Збіты машынай у Беластоку беларускі хлопчык выйшаў з комы
З'явіліся падрабязнасці пра стан шасцігадовага Мішы Грынкевіча з Гродна, які быў у коме пасля таго, як трапіў пад машыну ў Беластоку. Стан дзіцяці застаецца цяжкім, аднак хлопчык ужо спрабуе дыхаць самастойна і сказаў першае пасля здарэння слова — «мама».
Маці хлопчыка паведаміла падпісчыкам у інстаграме, што «Мішка да нас вяртаецца». Паводле яе слоў, стан хлопчыка застаецца цяжкім, аднак ёсць невялікія станоўчыя змены. Так, Міша спрабуе дыхаць самастойна і рэагуе на прыход родных: убачыўшы маму, ён заплакаў.
«Я падышла, кажу: «Люблю цябе», ён заплакаў. Мой сын заплакаў і сціснуў руку», — піша Вікторыя Абраменя. Пасля гродзенка дадала, што хлопчык змог прашаптаць слова «мама».
17 студзеня ў Беластоку 22-гадовая кіроўца Toyota на пешаходным пераходзе збіла дзіця, якое пераходзіла вуліцу разам з маці. Хлопчыка даставілі ў бальніцу і ўвялі ў штучную кому. Ён разам з мамай і братам прыехаў у Польшчу на некалькі дзён.
Для дапамогі маленькаму Мішы абвешчаны збор сродкаў.
Чытайце таксама:
«Лекары не спяшаюцца з прагнозамі». Беларускі хлопчык у цяжкім стане пасля наезду ў Беластоку, трэба дапамога





