«Не хацелася хадзіць на нелюбімую працу». У Магілёве хлопец сам працягнуў сабе бальнічны і патрапіў пад крыміналку
У магілёўскую міліцыю звярнуўся спецыяліст аддзела кадраў адной з арганізацый і паведаміў, што слесар па рамонце аўтамабіляў падаў лісток непрацаздольнасці, выдадзены яму паліклінікай, з прыкметамі падробкі. Пасля таго ў 20-гадовага супрацоўніка гэтай арганізацыі пачаліся вялікія непрыемнасці.
Экспертыза засведчыла, што дакумент сапраўды падроблены, у ім 10 снежня 2022 года было выпраўленае на 13 снежня.
Хлопец прызнаўся, што «працягнуў» сабе бальнічны свядома. Паводле яго, яму не хацелася хадзіць на нялюбую працу, на якую ён накіраваны па размеркаванні. У нейкі момант ён адважыўся на прагулы ў надзеі, што гэта шлях да звальнення. Але праз пару дзён звальняцца перадумаў і вырашыў такі выйсці на працу, прыкрыўшы прагулы выпраўленай датай у лістку непрацаздольнасці.
У выніку яму цяпер пагражае крымінальная адказнасць за падробку і выкарыстанне падробленага дакумента.





