Знайсці
01.02.2023 / 23:043РусŁacБел

«Марскі кракадзіл», знойдзены на ўзбярэжжы Брытаніі, — самы старажытны прадстаўнік віду. Ён існаваў 185 млн гадоў таму

Эксперты заяўляюць, што адкрыццё гэтай жывёлы дапамагае запоўніць прабел у летапісе закамянеласцяў, і спадзяюцца знайсці больш «марскіх кракадзілаў» таго ж веку, што і Turnersuchus, а таксама старэйшых за яго.

Turnersuchus hingleyae. Фота: Джулія д’Аліўера

Turnersuchus hingleyae — новы від талатазухаў — старажытная «сястра» продкаў сучасных кракадзілаў. Назва новага віду — Turner'suchus 'hingley'ae — паходзіць ад прозвішчаў даследчыкаў, якія знайшлі скамянеласці ў 2017 годзе, — Пола Цёрнэра і Лізі Хінглі. Частка suchus — лацінізаваная форма грэцкага soukhos (кракадзіл). Сёння акамянеласці выстаўленыя ў Музеі Лайма Рэджыса ў Дорсеце ў Англіі, паведамляе Phys.org.

Цёрнэрзух — адзіны дастаткова поўна апісаны талатазух свайго веку, якому прысвоена імя. Жывёла адносіцца да ранняга юрскага — плінсбахскага — перыяду, што быў каля 185 мільёнаў гадоў таму.

У працы, апублікаванай у Journal of Vertebrate Paleontology, эксперты заяўляюць, што адкрыццё новага драпежніка дапамагае запоўніць прабел у летапісе закамянеласцяў, і мяркуюць, што талатазухі, як і іншыя віды кракадзілаў, павінны былі ўзнікнуць прыкладна ў канцы трыясавага перыяду — прыкладна на 15 мільёнаў гадоў раней, чым калі жыў знойдзены цёрнэрзух.

«Падчас публікацыі нашага артыкула, [у Часопісе афрыканскіх навук аб Зямлі] была апублікаваная іншая праца, якая апісвае чэрап талатазуха, знойдзены ў пячоры ў Марока, з гетангскага — сінемюрскага перыядаў (яны папярэднічаюць плінсбаху), што пацвярджае гэтую ідэю. Я чакаю, што мы працягнем знаходзіць больш старажытных талатазухаў і іх сваякоў. Наш аналіз паказвае, што талатазухі, верагодна, упершыню з'явіліся ў трыясе (першы геалагічны перыяд мезазойскай эры, больш за 200 млн гадоў таму — заўвага НН.) і перажылі масавае выміранне ў канцы трыясу», — кажа суаўтар навуковай працы, доктар Эрык Уілберг, дацэнт кафедры анатамічных навук Універсітэта Стоўні-Брук.

Тым не менш, раскопкі ў трыясавых пародах яшчэ не выявілі талатазухаў, а гэта значыць, што пакуль існуе толькі «ілюзорны радавод» (калі даследчыкі мяркуюць, што жывёлы павінны былі існаваць, але яшчэ не знайшлі гэтаму матэрыяльных доказаў).

Хто такія талатазухі і чым адметны від цёрнэрзуха

Thalattosuchians у прастамоўі называюць «марскімі кракадзіламі», хоць яны і не належаць да віду Crocodylia, а маюць з ім больш далёкае сваяцтва. Некаторыя талатазухі вельмі добра адаптаваліся да жыцця ў акіянах: у іх кароткія канечнасці, ператвораныя ў ласты, хваставы плаўнік, падобны да акулавага, саляныя залозы і, магчыма, яны таксама мелі здольнасць нараджаць жывых істот (а не адкладаць яйкі).

Turnersuchus цікавы тым, што многія з вышэй названых асаблівасцяў у яго яшчэ развіліся не цалкам. Ён жыў у юрскім акіяне і паляваў на марскіх дзікіх жывёл. І з-за сваёй адносна доўгай тонкай пысы быў бы падобны вонкава да сённяшніх гавіяльных кракадзілаў, якія водзяцца ва ўсіх асноўных рачных сістэмах паўночнага Індыйскага субкантынента.

«Аднак, — кажа суаўтар доктар Пэдра Годай з Універсітэта Сан-Паўлу ў Бразіліі, — у адрозненне ад кракадзілаў, гэтыя драпежнікі даўжынёй прыкладна два метры жылі выключна ў марскім прыбярэжжы. І хоць іх чарапы знешне падобныя да сучасных гавіялаў, гэтыя паўзуны былі пабудаваныя зусім інакш».

У талатазухаў былі асабліва вялікія надскроневыя адтуліны — частка чэрапа, у якой знаходзіліся мышцы сківіцы. Адпаведна, цёрнэрзух і іншыя талатазухі мелі павялічаныя сківічныя цягліцы, якія, хутчэй за ўсё, дазвалялі хутка кусаць; верагоднай здабычай паўзуноў маглі быць рыбы, якія хутка рухаюцца, ці галаваногія малюскі. Таксама магчыма, што, як і ў сучасных кракадзілаў, надскроневая вобласць цёрнэрзуха выконвала тэрмарэгулятарную функцыю — дапамагала падтрымліваць тэмпературу мозга.

Дзезнайшлі цёрнэрзуха

Знаходка выявілася падчас маштабных раскопак на юрскім узбярэжжы ў Дорсеце, Вялікабрытанія (а дакладней — у чармуцкай фармацыі цвёрдых парод). Даследчыкі знайшлі часткі галавы, пазваночніка і канечнасцяў «марскога кракадзіла».

Гэтыя скалы і пляж на паўднёвым узбярэжжы Англіі сталі сінонімамі такіх знаходак. Там выявілі рэшткі іхтыязаўраў, плезіязаўраў, а таксама найбольш добра захаванага дыназаўра, знойдзенага ў Вялікабрытаніі, — скалідазаўра. І гэта толькі некаторыя з адкрыццяў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
01.02.2023
Маленечкае назіранне - "марскія дзікія жывёлы" ў Юрскім перыядзе. Наўрад тады былі хатнія :) Хаця хто там памятае - гэта ж было так даўно!
02.02.2023
Абу, imavierna mielasia na ūvazie "drapiežnyja". Bo niejkija ž i Soniejkam charčavalisia. :) 
0
Gorliwy Litwin/адказаць/
24.05.2023
Талатазухі - сапраўдныя зухі!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера