Знайсці
07.02.2023 / 17:53РусŁacБел

30-гадовы мужчына завяршыў энцыклапедыю жывёл, якую пачаў складаць, калі яму было 9

Джош Габаціс пачаў даследаванне ўсіх жывых істот больш за два дзесяцігоддзі таму — з каралаў, чарвякоў і медуз. 

Джош Габаціс. Вокладка «Кнігі жывёлаў Джоша». Фота: The Guardian

Джошу Габацісу было 9, калі ён вырашыў, што збіраецца напісаць энцыклапедыю ўсіх жывых істот, пачынаючы ад каралаў, чарвякоў і медуз, расказвае The Guardian.

Сёння, калі яму 30, ён нарэшце завяршыў гэты праект і вельмі гэтым ганарыцца. Яго апошні запіс — пра аднаго з нашых найбліжэйшых сваякоў — шымпанзэ.

Габаціс, кліматычны журналіст з паўднёвага Лондана, пачаў «Кнігу Джоша пра жывёл» у 2001 годзе. З таго часу яго малюнкі і граматыка істотна палепшалі, але почырк, па словах самога аўтара, «застаўся даволі жудасным».

Нядаўна ён падзяліўся сваім завершаным творам у твітары.

«Так, я ўцягнуўся ў гэта надоўга, бо, замест таго, каб адразу перайсці да прыцягальных буйных відаў, пачаў з каралаў, чарвякоў і да іх падобных істот».

У кнізе 118 старонак, яны падзеленыя на 6 раздзелаў: бесхрыбетныя, рыбы, земнаводныя, рэптыліі, птушкі і млекакормячыя. «Энцыклапедыя» ўключае апісанні і тэрміналогію, а таксама паказальнік у канцы кожнага раздзела «на выпадак, калі нехта з чытачоў захоча знайсці нешта канкрэтнае».

Джош Габаціс вырас у заходнім Оксфардшыры. Ён кажа, што з 9-ці і да ранніх падлеткавых гадоў працаваў над сваёй кнігай увесь час, няспынна — ён апісаў усіх рыб, амфібій, рэптылій і дабраўся да птушак. «Я быў падлеткам, і думаю, мне карцела дайсці да канца».

Аднак з часам сталення хлопцу пачалі замінаць розныя рэчы. «Быў перыяд, калі я адцягваўся на іншыя рэчы … тады кніга складалася больш спарадычна».

Ён стварыў нататкі пра большасць млекакормячых, і засталося запоўніць усяго каля трох старонак — аднак тут пра кнігу прыйшлося забыцца з-за вучобы ва ўніверсітэце. «Кніга пра жывёл была занадта каштоўная, каб пераязжаць у іншы горад», — кажа Джош.

Твор мог бы застацца закінутым, калі б не лакдаўны, якія пачаліся з-за кавіду. Тады Джош зноў занурыўся ў працу і апісаў некаторыя з малавядомах груп млекакормячых, такія як землярыйкі і летаючыя лемуры.

А потым зноў адклаў гэта — да мінулага месяца. «Такім чынам, зараз, з гэтым апошнім малюнкам шымпанзэ, гэты больш як 20-гадовы праект завершаны! Калі хтосьці хоча яго апублікаваць, звяртайцеся», — напісаў аўтар у твітары.

Фота: Josh Gabbatiss / PA

Габаціс кажа: яго выпадак сведчыць пра тое, што да дзіцячага запалу не варта ставіцца легкадумна.

«Для мяне гэта нешта значнае, і я ведаю, што адчуваю тое ж самае, што адчуваў у дачыненні да гэтай кнігі і ў 9 гадоў. Я гэтак жа ўсхваляваны гэтымі тэмамі».

Джош атрымаў выдатныя водгукі пра сваю працу, бо многія людзі мелі падобныя або блізкія дзіцячыя захапленні і памятаюць пра іх дагэтуль.

«Або яны кажуць пра рэчы, якімі зараз апантаныя іх дзеці, што мне здаецца вельмі мілым, — пра тое, як дзіця шчыра захапляецца дыназаўрамі ці чымсьці падобным».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930