У Дзятлаўскім раёне жанчына помсціла саперніцы, але памылілася дзвярыма
42-гадовая жыхарка аграгарадка Гезгалы Дзятлаўскага раёна раўнавала сваю аднавяскоўку, думала, што тая спрабуе адбіць яе мужчыну. І ў пэўны момант вырашыла адпомсціць, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Жанчына вылічыла, дзе жыве яе саперніца, і каля восьмай гадзіны раніцы падпаліла ўваходныя дзверы ў адной з кватэр шматкватэрнага дома.
Полымя, на шчасце, заўважыла суседка, і яго ўдалося хутка патушыць. Супрацоўнікі Дзятлаўскага РАУС высветлілі асобу падазраванай.
Але падчас следства аказалася, што жанчына памылілася адрасам і падпаліла не тыя дзверы, бо 46-гадовая пацярпелая толкам і не ведала падазраваную.
Цяпер у дачыненні да падазраванай Дзятлаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам». Санкцыя артыкула прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.





