Памёр актывіст АГП Віктар Калей
Аб'яднаная грамадзянская партыя паведаміла пра раптоўную смерць свайго актывіста, члена Мінскай гарадской арганізацыі АГП Віктара Калея. Яму было 60 гадоў.
Прычынай смерці Віктара Калея стаў ускладнены апендыцыт. Па словах сяброў, 3 дні ён хадзіў у паліклініку, пакуль паклалі ў бальніцу. Учора нарэшце зрабілі аперацыю, але разрыў апендыкса ўжо адбыўся. А сёння, не прыходзячы да прытомнасці, ён памёр.
Такая смерць стала зусім неспадзяванай для ягоных сяброў і блізкіх. Як напісаў адзін з сяброў, палітык і грамадскі дзеяч Сяргей Вазняк, «яшчэ ў мінулую пятніцу былі разам з ім у саўне, пілі піва, будавалі планы на будучыню, жартавалі…»
Віктар Калей займаўся бізнэсам і быў вядомы як актывіст дэмакратычнага прадпрымальніцкага руху. У нулявыя гады ён быў намеснікам старшыні кампаніі «За свабоднае прадпрымальніцтва».
Пахаванне Віктара Калея прызначана на суботу, больш дакладная інфармацыя будзе пазней.





