Тадэвуша Кандрусевіча рыхтуюць да аперацыі
На сайце Catholic.by з'явілася інфармацыя, што арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, мітрапаліта Мінскага і Магілёўскага на пенсіі, у найбліжэйшы час чакае аперацыя.
Паводле афіцыйнага паведамлення Мінска-Магілёўскай метраполіі,
«па выніках медыцынскіх даследаванняў, якія ў прафілактычных мэтах прайшоў арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, кансіліум дактароў даў заключэнне аб неабходнасці правядзення аперацыі. З гэтай мэтай у найбліжэйшы час арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у медыцынскім стацыянары пройдзе дадатковую дыягностыку, пасля чаго яму будзе зроблена аперацыя з наступным лячэннем і рэабілітацыяй, якія могуць заняць пэўны час».
Дыягназ, які пастаўлены Тадэвушу Кандрусевічу, не называецца.
Выказваецца спадзяванне, што ў выніку лячэння арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч як найхутчэй вернецца да здароўя, вернікаў просяць маліцца за ягонае здароўе.





