Знайсці
08.02.2023 / 10:26РусŁacБел

Расійскім зняволеным пагражаюць новымі справамі за адмову ехаць на вайну

Расійскіх зняволеных прымушаюць уступаць у шэрагі ПВК «Вагнер», пагражаючы новымі крымінальнымі справамі, паведамляе «Агенцтва», спасылаючыся на словы двух юрыстаў і праваабаронцу.

Па словах юрыста Яны Гельмель, на зняволеных аказваюць ціск у калоніях Самарскай і Растоўскай абласцей, Краснадарскага краю і рэгіёнаў Паўночнага Каўказа.

«Прыязджаюць аператыўнікі МУС або ФСБ, абяцаюць падняць старыя справы 10—20-гадовай даўніны, па якіх тэрмін даўнасці ўжо прайшоў, палохаюць, што будуць заводзіць справы па тых, хто адмаўляецца ісці на вайну», — заявіла Гельмель.

Пра падобныя метады ціску ў калоніях Пермскага краю таксама паведаміла праваабаронца Аксана Асауленка. У прыклад яна прывяла выпадак зняволенага, якому да вызвалення заставалася пяць месяцаў. Па словах маці мужчыны, у апошняй размове ён даў ёй зразумець, што яго прымусілі падпісаць кантракт з ПВК «Вагнер».

Яшчэ адзін юрыст, які папрасіў не называць яго імя, пацвердзіў, што зняволеных вярбуюць з дапамогай пагроз. Па даных юрыста, найбольш актыўны набор ідзе ў калоніях рэгіёнаў, якія знаходзяцца недалёка ад украінскай мяжы.

Таксама крыніцы «Агенцтва» паведамляюць, што ў следчых ізалятарах арыштаваным пачалі прапаноўваць уступіць у ПВК «Вагнер», абяцаючы пры гэтым закрыць крымінальныя справы. Суразмоўцы «Агенцтва» паведамілі, што такая практыка склалася ў СІЗА-1 Самары, у СІЗА-5 Масквы, а таксама ў ізалятары ў Пярмі.

На думку Яны Гельмель, новыя метады вярбоўкі расійскіх зняволеных абумоўлены тым, што ўсё менш людзей гатова заключаць кантракт з ПВК, так як да калоній пачалі даходзіць звесткі аб ліку забітых і параненых сярод тых, хто пагадзіўся адправіцца на вайну летам—восенню 2022 года.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера