Знайсці
20.02.2023 / 18:59РусŁacБел

Ці можна карміць свайго гадаванца толькі сухімі кармамі? Адказ розны для катоў і сабак

Рацыён, які складаецца цалкам з сухога корму, можа быць карысным для планеты, але ці бяспечны ён для вашых улюбёнцаў?

Фота: pixabay

Накарміць гадаванца паўнавартаснай ежай і звесці да мінімуму шкоду навакольнаму асяроддзю — знайсці баланс тут можа быць даволі няпроста. Можна знайсці шмат інфармацыі, якая падрабязна апісвае, як корм для хатніх жывёл стварае сур'ёзную праблему для экалогіі, у асноўным з-за фабрычнага вырошчвання ялавічыны і іншых жывёльных бялкоў, якія ўваходзяць у рацыён катоў і сабак.

Новае даследаванне Scientific Reports сведчыць, што спосаб карміць жывёл ежай, патэнцыйна здаровай як для іх саміх, так і для планеты, усё ж існуе. Але ж ці можа такая дыета падысці для ўсіх хатніх жывёл?

Што выявіла даследаванне?

Даследчыкі прааналізавалі больш за 900 кармоў для хатніх жывёл (прыкладна 600 кармоў для сабак і 300 кармоў для катоў). Даследаванне праводзілася ў Бразіліі, якая ўваходзіць у тройку краін з самай высокай папуляцыяй катоў і сабак (ЗША і Кітай замыкаюць першую тройку).

Даследчыкі прааналізавалі наступствы для навакольнага асяроддзя розных дыет: сухіх кармоў, вільготных і «дамашніх». Затым навукоўцы разлічылі ўздзеянне кожнай дыеты на навакольнае асяроддзе ў залежнасці ад колькасці і відаў пажыўных рэчываў у прадукце: бялкоў (жывёльных і раслінных), тлушчаў і іншых дадаткаў.

Высветлілася, што вільготны корм аказвае самае шкоднае экалагічнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, а сухі корм, наадварот, мае найменшыя экалагічныя выдаткі з усіх. Дамашнія стравы былі дзесьці пасярэдзіне. Было падлічана, што 22-кілаграмовы сабака, які з'ядае 534 калорыі ў дзень сухога корму, будзе адказваць за 828,37 кг вуглякіслага газу штогод. Але сабака такога ж памеру на вільготным рацыёне адказны ўжо за агромістую лічбу ў 6541 кг вуглякіслага газу за год.

Прычына, па якой вільготны корм менш экалагічны, чым сухі, заключаецца ў больш высокім утрыманні пажыўных рэчываў. Вільготныя кармы забяспечваюць амаль удвая больш энергіі з прадуктаў жывёльнага паходжання ў параўнанні з сухімі прадуктамі. Натуральна, вытворчасць прадуктаў жывёльнага паходжання, як правіла, патрабуе значна больш высокага ўзроўню парніковых выкідаў.

Ці можа сабака прытрымлівацца рацыёну толькі з сухім кормам?

Даследаванне не дае ніякіх парад наконт спецыяльных дыет. Аднак некаторыя ветэрынары кажуць, што сухія кармы ў цэлым падыходзяць для здаровых гадаванцаў.

«Так, цалкам бяспечна карміць хатніх жывёл сухім кормам, але добрая навіна ў тым, што абодва віды кармоў могуць забяспечыць вашу жывёлу паўнавартасным харчаваннем, неабходным для росту і шчасця», — кажа ветэрынарны лекар адной з кампаній па вытворчасці кармоў для жывёл.

Спецыяліст па дрэсіроўцы сабак кажа, што дыета толькі з сухім кормам можа быць зручнай, але ён заўсёды дадае натуральныя прадукты ў рацыён сабакі.

Аднак варта разумець, што каты і сабакі з ужо наяўнымі захворваннямі могуць не пераносіць сухі корм. Напрыклад, калі ў вашага сабакі ёсць праблемы з зубамі — запаленне дзёснаў, зламаныя зубы або ўвогуле адсутнічаюць некалькі зубоў — то, натуральна, у яго могуць быць праблемы і з сухім кормам. А хранічная хвароба нырак можа зрабіць сухі корм цяжкім для засваення некаторымі пажылымі катамі з-за магчымых праблем з утрыманнем вады і запорамі.

Хатнім жывёлам з праблемамі стрававання звычайна цяжка ўжываць як кансервы, так і вільготныя кармы; таму ўзровень тлушчу і клятчаткі ў іх рацыёне — як вільготным, так і сухім — павінен быць збалансаваны. Але ж паколькі гранулы ў сухіх кармах падвяргаюцца больш інтэнсіўнай апрацоўцы, чым кансервы, то хатнія жывёлы з праблемамі стрававання часта пераносяць сухі корм лепш, чым кансерваваны.

Фота: pixabay

Ці можна кату харчавацца толькі сухім кормам?

Сухая дыета можа быць добрай для большасці сабак, паколькі яны ўсёедныя жывёлы, якія патэнцыйна могуць даць рады нават веганскай дыеце. Але сухі рацыён можа быць шкодным для большасці катоў, якія без выключэнняў з'яўляюцца драпежнікамі і могуць патрабаваць большай колькасці жывёльнага бялку ў вільготным корме.

«Ці можа кот выжыць на дыеце толькі з сухім кормам? Так. Ці можа кот развівацца на дыеце толькі з сухім кормам? Не», — кажа Молі ДэВос, сертыфікаваны спецыяліст па дрэсіроўцы і паводзінах катоў. Асноўных прычын дзве. 

Па-першае, сухі корм змяшчае толькі ад 5 да 10 % вільгаці, у той час як натуральная здабыча ката звычайна змяшчае 75 адсоткаў вільгаці. Харчаванне толькі сухім кормам можа прывесці да абязводжвання і, патэнцыйна, захворванняў мочавыводных шляхоў, у тым ліку смяротнай абструкцыі ўрэтры. У катоў эвалюцыйна развілася слабае пачуццё смагі і яны не могуць піць дастаткова, каб кампенсаваць ваду, якую недаатрымліваюць з выключна сухой дыеты.

Таму каты, якія сілкуюцца кансерваванымі кармамі, спажываюць у два разы больш вады ў параўнанні з тымі, што сілкуюцца сухімі кармамі. 

Па-другое, больш высокае ўтрыманне вугляводаў у выключна сухіх дыетах можа пагоршыць узровень цукру ў крыві катоў, робячы іх больш схільнымі да дыябету. Каціная печань прызначаная для метабалізму бялкоў, а не вугляводаў — таму кармленне іх некаторымі кансервамі разам з сухім кормам з’яўляецца добрым спосабам павялічыць спажыванне вільгаці і бялку.

Урэшце тое, зможаце вы выбраць дыету толькі з сухім кормам ці не, залежыць ад патрэб вашага гадаванца. Звярніцеся да ветэрынара за парадай.

Фота: pixabay

Чаму даследаванне мае значэнне? 

Вынікі даследавання дазваляюць убачыць маштабы таго велізарнага ўплыву на навакольнае асяроддзе, які аказвае ўтрыманне і кармленне хатніх гадаванцаў. Так, на 52 мільёны бразільскіх сабак прыпадае ад 2,9 да 24,6 % усіх гадавых выкідаў Бразіліі (у залежнасці ад віду рацыёну).

Згодна з даследаваннем, знайсці баланс паміж пажыўнай ежай і нізкім уздзеяннем на навакольнае асяроддзе складана, але магчыма. Аўтары даследавання гавораць, што вытворцы кармоў для хатніх жывёл могуць паменшыць уздзеянне корму для катоў і сабак на навакольнае асяроддзе. Адным з варыянтаў з'яўляецца замена жывёльнага бялку (напрыклад, ялавічыны, з якой звязаны найвышэйшы ўзровень выкідаў) на жывёльны бялок, які прыводзіць да меншых выкідаў у атмасферу (напрыклад, насякомых).

Іншы варыянт — проста паменшыць колькасць празмерных пажыўных рэчываў у рацыёне. У даследаванні сцвярджаецца, што ва ўсіх дыетах змяшчаецца «больш бялкоў і тлушчаў, чым рэкамендавана», хоць гэтыя празмерныя пажыўныя рэчывы часам дадаюцца, каб зрабіць дыеты больш прыемнымі для хатніх жывёл.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
102
Панылы сорам
25
Ха-ха
19
Ого
32
Сумна
82
Абуральна
226
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930