Знайсці
21.01.2023 / 22:366РусŁacБел

«Хочаш раскруціць мяне на кактэйль?» Эксперымент: жанчына жадае пазнаёміцца

Калі паслухаць жаночых коўчаў з Instagram, то дзяўчына ў лепшым выпадку можа пагардліва зірнуць на патэнцыйнага партнёра — ніякіх знакаў увагі, першых паведамленняў і ўжо тым больш запрашэнняў на спатканні. Ды і стэрэатыпы адышлі недалёка: мужчына — паляўнічы, жанчына — здабыча. Onliner вырашыў праверыць, як насамрэч хлопцы рэагуюць на прапанову пазнаёміцца з боку дзяўчыны. Зыходныя даныя: дзяўчына 29 гадоў, Мінск 2023 года. Для чысціні эксперымента журналісты абралі тры розныя спосабы знаёмства: у грамадскім месцы, у бары і ў дэйтынгавым дадатку.

Спосаб першы. Бесперспектыўны

Пачаць я вырашыла з самага складанага варыянта. І рэч нават не ў тым, хто знаёміцца першым. Толькі ў рамантычных камедыях сітуацыя, калі цябе даганяюць на вуліцы, выглядае прыемна. У рэальным жыцці думка толькі адна: гэта што яшчэ за маньяк? Ён што, не ў курсе пра існаванне інтэрнэту?!

Узімку падстроіць такое знаёмства, здаецца, крыху складаней — хіба што ўрэзацца ў прывабнага хлопца з пакетам мандарынаў, яны разляцяцца па ўсім асфальце, а калі вы пачняце іх разам збіраць, вашы позіркі сустрэнуцца… Ну так, стане хтосьці поўзаць па мінскіх лужынах.

Таму з усіх грамадскіх месцаў я выбрала самае нейтральнае — краму перад закрыццём. У такім выпадку спробу завязаць знаёмства заўсёды можна спісаць проста на залішнюю таварыскасць. Для пачатку — прадуктовая. Якраз надоечы бачыла такую схему ў адным з фільмаў.

Першай «ахвярай» стаў хлопец перада мной на касе, які купляў 10 пакетаў кацінага корму.

— Ого, у кагосьці сёння плануецца свята! — усміхаюся, але хочацца закрыць вочы рукамі і ніколі не вяртацца ў гэтую краму.

У адказ вельмі доўгае маўчанне. І неразборлівы адказ нават без ценю ўсмешкі: «Гэта для коткі маёй дзяўчыны». Свята плануецца, але відавочна не на маёй вуліцы.

Наступная спроба — і зноў правал. Фраза «О, гэта і мае любімыя цукеркі!» не выклікала ўвогуле ніякай рэакцыі. Ну, акрамя маёй зніжанай самаацэнкі, вядома.

Людзі, якія купляюць алкаголь, звычайна больш схільныя да гутарак. Таму мой выбар спыніўся на хлопцу з дзвюма бутэлькамі віна ў руках.

— А вы спрабавалі гэта віно? Не магу вызначыцца.

— Не-а, першы раз бачу. Тут проста пацешная этыкетка.

Дзякуй богу, ён хоць усміхаецца!

— А можа, параіце якое-небудзь сухое чырвонае?

— Ды я наогул у віне не разбіраюся, гэта для паненак. Сам я аддаю перавагу... — нясмелую надзею за секунду знішчаюць яго сябры, якія з’яўляюцца з суседняга аддзела. — О, нам пара. Выбачаюся.

Так, з супермаркетамі ўсё зразумела. Здаецца, гэта цалкам бесперспектыўны варыянт, калі не браць шчаслівы выпадак.

Перамяшчаюся ў будаўнічую краму. Мэта — купіць падаўжальнік. На шчасце, ён мне сапраўды патрэбны, і я ў іх зусім не разбіраюся.

— Малады чалавек, а вы не дапаможаце мне з выбарам... — не паспяваю дагаварыць падрыхтаваную фразу, як у адказ чую: «Тут ёсць прадаўцы-кансультанты, яны вам лепш дапамогуць». Грубавата, але справядліва.

Ён жа не ведае, што нас мог чакаць не толькі пяціхвілінны выбар падаўжальніка, але і светлая сумесная будучыня!

Другі малады чалавек, вельмі спагадлівы, падрабязна адказвае на ўсе мае пытанні. Праўда, наш прыемны дыялог перапыняецца званком, які ён пачынае словамі: «Так, мілая!» Што ж, гэта фіяска.

Больш ніводнай цікавай гісторыі, акрамя таго, што мужчыны 50+ падыходзяць самі. Яны гатовы даць і параду, і свой нумар тэлефона, нават калі іх пра гэта не просіш.

Апошні шанец — крама парфумерыі. Па легендзе я выбіраю духі брату і ніяк не магу абысціся без мужчынскай рады.

— Малады чалавек, вы выглядаеце як той, хто разбіраецца ў парфумерыі. Не дапаможаце мне з выбарам?

Разам спрабуем з дзясятак водараў. Думаю, уяўны брат застанецца задаволены нашым канчатковым варыянтам! Сумесь пахаў ударае ў галаву, таму я працягваю:

— Вы так стылёва выглядаеце. Магу зрабіць здагадку, што вы ведзяце блог пра моду.

У адказ — залівісты смех.

— Або, прынамсі, у вас вельмі прыгожы Instagram.

Цяпер мяне не спыніць. Таму праз пару хвілін у нас ужо ўзаемная падпіска ў сацсетках. Лічу гэта невялічкай перамогай. Але высвятляецца, што герой (не) майго рамана жыве не ў Мінску, а ў суседняй сталіцы.

На гэтым эксперымент з крамамі лічу скончаным. Вынік — нулявы. Але буду думаць, што прычына не ў тым, хто праяўляе ініцыятыву, а ў няўдалым месцы. Ну, і яшчэ ў пухавіку з шапкай — фліртаваць у іх надзвычай складана.

Спосаб другі. Дзёрзкі

Разам з сяброўкай выпраўляюся ў адзін з улюбёных мінскіх бараў. Ён знакаміты не толькі шотамі і танцамі, але і магчымасцю спяваць караоке. Выхадны вельмі дарэчы: люблю натоўп, у ім можна схаваць мае няўдалыя заляцанні.

Дарэчы, у абарону ўсіх мужчын. Гэтулькі жартаў пра фразу «Адна тут адпачываеш?» абсалютна неапраўдана! Калі падыходзіш знаёміцца, гэта сапраўды першае (ды і проста адзінае), што прыходзіць у галаву.

Вось з гэтага і пачынаю. Доўга выглядаю «здабычу» і кіруюся да вельмі высокага хлопца, які ўсё ніяк не можа зрабіць замову ў бары.

— Адзін тут адпачываеш?

— Не, з сябрамі. А ты што, хацела мяне раскруціць на кактэйль?

Ваў. Такога павароту я сапраўды не чакала. Хочацца пажартаваць, што не, толькі на скрыню Moet. Але я стрымліваюся, як магу.

— Ды не. Я сама магу цябе пачаставаць, — гэта ў мае планы не ўваходзіла, але на што толькі не пойдзеш дзеля эксперымента.

 Мяне яшчэ ніводная дзяўчына не частавала. Але я адмоўлюся, а то сябры няправільна зразумеюць.

Логіка для мяне невідавочная, тым не менш не настойваю. Я ж проста ініцыятыўная, але нікога не даймаю. Аднак эксперымент з кактэйлем вырашаю ўсё ж працягнуць.

Выбіраю хлопца ля барнай стойкі, падобнага да заўзятага тусоўшчыка. Ужо ён не павінен адмовіць.

 Прывітанне. А можна я пачастую цябе кактэйлем? У мяне сёння проста добры настрой.

— Так, дзе схаваная камера? Сяброўка твая здымае, так?

— Што-о-о? — раблю бязмерна здзіўлены твар.

— Ды ніколі прыгожая дзяўчына не пойдзе знаёміцца сама. Усё, што ёй трэба рабіць, — гэта сядзець і чакаць. А кактэйль самой купляць — гэта дык наогул нешта нечуванае.

А ён здагадлівы, таму прыадкрываю таямніцу нашага эксперымента і рашуча мяняю тактыку. Прыйшоў час вярнуцца да стратэгіі школьных дыскатэк. Проста запрашаю на танец таго, хто стаіць бліжэй за ўсіх. Хлопец згаджаецца, але размова ніяк не клеіцца: ці музыка грае занадта гучна, ці наша сумяшчальнасць роўная нулю. Наша лаў-сторы заканчваецца на адным танцы.

Каб усё не выглядала занадта падазрона, перамяшчаемся ў іншы бар — і вось яна, хвіліна трыумфу! Сімпатычны малады чалавек з кампаніі хлопцаў увесь час кідае погляды ў наш бок. Перахапляю яго на шляху да бара — на маю прапанову пазнаёміцца ён адказвае з радасцю і без ценю здзіўлення. Праўда, потым аказваецца, што яму спадабалася мая сяброўка. Але гэтую частку эксперымента я ўсё роўна лічу паспяховай.

Выснова толькі па адным вечары: знаёміцца самой у бары можна, але лепш з тым, хто ўжо звярнуў на цябе ўвагу.

Спосаб трэці. Ашчадны для псіхікі

Нарэшце! Больш ніякай прылюднай ганьбы — ціхі ўтульны свет інтэрнэту, дзе заўсёды можна проста націснуць «анмэтч». Здаецца, этыкет дэйтынгавых праграм ужо прымае тое, што першымі пісаць могуць як хлопцы, так і дзяўчаты. Зрэдку трапляюцца экзэмпляры «Права напісаць першым я пакіну за сабой», але гэта выключэнне. Наадварот, часта хлопцы крыўдзяцца на дзяўчат яшчэ ў анкеце. Маўляў, ты не паверыш: калі напісаць першай, рука не адсохне і Зямля не сыдзе з арбіты. Што ж, давядзецца пайсці на рызыку.

Вырашаю пачаць са складаных жарцікаў, прывязаных да анкеты. Але хутка цярплю няўдачу: тры запар выдаленні пары пра нешта ды кажуць. Добра, на хвалю гумару яшчэ трэба настроіцца. Але напісаць «Прывітанне, як маешся?» я таксама не магу сабе дазволіць: нудота.

Да тых, у каго ўвогуле няма ніякага апісання, адразу вырашаю не звяртацца. А вось фраза «Табе не давядзецца гатаваць» выглядае вельмі шматабяцальна. Ага, так і пачну: «Прывітанне, тваё апісанне проста мара!» Адказ атрымліваю даволі хутка. Праўда, і ва ўсёй размове ініцыятыву даводзіцца цягнуць на сабе. Абмеркаванне фірмовых страў і сакрэтаў майстэрства хутка сходзіць на нішто. Ніводнага сустрэчнага пытання — толькі туманная прапанова «пагуляць якніць». Гэта даслоўная цытата.

Міма наступнай анкеты проста немагчыма прайсці: «Будзь нармальнай, пліз. Вельмі не хочацца, каб гісторыя нашай першай сустрэчы трапіла ў калонку анлайнера пра самае трэшавае спатканне». Што ж, у яе ёсць усе шанцы трапіць у іншую.

Хутка высвятляем, што для паспяховага спаткання дастаткова прыйсці цвярозай і не пакутаваць ад млосці прама ў машыне. Я б паслухала гэтую гісторыю ўжывую. Але пытанні зноў вымушана задаваць сама. Праўда, пасля паведамлення «Так ужо і быць. Можаш прыходзіць на спатканачку голая ў плашчы. Калі застудзішся, буду насіць табе апельсінкі» ўсе пытанні адпадаюць.

«Не напісаў? Гэта з-за прыроднай сціпласці» — аўтара гэтай анкеты так і хочацца падтрымаць добрым словам.

— Прывітанне. Нашаму мэтчу ўжо тыдзень. Самы час спытаць: як там твая прыродная сціпласць? )

— Ты засякала час?

— Так, закрэслівала дні на календары!

— Зусім заняцца вам няма чым…

Зразумела. Пачуццё гумару раздавалі ў той жа чарзе, што і прыродную смеласць.

Новая анкета — і першае ваў: «Праехаў аўтастопам усю Ісландыю па крузе за тыдзень». Гэтага цалкам дастаткова як мінімум для інтэрв’ю… Але мы ж тут дзеля знаёмстваў сабраліся: «Прывітанне! Твая авантурнасць уражвае». Суразмоўца тут жа перахоплівае ініцыятыву і пачынае пытацца пра мяне. Прыемна. Размова атрымліваецца вельмі жывой. Перапіска не цішэе некалькі дзён. Але ўсё адно абрываецца на маім адказе, у якім няма пытання.

Няўжо ў праграмах для знаёмстваў ні на секунду нельга перапыняць анкетаванне?

Яшчэ адзін дыялог больш нагадвае кансультацыю па візе. Хоць вельмі падрабязная анкета з апісаннем усіх інтарэсаў нібы абяцае займальную гутарку. Але размова завязваецца толькі вакол падарожжаў, а дакладней, як пры цяперашніх абставінах у іх паехаць.

Але больш за ўсё вабяць, вядома, профілі, якія адразу ў гумар: «Рост 170 сантыметраў, але магу ісці па бардзюры». Вось з пахвалы пачуцця гумару і пачнём размову. І нават адказ «Банжурыкі, красунька» не збівае мой настрой. Люблю людзей, якія ведаюць, што ліміт слоў у праграмах для знаёмстваў не абмежаваны. Дыялог вельмі актыўны, але — сюрпрыз — малады чалавек рыхтуецца да хуткага пераезду ў Польшчу…

«Стаў сардэчка, калі ў цябе ёсць сэрца» — і як можна прайсці міма такой анкеты? Гутарка атрымліваецца ўзорнай, калі не трэба, высільваючыся, прыдумляць пытанні, і размова льецца сама. Гутарым пра ўсё на свеце: пра працу, захапленні, падарожжы. Але нават гэтая бурная плынь вычэрпваецца праз некалькі дзён нават без намёку на спатканне.

Сярэдняя тэмпература па бальніцы такая: на паведамленні ад дзяўчыны хлопцы адказваюць ахвотна, праўда, самі не гатовы праяўляць ініцыятыву і ў далейшай размове. Выключэнні бываюць — часта гаваркога суразмоўцу можна прадбачыць па бойкай анкеце. Мабыць, гэты спосаб найперспектыўнейшы і сапраўды самы ашчадны для псіхікі, але адназначна не хуткі.

А пазнаёміцца можна пры любых абставінах. Рамантычныя камедыі хіба не на рэальных падзеях заснаваны?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
45
Панылы сорам
28
Ха-ха
27
Ого
3
Сумна
11
Абуральна
15
22.01.2023
Нормальная статья. Мне понравилось. Хоть где-то юмор есть, а то эта жизнь...
3
Дейтинг-специалист/адказаць/
22.01.2023
К тридцатнику все парни уже набегались за девушками - результаты не удивительные. У других девушек результаты будут другие, возможно даже диаметрально противоположные.
2
Янка /адказаць/
22.01.2023
Автор, верни мне время потраченное на чтение этой пурги
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930