Знайсці
06.02.2023 / 18:076РусŁacБел

«Мы жылі ў пекле». Мінчанка памяняла ўжо пяць адрасоў, і ўсюды на яе скардзяцца суседзі

У рэдакцыю выдання «Анлайнер» звярнуліся жыхары Мінска, якія ўжо не першы месяц канфліктуюць са сваёй суседкай. Па іх словах, яна пакідае ў пад'ездзе запіскі, стукае па начах па сценах, рэгулярна выклікае на іншых жыхароў міліцыю і нават адключае ў іх кватэрах электрычнасць. Як аказалася, яны далёка не першыя, хто з гэтым сутыкнуўся: жанчына памяняла ўжо пяць адрасоў, і ўсюды здаралася нешта падобнае. 

«Міліцыя прыязджала амаль кожны дзень»

Гэтая гісторыя пачалася ў ліпені мінулага года, калі ў звычайны дом на вуліцы Лесі Украінкі засяліліся новыя суседзі — пажылая жанчына са сваёй дарослай дачкой.

Першы час, калі ў іх кватэры ішоў рамонт, усё было больш-менш спакойна: ва ўсякім разе, канфлікты ў новых жыльцоў здараліся толькі з будаўнікамі. Але гэта не здавалася чымсьці асаблівым. Аднак ужо ў жніўні адбылася першая непрыемная размова.

«Восьмая раніцы, званок у дзверы. Суседка забегла з прэтэнзіяй: «У вас усю ноч гучна працаваў тэлевізар». Я запэўніла, што была дома адна і не шумела. На што яна адказала: «Таццяна, так нельга пачынаць знаёмства». А я ж ніякая не Таццяна… — не без усмешкі заўважае Марына з кватэры зверху. — Яна ўсё не сунімалася, казала, што ў мяне гудзе ноўтбук, хоць я пакінула яго ў офісе. Пасля гэтага я зразумела, што апраўдвацца бессэнсоўна, і параіла шукаць крыніцу гуку ў іншым месцы».

Знаёмства працягнулася рэгулярнымі выклікамі міліцыі: жанчына скардзілася на шум нават тады, калі ў кватэры нікога не было. Марына ўспамінае, што ў нейкі перыяд людзі ў форме з'яўляліся на парозе ледзь не кожны дзень.

«Яна чатыры разы вешала на нашы дзверы запіскі. Крычала, што мае дзеці скачуць па пакоях, як кенгуру, ад чаго ў яе ўтварыліся расколіны на столі. Яна нават звярталася ў ЖЭС, каб зафіксаваць пашкоджанні. Праўда, камунальнікі так нічога і не знайшлі».

Але на гэтым спіс нечаканых гасцей не скончыўся. Пасля поўначы ў дом наляцелі пажарнікі: суседка паведаміла, што ў кагосьці нешта гарыць. Праўда, трывога была несапраўднай.

«У кастрычніку прыязджала аварыйная служба — нібыта мы топім кватэру знізу. А ў нас та суха, — расказвае Аляксандр, муж Марыны. — На наступны дзень я спусціўся да гэтай дамы і папрасіў упусціць мяне, каб паглядзець, ці праўда мы яе заліваем. На бяскрыўдную просьбу яна адказала: «Закрый свой рот і вяртайся дадому. Нічога паказваць я не буду». Увечары давялося набраць 102, каб у прысутнасці супрацоўнікаў азнаёміцца з падтапленнем. Практычна ў гэты ж час суседка таксама балабоніць у міліцыю — нібыта я лез да яе ў кватэру. На абодва выклікі прыехаў адзін участковы. Пратакол у дачыненні да мяне так і не быў складзены, але і на патоп паглядзець не ўдалося. На гэтым гісторыя замялася».

Тым часам вір разборак зацягваў і іншых жыхароў. Напрыклад, у Людмілы і яшчэ некалькіх «шчасліўчыкаў» электрычныя прыборы, на думку суседкі, аказаліся няспраўнымі: без канца гулі і стваралі нейкія вібрацыі, якія павольна, але дакладна забівалі пажылую жанчыну (кампетэнтнымі службамі гэты факт пацверджаны не быў). У адплату яна перыядычна залазіла ў чужыя шчыткі і адключала электрычнасць у «варожых» кватэрах. У выніку адзін шчыток цяпер на замку, а другі абаронены самарэзамі.

«Па начах яна стукае па батарэях і сценах. Зусім нядаўна, каля чацвёртай раніцы, стаяў такі грукат, што я аж падскочыла ў ложку. Сэрца шалёна калацілася, а ў мяне і так праблемы з ціскам, — уздыхае Святлана, яшчэ адна ахвяра канфлікту. — Гэта яна так па падаконні ляпала, уяўляеце?»

Барацьба паміж суседзямі не спыняецца ўжо паўгода: агульны вораг згуртаваў насельнікаў дома як ніколі раней. Яны напісалі некалькі заяў у міліцыю (у тым ліку адну калектыўную). Адказы, праўда, прыйшлі вельмі несуцяшальныя: «Падчас праверкі не атрымана звестак, якія сведчаць пра тое, што дзеянні грамадзянкі насілі супрацьпраўны характар. З ёй праведзеная прафілактычная гутарка і растлумачаныя патрабаванні правіл карыстання жылымі памяшканнямі».

Герояў публікацыі гэта не спыніла, і яны пайшлі далей — на асабісты прыём да кіраўніка раённай адміністрацыі. Пасля размовы з ім справа як быццам зрушылася з мёртвай кропкі: да суседкі нават наведвалася брыгада медыкаў, каб праверыць яе ментальнае здароўе. Праўда, дзверы яна ім так і не адчыніла, затое на нейкі час супакоілася. Але ці надоўга?

«Ад адчаю нават у царкву хадзіла»

Як стала вядома суразмоўцам «Анлайнера», за сваё жыццё іх суседка памяняла ўжо як мінімум пяць адрасоў. Прычым кожны яе пераезд суправаджаўся падобнымі адзін на аднаго скандаламі. Настасся (імя змененае) пакутавала ад інтрыг эксцэнтрычнай мінчанкі далёка не адзін год:

«Усё пачалося з добразычлівых просьбаў: нібыта нам трэба праверыць электрапрыборы — яны няспраўныя і перашкаджаюць ёй спаць. Я пайшла ёй насустрач, замяніла па ўсёй кватэры праводку, купіла новую пральную машыну, халадзільнік, мікрахвалёўку… увогуле, зрабіла ўсё, што ад мяне залежала. Але гэта не дапамагло. Яна працягнула скардзіцца, пісала ў ЖЭС заявы наступнага зместу: «У іх у канапе скрынка, праз якую ў мяне з'яўляецца вібрацыя ў палавых органах». Я сама ўсё гэта чытала. Маўляў, я ёй жыць не даю: куды б яна ні села, яе ўсюды б'е токам, і ў гэтым вінаватая я. Некалькі разоў да мяне дадому прыходзілі нейкія людзі, вымяралі нешта ў разетках — ніякіх праблем не знайшлі».

Ну а далей усё ішло па класічным сцэнарыі: рэгулярныя выклікі міліцыі, самавольныя адключэння электрычнасці…

«Па начах яна брала малаток і стукала па маіх металічных дзвярах, ды так моцна, што на іх заставаліся ўвагнутасці. Вы не ўяўляеце, як гэта было страшна. Асабліва калі ў цябе двое маленькіх дзяцей…»

Са слоў Настассі, суседка трымала ў жаху ўвесь пад'езд. А аднойчы ўдарыла яе мужа апалонікам па галаве. Мабыць, яно і не дзіўна: жанчына часцяком білася нават з уласнай дачкой — сінякі, перавязаныя рукі былі нормай.

«Я не ведала, як ад яе ўратавацца. Ад адчаю нават у царкву хадзіла, прасіла: «Божанька, зрабі з гэтым што-небудзь». Мы рэальна жылі ў пекле».

Вядома, мірныя спосабы ўздзеяння Настасся таксама пераспрабавала: ЖЭС, РУУС, а пасля і суд. Падала каля 20 заяў, і апошнія тры былі задаволеныя. Суседку прызналі вінаватай у парушэнні тых самых Правіл карыстання жылымі памяшканнямі. Праўда, пакаранне нельга назваць суровым: усе штрафы пацягнулі на 12 базавых. Затое гэта падштурхнула жанчыну прадаць сваю кватэру і рэціравацца.

«Калі мяне знайшлі яе цяперашнія суседзі і папрасілі дапамагчы, мяне ахапіў істэрычны смех. Столькі гадоў прайшло, а нічога не змянілася».

«Вы мяне з кімсьці пераблыталі»

Пагутарыць з галоўнай гераіняй матэрыялу ўдалося не адразу. Званок у яе адключаны, а дамафон не працуе. Прыйшлося абмежавацца гутаркай па тэлефоне.

— Добры дзень. У нашу рэдакцыю звярнуліся вашы суседзі, якія сцвярджаюць, што ў вас з імі зацяжны канфлікт…

— Якія суседзі звярнуліся? З нагоды чаго? Ніякага канфлікту ў мяне няма… — з дынаміка смартфона данёсся здзіўлены голас.

— Як няма? Вы ж рэгулярна скардзіцеся на іх у міліцыю, заявы пішаце.

— Няпраўда. Нічога не пісала, у міліцыю не звярталася.

— А яшчэ кажуць, што вы па начах стукаецеся ў сцены, спаць замінаеце…

— Я што, з глузду з'ехала, ці што? Вядома, не. А чацвёртай ночы стукаю па сценах… Вы ведаеце, вы, напэўна, памыліліся.

— Ну як жа памыліліся, вы ж жывяце па адрасе <…>?

— Цяпер я знаходжуся ў сястры. Там мяне няма. Слухайце, а адкуль у вас тэлефон?

— Суседзі далі.

— Якія?

— Вашы.

— Вы, напэўна, мяне з кімсьці пераблыталі. Усё, што вы сказалі, я першы раз чую. Прабачце, калі ласка, усяго добрага.

У трубцы пачуліся гудкі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Тэкля/адказаць/
06.02.2023
Праблемы з псіхічным здароўем. 
0
Анна/адказаць/
06.02.2023
у человека старого деменция, вот и все
0
дуся/адказаць/
07.02.2023
Трэба ей падкiнуць на балкон бчб-шкарпетки и позвонить в милицию.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031