Знайсці
31.01.2023 / 11:107РусŁacБел

«Па выніках апытанняў, сям'я мігрантаў траціць у сярэднім каля 1700 даляраў за месяц». Што сабой уяўляе сучасная Грузія

Калі раней Грузія была чыста турыстычным кірункам, то за апошнія гады сітуацыя змянілася: для дзясяткаў тысяч беларусаў гэта краіна стала выратавальным кругам ва ўцёках ад рэпрэсій і вайны. Што чакае тых, хто пераехаў у Грузію? Пра эканамічную сітуацыю «Наша Ніва» пагутарыла з мясцовай эканамісткай і беларусамі, якія там жылі.

Батумі, Грузія

Уцекачы з Беларусі і Расіі пазітыўна паўплывалі на эканоміку

Грузія ўвайшла ў тройку найбольш папулярных кірункаў эміграцыі беларусаў.

Калі за 2020 год у гэтую краіну ўехала амаль 13 тысяч беларусаў, то ў 2021 — амаль 35 тысяч (тут улічваюцца і турысты, і тыя, хто застаўся жыць). Толькі за першыя тры тыдні вайны ў Грузію заехала без малога 16 тысяч нашых грамадзян.

Пасля абвяшчэння ў Расіі частковай мабілізацыі Грузія стала адной з самых папулярных краін і для ўцёкаў расіян. Толькі за верасень туды прыехала больш за 222 тысячы грамадзян РФ. Насельніцтва самой Грузіі складае каля 3,7 мільёна чалавек.

Велізарны прыток мігрантаў з Беларусі і Расіі не мог прайсці без знаку. Ён не толькі выклікаў небывалы рост ставак на арэнду жытла, але і пазітыўна паўплываў на рост ВУП і ўмацаванне нацыянальнай валюты.

Тбілісі. Фота: vecteezy / felix960588

Кіраўнік Даследчага цэнтра макраэканамічнай палітыкі ISET (Тбілісі) Яраслава Бабіч адзначае, што па выніках 2022 года прырост ВУП Грузіі аказаўся амаль удвая большы, чым прагназавалася.

«У 2021 годзе рост ВУП Грузіі таксама быў на даволі высокім узроўні, што было абумоўлена выхадам з пандэміі. На 2022 год прагназаваўся прырост у 4—5%, але па выніках года мы ўбачылі паказчыкі каля 10%».

Гэта ў першую чаргу абумоўлена масавай міграцыяй людзей з Расіі і Беларусі. Напрыклад, за кошт гэтага амаль у 4 разы павялічыўся аб'ём грашовых пераводаў у Грузію з РФ.

Таксама, па словах эканамісткі, у 2022 годзе добра спрацавала турыстычная сфера. Летась даходы Грузіі ад турызму дасягнулі рэкордных 3,5 мільярда даляраў. Прыязджала шмат турыстаў з Расіі, ЗША, Ізраіля і краін Блізкага Усходу.

Добрыя паказчыкі паказаў гандаль і транспарт. IT-сектар у Грузіі, па словах Яраславы Бабіч, таксама развіваецца, але яго ўзровень далёкі ад Эстоніі ці Беларусі да 2020 года.

(гартайце ніжэй, каб прачытаць працяг)

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«IT у Грузіі не з'яўляецца адным з найважнейшых драйвераў росту эканомікі. У нас гэтыя функцыі выконвае сельская гаспадарка і турызм. Шмат робіцца для развіцця транспартнага сектара, у якім мы бачым добрыя перспектывы.

Сярэдні калідор паміж Кітаем і Еўропай будзе праходзіць праз нашу тэрыторыю. Ідзе будаўніцтва дарог, і наогул у апошнія гады шмат інвестуецца ў гэтую сферу.

Ёсць спадзяванні, што будзе развівацца лагістыка і звязаныя з ёй галіны. Грузія такім чынам можа быць уключана ў ланцужкі дабаўленай вартасці».

Наколькі эканоміка завязана на Расіі?

Вяртаючыся да 2022 года, эксперт адзначае, што, нягледзячы на ўсе асцярогі, сітуацыя ў асноўным пазітыўна адбілася на эканоміцы краіны.

«Каля 80% песімістычных прагнозаў не апраўдалася. Мы меркавалі, што, наадварот, будзе спад ВУП, што санкцыі, накладзеныя на Расію, адаб'юцца на эканоміцы Грузіі. Чакалася, што курс рубля моцна прасядзе, што паўплывае на аб'ёмы грашовых пераводаў.

Таксама мы не чакалі, што будзе такі паток турыстаў з постсавецкіх краін. Прагназавалі паслабленне лары, але ўсё выйшла наадварот», — адзначае эканамістка.

Аднак, нягледзячы на досыць цесныя эканамічныя сувязі з РФ, грузінская эканоміка не так моцна залежыць ад Расіі, як беларуская. Па словах эксперткі, у агульным аб'ёме гандлю на Расію апошнія гады прыпадае каля 11—13% (у Беларусі гэты паказчык дасягнуў 60%). Па агульных паказчыках РФ уваходзіць у тройку асноўных эканамічных партнёраў Грузіі і канкурыруе з Турцыяй і Азербайджанам. На краіны ЕС прыпадае 44% тавараабароту.

Тым не менш, у Грузіі застаюцца асобныя галіны, залежныя ад Расіі.

«Калі казаць пра экспарт прадуктаў з Грузіі, то восем з топ-10 пазіцый будуць звязаныя з Расіяй і Украінай. Напрыклад, 48% экспарту мінеральнай вады прыпадае на Расію. Каля 60% грузінскага віна таксама ішло на РФ. І гэта залежнасць цяпер толькі павялічылася. Таксама на РФ прыпадае значны працэнт экспарту ўгнаенняў і моцнага алкаголю».

Што датычыць імпарту, Грузія моцна залежыць ад паставак пшанічнай мукі з РФ: каля 96% гэтага прадукту завозіцца адтуль. 

Да падзей 2008 года эканоміка Грузіі мела значна большую залежнасць ад Расіі, чым цяпер. Яраслава Бабіч адзначае, што пасляваенны разрыў эканамічных сувязяў з РФ стаў шокам для эканомікі. Асабліва балючым быў удар па вінаробстве, калі РФ увяла забарону на ўвоз грузінскага віна.

«Тады гэтая галіна, практычна цалкам залежная ад Расіі, зачынілася амаль на ўсе 100%. Гэта быў сур'ёзны ўдар, але дзякуючы яму вінаробства ў Грузіі стала мацнейшым, бо пачалася пераарыентацыя на еўрапейскія рынкі.

Аднаўленне эканамічных сувязяў з Расіяй пачалося ў 2013—2014 гадах. З таго часу аб'ём тавараабароту паміж краінамі пачаў расці, але да паказчыкаў 2007 года ўсё роўна не дайшоў», — адзначае экспертка.

Для мясцовых прадстаўнікоў вінаробнага бізнэсу РФ — гэта буйны і ў той жа час не вельмі патрабавальны пакупнік. Паколькі вялікая доля грузінскіх вінаробаў — малы бізнэс, шлях на рынак ЕС для іх занадта складаны і дарагі.

Яраслава Бабіч адзначае, што аб'ём гандлю з РФ па выніках года практычна не змяніўся, але паралельна з гэтым прыкметна вырасла доля гандлю з краінамі, якія ўваходзяць у ЕАЭС.

«Ідзе рост продажу ў такія краіны, як Арменія, Казахстан, Кыргызстан. Гэта дае нам падставу меркаваць, што частка падсанкцыйнага імпарту ў РФ ідзе праз гэтыя краіны», — кажа Бабіч.

Экспертка заўважае, што ў Грузіі нізкая падатковая нагрузка, існуе шэраг ільгот для малога бізнэсу. Усё гэта робіць сыход у ценевую эканоміку не вельмі папулярным.

Буйныя інвестары не спяшаюцца ў Грузію

У Грузіі лёгка пачаць сваю справу. Згодна з рэйтынгам Doing Business 2020, Грузія заняла сёмае месца па лёгкасці вядзення бізнэсу сярод 190 краін.

Таксама ў Грузіі даволі нізкі ўзровень карупцыі. Па гэтым паказчыку яна мае найлепшыя пазіцыі ў рэгіёне. Паводле індэкса ўспрымання карупцыі, яна займае 45 радок у спісе са 180 краін. Для параўнання — Беларусь у гэтым рэйтынгу размясцілася на 81 пазіцыі.

Сярод іншых плюсоў эксперт называе нізкі ўзровень злачыннасці. Грузія, паводле звестак numbeo, у мінулым годзе заняла 18-е месца са 142 краін, Беларусь у ім на 109 месцы.

Такіх поспехаў, па словах Яраславы Бабіч, Грузіі ўдалося дасягнуць дзякуючы рэформам, якія запусціў Міхаіл Саакашвілі.

Тым не менш, буйныя інвестары не спяшаюцца ў Грузію. На думку эксперта, асноўная прычына крыецца ў тым, што Грузія — гэта вельмі маленькі рынак. «Для буйных інвестараў адсутнасць вялікага попыту — гэта праблема», — адзначае яна.

У Грузіі добра развіты малы бізнэс. Апошнія гады ўзрасла колькасць іранцаў, расіян і беларусаў, якія сталі адкрываць там прадпрыемствы.

Што тычыцца сярэдняй зарплаты, то яна ў Грузіі невысокая — крыху большая за 400 даляраў на рукі, тым часам у Беларусі — каля 600 даляраў.

Пры гэтым у Грузіі назіраецца вялікі ўзровень няроўнасці.

Але, нягледзячы на цяжкасці, эканоміка краіны пастаянна развіваецца, кажа Бабіч.

«Пасля крызісу 2014—2015 гадоў, калі моцна праселі цэны на нафту і ўпаў попыт з боку Расіі і Азербайджана, наша эканоміка паказвае рост. Да мінулага года ВУП штогод прыбаўляў па 3—5%».

Назіраецца недахоп працоўнай сілы

Адной з важных праблем сучаснай Грузіі Яраслава Бабіч называе высокі ўзровень міграцыі з краіны.

«Праз гэта назіраецца недахоп працоўнай сілы. Ёсць дэфіцыт кіроўцаў, будаўнікоў, многія спецыялісты з'язджаюць на заробкі ў Еўропу, бо ведаюць, што там можна зарабіць больш. Калі для грамадзян Грузіі адчыніліся дзверы ў ЕС, эміграцыя з часам стала адчувальнай праблемай».

Эканамістка адзначае, што эмігранты з Расіі і Беларусі не вырашаюць гэтай праблемы, бо большасць з іх не мае патрэбы ў працы, паколькі яны працуюць дыстанцыйна і зарабляюць значна лепш за большасць мясцовых.

«Па выніках апытанняў, сям'я мігрантаў траціць у сярэднім каля 1700 даляраў у месяц, што амаль у тры разы больш, чым выдаткоўвае сярэднестатыстычная грузінская сям'я. Гэта, дарэчы, моцна паўплывала на цэны, у першую чаргу на арэнду жылля».

Таксама Яраслава Бабіч указвае на праблемы ў сістэме адукацыі.

«Адукацыя ў нас заўважна дэградавала. Заробкі настаўнікаў самыя нізкія сярод бюджэтнікаў. Настаўнікі ў сярэднім атрымліваюць каля паловы сярэдняга заробку па краіне. Дзяржава імкнецца вырашыць праблему, але гэта патрабуе шмат часу і выдаткаў».

Што думаюць пра Грузію беларусы, якія там жылі?

Беларус, які перад рэлакейтам у Варшаву паспеў некалькі месяцаў пажыць у Грузіі, кажа, што гэта краіна кантрастаў. Па словах мужчыны, там вельмі заўважная розніца паміж тым, як жывуць заможныя слаі насельніцтва і ўсе іншыя.

«Сярэднестатыстычны беларус у эканамічным плане адчувае сябе усё ж такі крыху лепш за сярэднестатыстычнага грузіна. Так, тут ёсць пэўная колькасць заможных, на вуліцах часта сустракаюцца дарагія машыны, але і колькасць тых, хто жыве вельмі сціпла, вялікая. Асабліва гэта заўважна ў рэгіёнах», — кажа суразмоўца. 

Разам з тым мужчына адзначае, што людзі там адчуваюць сабе ў бяспецы праз нізкі ўзровень злачыннасці. З плюсоў — развіты дробны бізнэс, асабліва ў сферы гандлю.

Іншы беларус, які некалькі месяцаў жыў у Батумі, таксама звяртае ўвагу на моцнае расслаенне грамадства. На думку суразмоўцы, нягледзячы на прагрэс, Грузія менш еўрапеізаваная краіна, чым Беларусь.

«Тут горшая інфраструктура, кідаецца ў вочы вялікая колькасць будынкаў, да якіх дабудавалі яшчэ нейкі кавалак. Робяць гэта як для таго, каб павялічыць жылплошчу для новых членаў сям'і, так і для таго, каб здаваць жытло турыстам», — кажа суразмоўца.

Па назіраннях мужчыны, калі не звяртаць увагі на рынкі, то цэны ў крамах на ежу вышэйшыя, чым у той жа Літве. 

Праз нізкія мыты на аўто ў Грузіі даволі неблагі аўтапарк. Аўтамабільны бізнэс развіты ў гэтай краіне ў тым ліку дзякуючы магчымасці не размытніваць аўто цягам 45 сутак. Па такія аўто туды прыязджаюць купцы з суседніх краін, у тым ліку з Расіі.

Таксама з пазітыўнага суразмоўца звяртае ўвагу на неблагі ўзровень бяспекі і стаўленне палiцыi да грамадства. 

Чытайце таксама: Вярнуцца ў Беларусь плануюць 42%. Што паказала даследаванне беларусаў замежжа  

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
5
из Азии/адказаць/
01.02.2023
Аяй,  может Вам пора домой?
02.02.2023
из Азии, может и пора. А вам не стоит указывать кому что делать, тупо чтобы не получить ответ куда пойти.
3
из Азии/адказаць/
03.02.2023
Аяй, Аяй,  Вам никто ничего не указывал что делать, а  вежливо спросили. Однако, судя по ответу  - Вы  типа русский военный корабль. Тогда Вам известно куда. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера