Знайсці
20.02.2023 / 10:041РусŁacБел

Бляха для Расіі. Былы работнік «Металапракатнай кампаніі» расказаў, як працуе завод у Мёрах

Улетку 2021 года ўлады кінулі за краты кіраўніцтва металапракатнага завода ў Мёрах, прызначылі кіраўніком былога генерала, абвясцілі прастой, а пазней — і банкруцтва прадпрыемства. У жніўні 2022-га Аляксандр Лукашэнка яго проста «нацыяналізаваў». Адзін з рабочых, які да нядаўняга часу працаваў на заводзе ў Мёрах, ананімна распавёў «Белсату», наколькі загружанае прадпрыемства, хто ім кіруе і колькі зарабляюць працаўнікі.

Фота: mmpz.by

Магутнасць выкарыстоўваецца на 40-45%

«Наколькі ведаю, пры канцы 2022 года прадпрыемства было загружанае ўсяго на 40-45%. Пры магутнасці 12 тысяч тон мы выраблялі самае большае 4—4,5 тысячы тон белай бляхі за месяц. За некалькі гадоў мы, па сутнасці, ні разу не дасягнулі нават 50%», — кажа былы супрацоўнік Мёрскага металапракатнага завода Аляксандр (імя змененае).

Аляксандр расказвае, што да 90 % вырабленай прадукцыі завод цяпер пастаўляе ў Расію, хаця яшчэ на пачатку 2021 года асноўным кірункам паставак была Еўропа. Завод пачынаў з вырабу чорнай бляхі (пракатвалі тоўстую, горача катаную бляху, якую закуплялі ў Нямеччыне і Расіі), а ў сярэдзіне 2021 года пачалі пераходзіць на белую (тонкі пракат пакрываўся волавам).

Аднак у чэрвені 2021 года кіраўніцтва завода было ўзятае пад варту. «Сілавікі» затрымалі тады каля 15 чалавек, большую частку з якіх праз 10 дзён выпусцілі. На гендырэктара прадпрыемства Пятра Шымуковіча, яго намесніка па эканоміцы і фінансах Дзмітрыя Слаўнікава і кіраўніка рады дырэктараў Аляксея Кавалёнка завялі крымінальную справу. Абвінавацілі ў тым ліку ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК) і ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК).

«Усе працаўнікі былі тады абураныя тымі затрыманнямі. Бо працавалі мы добра. Рэальна гэты завод для Мёраў быў ратункам, і ўсе цанілі яго кіраўніцтва.

Ну і, вядома, рабочых цікавіла, што, наогул, станецца з заводам, дзе яны атрымлівалі, па мерках Мёраў, нармальныя заробкі. Мы нават ліст рыхтавалі, збіралі подпісы, каб вызвалілі кіраўнікоў. Усе шкадавалі іх і перажывалі. Таму што людзі вельмі шмат зрабілі для Мёраў», — дзеліцца наш суразмоўца.

Па словах Аляксандра, гендырэктар Пётр Шымуковіч і яго намеснік Дзмітрый Слаўнікаў выйшлі на свабоду на пачатку 2022 года, але ў якім статусе — невядома. Падобна, што следства па распачатай супраць іх справе трывае дагэтуль (Аляксей Кавалёнак, па інфармацыі нашай крыніцы, да сёння знаходзіцца пад вартай, але пацвердзіць гэтую інфармацыю нам не ўдалося).

Генерал замест бізнесмена

Як расказвае былы працаўнік металапракатнага завода, пасля затрымання гендырэктара кіраваць прадпрыемствам паставілі былога намесніка начальніка Генштаба УС РБ, генерала-маёра ў адстаўцы Ігара Глода. Але, па словах, Аляксандра, ён нічым не займаўся. Пачаліся праблемы, найперш — з банкамі.

«Мы яшчэ ў ліпені 2021-га дакатвалі тое, што было раней закупленае на расійскай «Северсталі» і «Магнітцы» — і больш сродкаў на закупку сыравіны прадпрыемства не мела. У жніўні абвясцілі прастой. Недзе, напэўна, паўгода стаялі. Большасць працаўнікоў пайшлі на вымушаны адпачынак і атрымлівалі дзве траціны заробку. Усё гэта і прывяло да банкруцтва», — расказвае Аляксандр.

Ён кажа, што падчас прастою частка супрацоўнікаў звольнілася з завода. Збольшага — праз няпэўнасць, бо нават на дзве траціны заробку — каля 600 рублёў — у Мёрах можна было пражыць. Але былі і скарачэнні. З Мёраў з’ехалі таксама кіраўнікі сярэдняга звяна, якіх наймалі ў Расіі. Увогуле ж, сярэдні заробак на прадпрыемстве да лета 2022 года складаў 1100 рублёў (простыя рабочыя атрымлівалі 900-1000 рублёў). А ў ліпені 2022 года, калі на завод прызначылі антыкрызіснага кіраўніка, заробак паднялі ў паўтара разы. Просты рабочы зарабляў 1300-1500 рублёў.

Пасля пачатку вайны ва Украіне мёрскі завод стаў працаваць па давальнай схеме з прадпрыемствам «Белцветмет». Яно закупляла сыравіну, давала заводу на перапрацоўку, забірала гатовую прадукцыю. Каму «Белцветмет» яе прадаваў, дакладна не вядома, але, па чутках, 90% ішло ўжо тады ў Расію, часткова — у Казахстан. Пра магчымасць пастаўляць у Еўропу гаворкі ўжо не было — пачалі дзейнічаць санкцыі.

«Каб далі працаваць не з-пад палкі»

У жніўні 2022 года завод стаў уласнасцю дзяржавы. Пра яго нацыяналізацыю заявіў Аляксандр Лукашэнка, калі 8 жніўня наведаў Мёры. Прызначыў таксама новага гендырэктара. Заводам кіруе цяпер былы намеснік гендырэктара па вытворчасці Уладзімір Дзьяканаў — грамадзянін Расіі, які раней працаваў намеснікам галоўнага пракатчыка на Магнітагорскім металургічным камбінаце. Уся маёмасць былога «ММПЗ-груп» была перададзеная новай арганізацыі — ААТ «Металапракатная кампанія», якую яшчэ ўвесну таго ж года заснаваў «Белкалярмет».

«Нас за некалькі дзён папярэдзілі, што, па-мойму, з 15 лістапада 2022 года нас усіх перавядуць у гэтую кампанію, а таксама аддадуць ёй усю маёмасць завода. І вось цягам аднаго дня перавялі ўсіх — каля 600 чалавек. Цяпер завод працуе пад шыльдай «Металапракатнай кампаніі», — кажа Аляксандр.

Новы кіраўнік завода Уладзімір Дзьяканаў прыехаў у Мёры з Расіі.

Каб неяк выправіць сітуацыю, «Металапракатную кампанію» ўключылі ў СЭЗ «Віцебск» (прадпрыемства мае цяпер падатковыя льготы), але асаблівых поспехаў пакуль не назіраецца. Па словах былога супрацоўніка завода, асноўныя абʼёмы белай бляхі, якую вырабляюць у Мёрах, ідуць у Расію. Заўважае, што наўрад ці — у вайсковых мэтах, бо мёрская бляха вельмі тонкая (0,1-0,2 мм). З яе, прыкладам, вырабляюць бляшанкі для піва ці згушчонага малака (сыравіну закупляе Рагачоўскі малочны камбінат).

Свае магутнасці кампанія выкарыстоўвае толькі на 40-45%, кажа Аляксандр.

«Каб далі працаваць не з-пад палкі і не па ўказцы дзяржавы, а акурат пад кіраўніцтвам прыватніка, які ведае, куды збыць прадукцыю і па якіх коштах, то, думаю, завод быў бы загружаны на ўсе 100. Нават у сітуацыі санкцый. Гэтыя людзі, якім шыюць артыкулы, былі вельмі прадпрымальныя і штосьці прыдумалі б», — упэўнены суразмоўца «Белсата».

Санкцыі і запчасткі

Наш суразмоўца кажа, што санкцыі не толькі закрылі для цяпер ужо дзяржаўнай кампаніі заходні рынак, але і вельмі ўскладнілі сітуацыю з запчасткамі, бо на заводзе стаіць якаснае нямецкае абсталяванне. Кітайскія дэталі ў выпадку паломак — не вельмі прыдатны варыянт. Расказвае, як праз сапсаваны падшыпнік спынілася цэлая лінія, бо ніяк не маглі знайсці аналагаў.

«Я мяркую, што нават калі гэта працягнецца год—два, нашы дзяржаўныя «дзеячы» не здолеюць цалкам «закапаць» гэты завод. Я аптыміст. У будучыні, у новай, вольнай Беларусі, калі здымуць санкцыі і мы будзем мець выхад у Еўропу, а людзі выйдуць з турмаў — будзем мець добрыя перспектывы», — падсумоўвае былы працаўнік мёрскага металапракатнага завода Аляксандр.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, «Металапракатная кампанія» пастаўляе ў Расію 80% сваёй прадукцыі. На заводзе працуе каля 600 чалавек. Сярэдні заробак на прадпрыемстве складае 1700 рублёў (афіцыйныя звесткі).

У лістападзе 2022 года на мёрскім заводзе зноў адбыўся «хапун», падчас якога былі затрыманыя як мінімум пяць чалавек. Суразмоўца тэлеканала мяркуе, што затрыманні не былі звязаныя з «нацыяналізацыяй завода» ды зменай кіраўніцтва, а прайшлі ў межах «звычайнага рэгіянальнага налёту», як да гэтага ў Паставах і Верхнядзвінску, а пазней — у Браславе.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
16
Ха-ха
7
Ого
5
Сумна
16
Абуральна
49
1
Комон сенс /адказаць/
20.02.2023
Это называется-любила жаба гадюку. Один прикорытник отмыл деньги через Сингапур и решил поставить "маленький свечной заводик" используя дармовое электричество в БелАэс. Другие прикорытники забрали. Никого не жалко.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031