Знайсці
30.01.2023 / 20:116РусŁacБел

Вада ў маладзечанскім ручаі тры разы за тыдзень змяніла колер. Што адбываецца?

У Маладзечне адзін з ручаёў пастаянна мяняе колер. За адзін тыдзень ён быў чырвонызялёнысіні, а ўчора пакрыўся алейнымі плямамі. Мясцовыя жыхары кажуць, што праблемы з гэтым вадаёмам — ці, як яго яшчэ называюць, ліўневаю канаваю — цягнецца не першы год. Маладзечанская раённая інспекцыя Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя гэта пацвярджае. Тэлеканал «Белсат» паразмаўляў пра рознакаляровы ручай з маладзечанцамі, чыноўнікамі, мясцовым журналістам і эколагам.

Крыніца: Мое Молодечно / ВК

Гэты ручай цячэ па вуліцы Святаянскай у Маладзечне. Пяць дзён таму ён пачырванеў — пра гэта напісалі мясцовыя суполкі ў сацсетках. Праз два дні стаў зялёным. Яшчэ праз дзень — сінім. Учора ж пакрыўся алейнымі плямамі. Ручай са Святаянскай упадае ў раку Ушу, а Уша — у Вілію.

«Я тут жыву 9 гадоў, і ўвесь час з гэтаю канаваю нейкія праблемы. Плямамі саляркі пакрываецца часта, смярдзіць бензінам. Але каб так колер мяняла, я першы раз убачыў», — распавёў мясцовы жыхар, прысядзібны ўчастак якога месціцца крыху далей ад месца, дзе ўбачылі рознакаляровы ручай.

Пацвярджае словы маладзечанца і спадарыня Тамара. З ёю размаўлялі журналісты мясцовай «Рэгіянальнай газеты». Тамара кажа, што праблеме гадоў з 20, увесь гэты час па ручаі спускаюць хімічныя адкіды, мясцовыя жыхары пісалі звароты чыноўнікам, аднак, паводле Тамары, «ніякіх пацвярджэнняў, што па канаве цякуць бензін і нафта, быццам не знаходзілі». Пасля дажджу рэчка-ручай пачынае смярдзець.

«У такі час паветра павінна быць свежым і чыстым, а мы, жыхары, проста задыхаемся ад паху бензіну і не выходзім з хатаў ні ў сад, ні ў агарод. Гэта сапраўдная бяда! Алейныя плямы я неаднойчы бачыла на свае вочы. І яшчэ праблемы часам здараюцца ў выхадныя. А ўсе праверкі прыязджаюць у будзень і не пасля дажджу. Можа, таму яны нічога і не знаходзяць?»

Хто можа быць датычны? 

Якія прадпрыемствы месцяцца побач з ручаём, можна пабачыць на мапе. 

Крыніца: «Белсат»

Каля вытоку — на Віленскай, 40 — ёсць трансфарматарны завод «Руэлта» (дачка расійскага завода); маленькая крама, якая прадае аўтахімію; бензастанцыя і крама шынаў. На самой вуліцы Святаянскай ёсць філіял «Мінаблпаліва» (прадпрыемства забяспечвае насельніцтва цвёрдым палівам: дровамі і торфам).

Ручай праходзіць пад пуцеправодам і ідзе ўздоўж чыгункі.

Сама тэрыторыя, па якой ён цячэ, як расказалі на ўмовах ананімнасці ў райвыканкаме Маладзечна, часткова належыць «Электрамодулю», часткова — Маладзечанскай нафтабазе («Беларуснафта — Мінскаблнафтапрадукт»). Але ж абодва гэтыя прадпрыемствы не паблізу ручая. 

«Нам застаецца толькі варажыць на кававай гушчы, бо я, напрыклад, дакладна не магу сказаць, што вось гэткае прадпрыемства дакладна нешта злівае. У мяне толькі здагадкі, як і ў мясцовых жыхароў. Ці ведаюць вінаватага ў раённай інспекцыі? Зноў жа, гэта толькі мае здагадкі. Чарноў адразу ж заявіў, што вінаваты знойдзены. Інспектары кажуць, што насамрэч невядома, хто і што зліў. Яны там самі блытаюцца ў паказаннях. Можна меркаваць, што калі праблеме мінімум з дзясятак гадоў, то ў інспекцыі ўсё ж ведаюць, хто гэта робіць. І проста заплюшчваюць вочы. Чаму? Тут зноў толькі здагадкі. Калі казаць пра нафтабазу, напрыклад, то яна размешчаная не так блізка да ручая. «Руэлта» побач, так. Але «Руэлта» толькі ў 2006-м купіла надзел у Маладзечне, сам завод адкрыўся яшчэ пазней», — распавёў мясцовы журналіст.

Што кажуць ці як блытаюцца чыноўнікі?

На наступны дзень пасля таго, як інфармацыя пра чырвоную ваду стала распаўсюджвацца, «Край.бай» — мясцовы партал, блізкі да ўладаў, — узяў каментар у начальніка Маладзечанскай раённай інспекцыі Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслава Чарнова. Вось што ён заявіў:

«Шкоды прыродзе няма. А вось разгільдзяйства работнікаў аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў ёсць… Яны эканомяць на ўстанаўленні ачышчальных збудаванняў і скідаюць адкіды вытворчасці ў ваду, як правіла, бліжэй да вечара, калі заканчваецца працоўны дзень. Нам ужо вядома, хто гэта зрабіў. Людзі будуць пакараныя, нават пакажам іх па тэлевізары. Ліўневая канава сёння пад пуцеправодам ужо звычайнага выгляду».

Пасля «звычайнага выгляду» ручай змяніўся з чырвонага на зялёны, потым сіні, потым дадаліся алейныя плямы.

Тады патэлефанавалі інспектару Івану Мелюку, Чарноў — ягоны непасрэдны кіраўнік. Іван Мялюк не ведаў, што размаўляе з журналістамі, яны назваліся мясцовымі жыхарамі.

— Хтосьці зліў фарбу. Але там фарбавальнікі не небяспечныя для чалавека і для прыроды. Паводле пратакола выпрабаванняў нашай лабараторыі, там перавышэння ГДК [гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі шкодных рэчываў. — Заўв. рэд.] ні па чым не выяўлена, толькі па ўзважаных часціцах — груба кажучы, гэта той самы пясок. Цяпер у ліўневую канаву ўсё сцякае, дарогі пяском пасыпаюць, гэта ўсё туды… І то, нават па перавышэнне ГДК літаральна на палову адсотка перавышэнне. Усё.

— А алейныя плямы? Мясцовыя жыхары кажуць, што праблеме не менш за дзясятак гадоў.

— Ну а па нафтавых плямах ёсць нюансы. Але на выпуску ва Ушу мы кантралюем… Там УП «Камунальнік». Паводле нафтапрадуктаў перавышэнне было невялікае толькі ў канцы пазамінулага года. А так нічога страшнага няма.

— Мясцовыя кажуць, што гэтая вада разліваецца на агароды.

— Так, можа такое быць пры паводках.

— Дык вы ведаеце, хто вінаваты ў злівах? Чарноў сказаў, што вы ўжо ведаеце.

— Патэлефануйце Чарнову тады і спытайце ў яго. Я пакуль магу толькі сказаць, што ідзе адміністрацыйны працэс.

Чарноў і Мялюк працуюць у Маладзечанскай раённай інспекцыі Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Ёсць яшчэ Маладзечанская міжраённая інспекцыя, якая падпарадкоўваецца Мінскай абласной, а тая — Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Лукашэнку. 

На запыт у міжраённую інспекцыю прыйшоў наступны адказ:

«Прыкметы парушэння прыродаахоўнага заканадаўства на тэрыторыі мясцовасцяў расследуе Маладзечанская раённая інспекцыя Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дадаткова можам паведаміць, што аб праблеме службам вядома, вінаватыя выяўленыя. Жыццю і здароўю грамадзян нічога не пагражае, што пацвердзілі лабараторныя даследаванні вады».

Складана зразумець, ці ведаюць інспектары, хто забрудзіў ручай, ці не. Але Чарноў паабяцаў парталу «Край.бай» назваць вінаватых.

Што думае эколаг?

Беларускі эколаг кажа, што без лабараторных вынікаў аналізаў вады спроба зразумець, хто і што зліў у ручай, — гэта варажба на кававай гушчы. Пасля чырвонай вады эколаг выказваў здагадку, што прычына можа быць у аксідзе жалеза. Пры гэтым распавёў, што хімічных рэчываў, якія могуць афарбаваць ваду, некалькі. Пасля зялёнай эколаг загаварыў пра хром. Пасля сіняй стала больш зразумела, што ў ручай зліваюць фарбу.

«Хутчэй за ўсё, пратэрмінаваную. Гэта досыць небяспечна, але калі б злівалі ўлетку ў спякоту, наступствы маглі б быць больш сур’ёзныя. Цяпер трэба маніторыць рэчку. Можа быць мёртвая рыба, а можа і нічога не адбыцца. Лепш любыя змены фатаграфаваць і адпраўляць у інспекцыю ды журналістам, каб праблема не забылася. Калі б да гэтага часу маглі існаваць грамадскія актывісты, то пробу вады адвезлі б у лабараторыю, і мы б ведалі дакладна, што ў ёй утрымліваецца. Але гэта могуць зрабіць і мясцовыя жыхары».

З 1 лютага ў Беларусі пачынаюць дзейнічаць новыя экалагічныя нормы эксплуатацыі сцёкавых водаў, абавязковыя для юрыдычных і фізічных асоб. Гэта вялікі дакумент на 40 старонак, у якім падрабязна распавядаецца, як ачышчаць сцёкавыя воды. Але ў дакуменце няма ніякай інфармацыі пра адказнасць за парушэнне патрабаванняў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Грышка /адказаць/
30.01.2023
Цяперашняя ўлада будзе дзейнічаць толькі тады, калі вада будзе бел-чырвона-белай.
31.01.2023
Грышка , Нагоняць ябацек і брсм, каб высербалі. А потым памодзюць, бо яны ўвабралі ў сабе вірус экстрэмізму.
1
Максим Дизайнер/адказаць/
31.01.2023
Мы, бИларусики, мирные людзи. травим друг друха то перасоленнай килбасою, то вадой. Мичтаем, штобы у саседа карова сдохла, и всигда в Инстаграме давольны сабой.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера