Знайсці
06.02.2023 / 21:4121РусŁacБел

Вячорка: Вядзем перамовы пра гуманітарныя калідоры для беларусаў

Сёння дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў на выпадак ваенных дзеянняў. Яна сказала, што беларусам важна паклапаціцца пра сябе і родных, зрабіць загадзя захады, каб зберагчы жыцці, знайсці магчымае бамбасховішча, запасціся грашыма, праверыць хатнюю аптэчку. Чаму зварот да беларусаў з’явіўся сёння і як да найгоршага развіцця падзей рыхтуюцца дэмакратычныя сілы Беларусі, у інтэрв'ю «Свабодзе» расказаў старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Падрыхтаванымі трэба быць заўжды», — кажа Вячорка. Ён мяркуе, што ваенныя дзеянні не спыніліся, расійскія войскі знаходзяцца ў Беларусі, новыя напады з боку Беларусі не выключаныя, таму не выключаныя і ўдары ў адказ.

«Людзі прывыкаюць да вайны, ужо не чытаюць навіны, супакойваюцца, расслабляюцца, таму трэба нагадваць, каб памяталі, каб былі падрыхтаванымі. Каб кожны беларус быў падрыхтаваным», — гаворыць Вячорка.

Паводле дарадцы Ціханоўскай, рэжым свядома ігнаруе пагрозу, спрабуе супакойваць насельніцтва, каб стварыць адчуванне, што ўсё пад кантролем: людзей не інфармуюць пра бамбасховішчы, не даюць інструкцыі, што рабіць у выпадку атак з паветра.

«Сітуацыя на вайне заўжды развіваецца непрадказальна і развіваецца нашмат хутчэй, чым многія думаюць. Лукашэнка ж абраў тактыку поўнага замоўчвання, адмаўлення, ваеннага нігілізму, маўляў, пакуль я трымаю сітуацыю пад кантролем, вайны не будзе. Але мы ведаем, што перад вайной 24 лютага 2022 года ён таксама абяцаў з Макеем на пару, што не будзе ніякага наступу. І мы ведаем, чым гэта ўсё скончылася».

Вячорка кажа, што беларусы павінны рабіць усё, каб прадухіліць вайну, «каб нават калі загад будзе аддадзены, не быў выкананы». З другога боку, трэба падрыхтавацца максімальна на выпадак эскалацыі.

«Гэта значыць, каб беларусы былі падрыхтаваныя і каб была магчымасць людзям выехаць», — удакладняе ён.

Ён кажа, што з магчымым ад’ездам пакуль складана — няма гатоўнасці з боку заходніх дзяржаў адкрываць гуманітарныя калідоры, але Офіс такія перамовы вядзе, каб уратаваць як мага больш людзей, кажа Вячорка.

Дэмакратычныя сілы, Офіс Ціханоўскай, Кабінет цяпер працуюць над непублічнай стратэгіяй на «найгоршыя часы» ў выпадку непасрэднага ўдзелу беларусаў у вайне ці вайны на тэрыторыі Беларусі.

Паводле Вячоркі, гэта стратэгія ўтрымлівае чатыры кірункі, у тым ліку гуманітарны, палітычны, інфармацыйны. Па кожным з напрамкаў ідзе праца з рознымі групамі — і ўнутры краіны, і з заходнімі партнёрамі. Мэта, паводле яго, — недапушчэнне ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне, дапамога тым беларусам, якія працягваюць супраціў у Беларусі, інфармацыйнае супрацьстаянне крамлёўска-лукашэнкаўскай прапагандзе.

У гэтай кампаніі акрамя палітыкаў, кажа Вячорка, прымае ўдзел і грамадзянская супольнасць, бо яна не можа праводзіцца толькі Кабінетам ці Офісам Ціханоўскай.

«Гэта справа супольная», — кажа палітык. Ён заклікае тых, хто жадае далучыцца, звяртацца ў інстытуцыі, якія рэалізуюць нейкую частку плана — у «Байпол», які займаецца планам «Перамога», да Валерыя Сахашчыка, які займаецца добраахвотнікамі, спартова-патрыятычнай падрыхтоўкай беларусаў, у арганізацыі, якія дапамагаюць рэпрэсаваным, і прапанаваць ім сваю дапамогу.

Таксама важна дзяліцца з дэмакратычнымі сіламі інфармацыяй, якая можа дапамагчы ў працы палітыкаў, грамадзянскай супольнасці. Гэтая інфармацыя можа тычыцца і сітуацыі ўнутры рэжыму, і сітуацыі ўнутры войска, і сітуацыі, звязанай з вайной. «Інфармацыя дапамагае і прымаць правільныя рашэнні, і каардынаваць працу», — кажа дарадца Ціханоўскай.

Паводле яго, «цяпер сітуацыя цяжкая, не хапае рук, каб выконваць усе задачы».

Ён кажа, што, мяркуючы па заявах Лукашэнкі (згадкі пра полк Каліноўскага, пра нібыта падрыхтоўку яго забойства Захадам), улады рыхтуюць узмацненне рэпрэсій.

«Нам трэба быць падрыхтаванымі да цяжкіх часоў», — кажа Вячорка.

Чытайце таксама:

Ціханоўская заклікала беларусаў абдумаць план дзеянняў на выпадак вайны

Прэс-сакратарка Ціханоўскай патлумачыла, з чым быў звязаны ранішні зварот

Сахашчык: Мы распазнаем прыкметы агрэсіі за 3—4 тыдні да яе пачатку і папярэдзім грамадства

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Азар/адказаць/
07.02.2023
Ралар, зноў “моцная рука” і “стальныя кокі” патрэбны вам?
1
президентутка/адказаць/
07.02.2023
па ходу гэта вы, акром “моцная рука” і “стальныя кокі” нічога не бачылі хіба моц сапраўднага палітыка ў гэтым?
0
Чарговая утопія ад пана Вячоркі/адказаць/
09.02.2023
Усе гэта марная ідэя, не арганізуюць, а вось зрабіць выдачу віз гэта рэальна і бяспечней для эўропы але як жа ж іх зрабіць, калі амбасады з’ехалі, вынік беларусы з’едуць у расею, рускія заселяць Беларусь і на гэтым фініта ля камедыя!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера