтак далей. І няма ніякіх праблем — мы не сварымся, а канструктыўна дыскутуем».

Уладзімір адзначае, што на Падляшшы заўсёды добра ставіліся да беларусаў. Ён ні разу тут не чуў чагосьці накшталт «панаехалі». Для мужчыны Беласток — вельмі ўтульны горад, амаль як Беларусь.

«У Беластоку я хаджу да царквы. Нерэгулярна, але, калі душа патрабуе, я хаджу. Наведваю розныя праваслаўныя храмы, але часцей кафедральны Свята-Мікалаеўскі сабор — ён тут недалёка».

А ў касцёле майстар любіць наведваць канцэрты — нядаўна тут была арганная музыка і харавыя спевы. Таксама, бываючы ўнутры храма па справах, мужчына можа затрымацца, калі пачуе нешта цікавае на імшы, прысесці ціхенька і паслухаць.

«У мяне было добрае выхаванне»

У майстэрні Уладзіміра шмат розных інструментаў. Ёсць нават кавадла. Але больш за ўсё стамесак — і старых, і новых, і пакупных, і самаробных.

«Кожны год з’яўляюцца новыя стамескі, бо для новай працы можа спатрэбіцца новы інструмент. Маю кузню тут — калі чагосьці не хапае, то на месцы і вырабляю. Нешта я купіў, штосьці сам зрабіў, нейкімі інструментамі памяняўся. Напрыклад, — майстар паказвае інструмент з металічнай часткай незвычайнай формы, — вось на гэту памяняўся з літоўцам адным. А мой разец у яго. Разьбяры робяць так».

Майстар кажа, што, каб займацца разьбярствам, трэба ўпартасць і самакрытычнасць, бо калі ты не будзеш бачыць свае памылкі, то і не зробіш нармальную работу — атрымаецца, як кажуць, аматаршчына: «Праца з дрэвам развівае логіку, развагу, цэльнасць натуры».

Уладзімір кажа, што часамі сам сабе зайздросціць — ён займаецца сапраўды ўлюбёнай справай, паездзіў па свеце, працуе для галоўнага касцёла Падляшша. А яшчэ ён з цеплынёй успамінае сваіх бацькоў.

«У мяне было добрае выхаванне. Мы, бывала, са старэйшым братам нашкодзім, але бацькі ніколі на нас не крычалі з-за гэтага. Наадварот, гэта мы шукалі да іх падыход, каб яны з намі загаварылі. Добрае было выхаванне — сам сабе зайздрошчу. І гэта нават зараз сучасны падыход — я бачу, як мая дачка са сваёй дачкой гэтаксама паводзіцца.

Разьбяр спадзяецца, што калісьці вернецца ў сваю родную вёску і адродзіць рамяство пляцення кошыкаў, якое, на жаль, амаль забылася.

Чытайце таксама:

Былы начальнік чыгуначнай станцыі пад Бабруйскам цяпер пляце кошыкі з лазы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера