Знайсці
22.01.2023 / 10:3718РусŁacБел

Беларусы адкрылі ў Вільні карчму ў доме, дзе Каліноўскі збіраўся з паўстанцамі

Былы акцёр РТБД Ілля Ясінскі з паплечнікамі адкрывае ў цэнтры Вільні карчму «1863». У ёй працуюць беларусы, а само месца мае неймаверную гісторыю.

«Шмат людзей прыйшло на дапамогу, бо ім проста спадабалася наша ідэя»

У XIX стагоддзі ў гэтым доме на вуліцы Бакшта, дом 2 (па-літоўску Bokšto, 2) быў адзін з першых гатэляў у Літве, у якім жыў Зыгмунт Серакоўскі. Менавіта тут і збіраліся паўстанцы напярэдадні падзей 1863 года. 

Гэтым гісторыя месца не абмяжоўваецца. У падвале стаіць валун — лічыцца, што гэта паганскі алтар з капішча. Вуліца Бакшта праходзіць на колішняй гары Бакшта. 

«Як я даведаўся, адзін з валуноў — богу піва. Калі мы падключылі піўны апарат, я з павагай і пашанай панёс першы бакал да таго валуна», — расказвае Ілля.

Валун, які стаіць у падвале ў карчме

Уласнікаў карчмы трое. Усе яны прыйшлі ў рэстаранны бізнэс з розных сфер. 

«Ні ў аднаго з нас няма досведу працы ў рэстарацыях.

Сярод нас ёсць арт-дырэктарка, якая займалася ў Беларусі рознымі івэнтамі. Атмасферу, саму ідэю распрацоўвала збольшага яна. Другая ўласніца — настаўніца, якая ўсё жыццё працуе адначасова на некалькіх працах, а заробленыя грошы ўсе ідуць на самастойныя вандроўкі па свеце. У карчме яна займаецца арганізацыйнай працай. 

Калі застойваешся на адным месцы — становішся балотцам, пачынаеш закісаць. Калі займаешся некалькімі рознымі справамі — з'яўляюцца дадатковыя сілы, дзень становіцца максімальна насычаным.

Ды і шырока вядомая формула пра 80% выніку за 20% часу, здаецца, працуе», — тлумачыць Ілля, як з акцёра перакваліфікаваўся ў рэстаратара.

Ілля пераехаў у Літву пасля таго, як на адным з маршаў сілавікі зламалі яму пазванкі, а пасля завялі крыміналку. 

«Першапачаткова мы збіраліся зрабіць у Вільні «сваё месца» для івэнтаў, сустрэч і культурніцкіх праграм. Хадзілі па горадзе, шукалі прыдатнае для гэтага памяшканне. У лістападзе мінулага года зайшлі сюды, у нашу будучую карчму, відаць, што прыгожа, атмасферна, але для нас памяшканне было малым. Спусціліся ўніз — валуны, скляпеністыя столі, драўляная лесвіца, але зноў месца не так шмат, як было патрэбна для культурніцкай прасторы», — кажа ён. 

Уласнік расказаў, што ў гэтым месцы напярэдадні 1863 года збіраліся паўстанцы Кастуся Каліноўскага.

«Паглядзелі ў Вікіпедыі, паразмаўлялі з гісторыкам — сапраўды так. Зверху ў гэтым доме быў гатэль, жыў Серакоўскі — адзін з кіраўнікоў паўстання. І менавіта тут яны збіраліся з Каліноўскім. 

Калі пра гэта даведаліся, дык не здолелі прайсці міма. Вырашылі, што зноў тут павінна быць месца, дзе будуць збірацца паплечнікі. Тут яшчэ і дата сур’ёзная — 160 гадоў з пачатку паўстання. Таму і пытання не ўзнікала, калі рабіць адкрыццё. Канешне, 22 студзеня, у дзень, калі пачалося паўстанне.

Ад моманту атрымання ключа да адкрыцця карчмы часу заставалася мала, таму працаваць прыйшлося шмат, але ж вялікая колькасць людзей прыйшла на дапамогу. Большасць — бескарысліва, проста таму, што спадабалася ідэя, якая аказалася вельмі важнай у гэты час», — расказвае ён. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Я не магу параіць нешта наконт бізнэсу, але магу сказаць, што беларус беларусу беларус»

Ілля з двума іншымі ўласнікамі кінулі кліч: расказалі, што збіраюцца рабіць карчму, — і пачаўся цуд.

«Першай да нас прыйшла дызайнерка-архітэктарка. Мы ёй выкладваем ідэю, а яна, уражаная, кажа, што хоча ў гэтым удзельнічаць, быць карыснай. 

Пасля знаходзім кухара. Ён збег з Беларусі ад крымінальнага пераследу, як і шмат хто з нашай каманды. Прынёс нам рэцэпты, стварыў меню.

Дарэчы, пакаштуйце бульбяныя шарыкі! Гэта як у анекдоце: быў сярод нас беларус, які нацёр бульбу, пачаў яе на патэльні пячы, я толькі паспрабаваў і адразу неверагодная лёгкасць па целе разышлася, усё расквітнела навокал, нібыта свет стаў прыгажэйшы. Гэта пра стравы нашага шэф-кухара. Калі кладзеш у рот — усё нібыта квітнее. 

Потым прыйшоў майстар, які зрабіў шыльду, сталы і шмат-шмат чаго іншага. «Ён таксама «сядзелец». Маглі яго таксама згнаіць у турме, бо чалавек нязломны і вольны, а паглядзіце, якую прыгажосць стварае! Разумееш, што цябе акружылі тут усе тыя ж людзі, з якімі ты выходзіў на маршы ў 2020-м. Яшчэ ў самым пачатку, калі сюды прыехаў, стаў знаёміцца з людзьмі, а яны ўсе з навінаў: і пра таго чытаў, і пра гэтага», — расказвае Ясінскі. 

Увогуле ў карчме ўвесь персанал — беларусы. 

«Дзяўчына, якая займалася падборам супрацоўнікаў, — таленавіты псіхолаг і hr, таксама беларуска, якая прыехала ў Літву пасля 2020 года, а тут нейкі час працавала прыбіральшчыцай, зараз вяртаецца ў сваю дзейнасць, — кажа ён. — Трэба было наладзіць працу бара, не ведалі, як гэта робіцца.

Праз знаёмых знайшлі бармена-беларуса, які працуе тут у адным з самых крутых бараў, пераможца шматлікіх конкурсаў, нават паспеў стаць лаўрэатам у прэстыжным літоўскім конкурсе. Нам ён дапамог зрабіць настойкі. Як там у Бахарэвіча ў «Сабаках Еўропы» было? «Віленскія настойкі ўжо не тыя, канечне». Але мы спрабуем зрабіць, каб яны сталі менавіта «тыя». 

Усе супрацоўнікі карчмы «1863» маюць некалькі прац, асвойваюць новыя прафесіі ў эміграцыі. 

«У 2020-м мы адчулі ўнутры сябе полымя. Усім беларусам цяпер патрэбен рух наперад, бо калі не накіроўваць гэту энергію і не выкарыстоўваць яе, дык пачнецца самаразбурэнне», — разважае Ясінскі.

Ілля кажа, што не можа параіць нешта наконт бізнэсу, але падкрэслівае, што беларус беларусу беларус. 

«Шмат таленавітых беларусаў зараз займаецца не сваёй працай проста таму, што не могуць ляжаць на канапе. І кожны гатовы дапамагчы, нехта проста словам, а нехта велізарным дзеяннем. Таму што ідэя блізкая, тэма важная, проста таму, што мы ўсе беларусы», — тлумачыць ён. 

«Я знаходзіў смак жыцця і задавальненне ў гатаванні»

Ілля заўважае: многія беларусы пасля 2020-га знаходзяцца ў фрустрацыі, не атрымліваюць задавальнення ні ад чога.

«Нібыта прапаў смак жыцця. Я яго неяк знаходзіў у гатаванні. Калі глядзеў, як ядуць госці тое, што нагатаваў, дык атрымліваў задавальненне.

Таксама яшчэ ў студэнцтве я ездзіў працаваць на ўсялякія святы. Шарыкі прадаваў, вату, хот-догі. І там мне падабалася з людзьмі размаўляць, гэта для мяне таксама пра абмен энергіяй.

Цяпер шмат беларусаў, якія хочуць быць карыснымі, але не ведаюць як. Людзі прыходзяць да нас і кажуць, што менавіта гэтага больш за ўсё не хапае — магчымасці быць разам, аб’ядноўвацца», — расказвае ён. 

У першую чаргу для ўласнікаў гэты праект не бізнэс, а важная жыццёвая справа. Ілля адзначае, што калі рабіць гэта як бізнэс, то цэны трэба падымаць у паўтара-два разы. Але так не хочацца. 

«Мы хочам аб’ядноўваць людзей, стварыць утульнае і дамашняе месца, дзе можна знайсці паплечнікаў, паразмаўляць, абмяняцца думкамі і энергіяй, а можа, для некага — і атрымаць зноў смак жыцця. А калі не смак жыцця, дык смак «тых самых, з дзяцінства» дранікаў», — тлумачыць ён.

Цэны ў карчме на стравы сярэднія для кавярань у старой частцы Вільні. Напрыклад, бульбяныя шарыкі — 5 еўра (14 рублёў), сырны суп — 7 (20 рублёў), дранікі — 4 (11 рублёў), салаты ад 6 да 8 еўра (17—22 рублі). 

Ілля з сябрамі палічылі, колькі грошай ім на гэта спатрэбіцца, параіліся з мясцовымі рэстаратарамі-беларусамі і зразумелі, што будзе няпроста, але зрабіць магчыма. 

У карчму тры ўласнікі ўклалі свае накапленні і ўзялі дадатковы крэдыт (ён складае траціну ад агульнай сумы). 

«Пакуль называць лічбы не хачу, — тлумачыць ён. — Калі гэта ўсё акупіцца — тады. У Літве ёсць вялікая колькасць варыянтаў, дзе можна ўзяць крэдыт. Некаторыя з іх даступныя і для беларусаў.

Арэнда памяшкання — 1000 еўра. 

Частка кухні ў нас тут была, таксама не трэба было рабіць вялікі рамонт. Вентыляцыя засталася ад ранейшых арандатараў», — расказвае Ілля.

На пытанне, з якімі цяжкасцямі ён сутыкнуўся падчас адкрыцця карчмы, Ілля кажа, што «цяжкасці былі ў 2020-м, а цяпер проста рушым далей». 

«У актрысы Купалаўскага тэатра Святланы Анікей прачытаў, што аднойчы ёй адзін разумны чалавек даў параду, што, калі табе цяжка, — уяві, колькі за табой продкаў. Яны ўсе стаяць і падтрымліваюць тваю спіну, каб ты не ўпаў. Не забывайце, колькі іх за нашымі спінамі! І Каліноўскі ў тым ліку!» — падсумоўвае ён. 

Чытайце таксама: 

«Калі ты ў паніцы, нельга пераходзіць мяжу». Гутарка з акцёрам Іллём Ясінскім, якому на маршы зламалі пазванкі, а пасля завялі крыміналку

«Трэба год, каб пачаць выходзіць у плюс». Беларуска адкрыла салон штор у цэнтры Варшавы і расказвае, як перазапусціць бізнэс за мяжой

«У Мінску ў нас часта снедалі Знак і Калеснікава». Як беларус адкрыў кафэ ў Вільні

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
мясцовы2/адказаць/
22.01.2023
наша ? гісторыя, так, там усё гэта было
0
Эннот/адказаць/
23.01.2023
Ну хорошее начинание,с богом !
Останется только саму Вильню вернуть и будзе усе як мае быць .
0
Максим Дизайнер/адказаць/
29.01.2023
Эннот

Ай, красавец)Молодец)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера