Знайсці
08.02.2023 / 10:313РусŁacБел

«Прапануюць схему». Як у ПК-17 з палітвязняў і іх сваякоў таемна збіраюць грошы

У шклоўскай калоніі таемна збіраюць грошы з палітвязняў і іх сем'яў, незалежна адзін ад аднаго расказалі «Нашай Ніве» тры палітвязні, якія выйшлі са шклоўскай калоніі. «Каб грошы не пераводзіліся ў фонд ад імя палітвязня, прапануюць пэўную схему».

Шклоўская калонія — тая самая, дзе ў маі 2021 года загінуў палітвязень Вітольд Ашурак. Паводле афіцыйнай версіі, ён нібыта памёр ад спынення сэрца, але родныя палітвязня і раследавальнікі перакананыя ў гвалтоўным характары яго смерці.

ПК-17 прызначана для людзей, якія ўпершыню адбываюць пакаранне. Па інфармацыі «Вясны», там цяпер знаходзіцца не менш за 72 палітвязні. Сярод іх — палітык Павел Севярынец, філосаф Уладзімір Мацкевіч, барабаншчык з маршаў Аляксей Санчук.

У ПК-17 ёсць уласны грамадскі фонд, на які асуджаны (акрамя тых, на кім вісяць выплаты па пазовах) можа ахвяраваць любыя сумы. Гэтыя грошы прызначаныя для рамонту атрадаў. 

Як расказаваюць былыя палітвязні, тыя, хто рэгулярна адлічвае ў фонд, атрымліваюць у калоніі больш прывілеяў: дадатковыя званкі, перадачы, лепшыя пакоі падчас працяглых спатканняў, больш частыя атаваркі і нелімітаваную трату грошай на іх (непублічна), гарантавана станоўчае рашэнне камісіі па датэрміновым вызваленні (калі надыдзе тэрмін УДВ), больш месца ў халадзільніку, прыярытэтнае права карыстацца пультам ад атраднага тэлевізара і выбіраць фільмы для прагляду.

Самыя шчодрыя могуць «купіць» магчымасць увогуле не хадзіць на прамзону.

Акрамя таго, такім мецэнатам дазваляюць некалькі разоў на тыдзень ноччу пасля адбою глядзець футбол на тэлевізары замест сну. Адміністрацыя калоніі паатрадна складае спісы тых, каму гэта дазволена. Таму гэтых мецэнатаў таксама жартаўліва называюць «футбалістамі».

Дапамагаць прапануюць не толькі грашыма, але і, напрыклад, будаўнічымі матэрыяламі ці інструментамі.

«Асуджаны піша на імя начальніка заяву, што хоча дапамагчы калоніі, напрыклад, пяццю кубаметрамі дошкі. Каб такая дапамога не выглядала хабарам, і патрэбная заява. Акрамя таго, такая хітрая схема патрэбная адміністрацыі, каб адрэагаваць на прэтэнзіі самога асуджанага, які не атрымае чаканых ім бонусаў за дапамогу. Яму пакажуць заяву, у якой напісана, што ён добраахвотна дапамог», — тлумачыць былы зняволены ў гэтай калоніі Пятро.

ПК-17 у Шклове. Фота: «Вясна»

Калі асуджаны рэзка перастане пераводзіць грошы з прычыны таго, што сродкі скончыліся або ў яго хутка падыходзіць тэрмін УДВ, і таму бессэнсоўна працягваць фінансаванне, то адміністрацыя калоніі можа пачаць помсціць. Адмовіць ва УДВ, зрабіць некалькі парушэнняў, пасадзіць у ШІЗА, прыбраць пазнаку «стаў на шлях выпраўлення».

Пятро кажа, што ў атрадзе ведаюць, хто мае грошы, а таму, калі сабраных сродкаў недастаткова, насядаюць на заможных сядзельцаў.

«Калі адмаўленец пры грашах, то на яго знойдуць управу. Будуць кідаць у штрафны ізалятар ці не аддаваць пасылкі. Потым прапануюць дапамагчы, выпішуць падзяку і запэўняць, што пагавораць з начальнікам калоніі, каб ён злітаваўся. Такія маніпуляцыі працуюць, бо калонія — гэта тэрыторыя крывадушша. У ёй адной рукой даюць, а другой забіраюць», — тлумачыць Пятро.

У шклоўскай калоніі не так шмат багатых асуджаных, здольных рэгулярна ўносіць «падаткі», мяркуе іншы былы палітвязень Аляксей. Многія ў атрадах маюць вялікія іскі, што забараняе ім ахвяраваць у фонд калоніі да моманту выплаты доўгу, а плацежаздольных без іскаў на кожны атрад усяго некалькі чалавек — 5-10.

(гартайце ніжэй, каб прачытаць працяг)

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Таму адміністрацыя калоніі спрабуе прыцягваць палітвязняў, бо яны ў асноўным матэрыяльна падтрымліваюцца роднымі і, па магчымасці, салідарнымі людзьмі разам з рознымі арганізацыямі. 

Але робяць гэта таемна: супрацоўнікі калоніі казалі вязням, што з асуджаных, якія на прафуліку як схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў, ім забаронена браць грошы.

Як жа гэта адбываецца?

Праз некаторы час пасля размеркавання палітвязня ў атрад да яго падыходзіць «загадчык гаспадаркі» (ці проста «старэйшы днявальны», галоўны актывіст у атрадзе) і кліча на асабістую размову ў атрадным пакоі захоўвання рэчаў. 

Там актывіст звяртае ўвагу на той факт, што ў атрадзе і ўвогуле ў калоніі ідуць рамонты і нібыта не хапае грошай, а самі тэрміны на рэалізацыю рамонтаў павінны хутка скончыцца.

Актывістаў атрада звычайна выбіраюць з ліку пакараных на працяглыя тэрміны за сур’ёзныя злачынствы, напрыклад, забойствы. Гэтыя людзі супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.

«Ад палітычнага звычайна патрабуюць ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч еўра — у якасці разавага плацяжу для пачатку. За гэта абяцаюць проста не тузаць і не саджаць у ШІЗА.

Прывілеі «экстрэмістам» не прапануюць, прапануюць толькі пакінуць цябе ў спакоі на пэўны час да наступнага плацяжу. Калі адмаўляешся адразу, то тады яны гэта запамінаюць і рэгулярна ладзяць табе правакацыі», — дзеліцца Аляксей.

Нары ў ШІЗА ПК-17

Колькі з каго папрасіць, вырашаюць у залежнасці ад узроўню даходаў сваякоў.

Былы палітвязень Мікалай з ціскам праз грошы ў сваім атрадзе не сутыкаўся, але падобныя просьбы гучалі.

«Проста час ад часу «загадчык гаспадаркі» кажа: «Вы ж разумееце, калі мы не выканаем таго, што абяцалі, то ў кіраўніцтва калоніі будуць пытанні, а ці вам гэта патрэбна, таму давайце вырашаць».

Мікалай таксама сведчыць пра тое, што палітычным забаронена пералічваць грошы ў фонд у адкрытую, але яму некалькі разоў гэта ўдавалася зрабіць у абыход.

Каб грошы не пераводзіліся ў фонд ад імя палітвязня, прапануюць наступную схему. Падчас працяглага спаткання палітвязень дае сваім родным кантакт сябра «загадчыка гаспадаркі» калоніі на волі, каб пералічылі яму абумоўленую суму, а той ужо закідвае гэтыя грошы на рахунак загадчыка ў калоніі для наступнага іх пералічэння ў фонд калоніі.

Пры гэтым палітычнаму кажуць, што катэгарычна нельга афішаваць яго прозвішча ў фінансавых аперацыях. Гэта значыць, што

пералічваць грошы сябру актывіста атрада павінен менавіта той сваяк, які не мае прозвішча асуджанага за палітыку. У адваротным выпадку пагражаюць праблемамі. 

Былы палітвязень Пятро расказвае, што замест пераводу грошай маглі прапанаваць купіць у краме швабру, шчотку, вядро, мыйныя сродкі, паперу для атрада. 

Аднак, паводле яго, з восені 2021 года ўдзел палітычных у папаўненні фонду атрада сталі абмяжоўваць. Выключэнні рабіліся для тых, хто ўмеў, напрыклад, маляваць, мог зрабіць насценную газету ці гатовы быў нешта рамантаваць, але такая праца не мусіла быць звязаная з фінансаваннем. 

«Заставалася магчымасць праз некага класці грошы ў фонд, і гэта неафіцыйна ўлічвалася. Аднак у кожным атрадзе ёсць інфарматары, якія дакладваюць адміністрацыі, што адбываецца ў ім», — дзеліцца Пётр.

Калі пачалася вайна ва Украіне, стаўленне адміністрацыі да палітычных стала яшчэ больш жорсткім, кажа ён. Адміністрацыя не зважала, ці дапамагаў хто з іх грашыма калоніі, і адпраўляла ў ізалятар.

«Нават калі палітычны гатовы быў дапамагчы атраду, «загадчык гаспадаркі» адказваў, што яму праблемы не патрэбныя, маўляў, начальнік даведаецца — і яму перападзе. Казалі, што начальнік вырашыў наогул не прымаць дапамогі ад палітычных», — кажа Пятро.

У зону рэгулярна прыязджаюць камісіі з Дэпартамента выканання пакаранняў, пракуратуры і іншыя. Яны ў тым ліку правяраюць выкананне бюджэту на рамонт і абнаўленне калоніі.

«Калі атрадныя актывісты не спраўляюцца з задачай прыцягнення сродкаў і не спраўляюцца з рамонтам у тэрмін, то для ўсяго атрада надыходзіць калектыўная адказнасць. Ад штодзённых маштабных ператрусаў і правакацый да пасадак у ШІЗА і адмоў па замене адбывання пакарання на больш мяккае разам з адменай УДВ», — дзеліцца Аляксей.

Ён лічыць, што гэта адбываецца з дазволу адміністрацыі.

Вядома пра выпадкі, калі некаторыя палітычныя праз ціск пагаджаліся пераводзіць грошы рэгулярна (напрыклад, некалькі дзясяткаў рублёў штомесяц). 

Адзін з палітвязняў кажа, што пералічыць грошы было яго ініцыятывай.

«Мне ўдавалася знаходзіць абыходныя шляхі, каб не заўважыла адміністрацыя. Гэта можа гучыць непраўдападобна, але ў мяне была непрыемная сітуацыя, і трэба было зрабіць такое ахвяраванне. У мяне не было чакання прывілеяў, проста разлічваў на нармальнае людскае стаўленне да сябе».

Былы вязень шклоўскай калоніі расказаў, хто можа быць датычны да гібелі Вітольда Ашурка

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Роман/адказаць/
08.02.2023
[Рэд. выдалена]
3
Даніла. /адказаць/
08.02.2023
Цягам 22 года на калоніі толькі адзін атрад патрапіў у нялііасьць. Падаецца шостый. Але з-за скаргі на сталоўку і іншых выбрыкаў у бок да адміністрацыі. Грошы, якія залічваюцца на фонд атрада сапраўды ідуць на рамонт атрада. Есьць заўхозы і оперы якія сапраўды паспрабуюць напалохаць "шыза". Але тут, як кажуць: "без лаха". Хучэй па вушах езьдзяць каб схіліць да добраахвотнага ўзноску. Месца ў лядоўні, пральная машына, пульт ад ТБ на прыярыцеце ў тых хто іх набываў. Гэта, прабачце, справядліва, паміж іншым.
0
Максим Дизайнер/адказаць/
09.02.2023
Какой ад!Где мы живем?Даже в концлагере концлагеря схематозы. Как у национал-социалистов во время ВМВ
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031