Знайсці
04.03.2023 / 14:0721РусŁacБел

«Немцы лічылі нас Сібір'ю». Гісторыя беларускай эмігранткі, якую жыццё на чужыне навучыла іначай успрымаць свет 

«80 гадоў таму Гітлер забіваў яўрэяў, а цяпер Пуцін і Лукашэнка, нішчаць украінцаў і беларусаў», — кажа былая жыхарка беларускай глыбінкі, а цяпер грамадзянка Германіі Сафія Каждан. На яе погляд, значная частка яе землякоў шчаслівая тым, што не ведае, якая няшчасная. 

Сафія Каждан. Фота: архіў Сафіі Каждан

«Калі б прэзідэнтам абралі Шушкевіча — Беларусь была б часткай Еўрасаюза»

Сафіі Каждан 65 гадоў. Яна з Талачына. У 42 эмігравала ў Германію.

Пра пераезд сям'я задумалася з прыходам да ўлады Лукашэнкі.

«Стала зразумела, што ён прыйшоў надоўга і жыхарам Беларусі надышоў капец. І ў гэтым, як паказала практыка, мы не памыліліся», — са скрухай адзначае яна.

Па яе словах, да бяды з прэзідэнцтвам Лукашэнкі дадаліся праблемы з працаю, а жыццё ў райцэнтры не давала надзеі на яго паляпшэнне.

Сафія перакананая: калі б прэзідэнтам абралі Станіслава Шушкевіча, то Беларусь ужо была б у Еўрапейскім саюзе.

«Мне вельмі хацелася б, каб Беларусь стала часткай цывілізаванага грамадства. Дзе кожны чалавек мог бы выказваць свае думкі ўголас. Каб праца прыносіла радасць».

Сярод знаёмых суразмоўніцы багата прыхільнікаў Лукашэнкі. Яна лічыць іх «вельмі добрымі людзьмі, але адзначае, што «прапаганду, на жаль, ніхто не адмяняў», а «замбаскрыня — магутная зброя ў руках гвалту».

«Значная частка землякоў шчаслівая тым, што не ведае, якая няшчасная. Вось у гэтым і заключаецца ўсё «ідалапакланенне» Лукашэнку», — лічыць Сафія.

У Талачыне на Дзень горада. Фота: natal.by

«Палівае брудам тых, хто бараніў ад нацыстаў Беларусь і Расію»

Да 2014 года Сафія Каждан пісала для расійскіх інтэрнэт-выданняў. Па акупацыі Расіяй Крыма і развязванні вайны на Данбасе спыніла супрацу.

Ад таго часу застаўся яе «жаночы дзённік» з парадамі для гаспадынь.

Старонку ў «Аднакласніках» яна зрабіла «асветніцкай» і напаўняе яе публікацыямі палітычных блогераў з антыпуцінскай і антылукашэнкаўскай пазіцыямі. Іх чаргуе з пастамі нейтральнай тэматыкі.

«Чалавек, калі заходзіць на старонку і праглядае пасты, як схуднець, «наткнецца» на палітычныя допісы, — тлумачыць яна. — Апошнія месяцы ўсё больш людзей праглядае палітычныя відэа. Мне прыемна, што мая праца не дарэмная. За выстаўленыя палітычныя ролікі нічога не пагражае. А народ становіцца больш адукаваным».

За стаўленне да таго, што дзеецца на былой радзіме, Сафіі перападае ад праўладных каментатараў. Яе вінавацяць, што яна «палівае брудам тых, хто бараніў ад нацыстаў Беларусь і Расію».

«Амаль у кожным пасце яна палівае брудам нашага прэзідэнта і краіну, — гаворыцца ў адным з каментароў. — Больш за тое, у яе ў нашым раёне дужа шмат прыхільнікаў з такой жа негалоснай пазіцыяй. Проста яна брэша з падваротні, а яе прыхільнікі моўчкі з ёю згаджаюцца».

«У мяне свая пазіцыя. Я ніколі не ішла ўразрэз са сваім сумленнем, — даводзіць Сафія Каждан. — Таго факта, што немцы забівалі яўрэяў, не адмаўляю. Як і таго, што цяпер Пуцін з дапамогай Лукашэнкі забівае мірных жыхароў Украіны. Тых, хто гаворыць з імі на адной мове і вызнае адну рэлігію».

Вайна ва Украіне. Маці ля труны забітага расійскімі вайскоўцамі сына. Фота: AP Photo / Rodrigo Abd

Дзве краіны, якія некалі былі сярод краін-пераможцаў нацызму, ператварыліся ў агрэсараў, працягвае суразмоўніца.

«Яўрэяў 80 гадоў таму забіваў Гітлер, а цяпер эстафету забойстваў перанялі Пуцін і Лукашэнка. Ва Украіне яны забіваюць украінцаў, а ў Беларусі па-свойму знішчаюць беларусаў. Яўрэі і тыя, хто здольны ацаніць перспектывы свайго жыцця, з’язджаюць з Беларусі, бо нічога добрага там іх не чакае», — настойвае Сафія Каждан.

Яна перакананая, што Беларусь ніколі не стане часткай Расіі, бо беларусы чужыя расіянам.

«Мы і з украінцамі розныя, але мы з імі бліжэйшыя па мове, культуры, традыцыях», — настойвае суразмоўніца.

«Савецкія людзі былі шчаслівымі, бо не ўяўлялі, якія ўбогія»

Сафія Каждан нарадзілася ў самай звычайнай савецкай сямʼі: маці была бухгалтаркай, бацька — слесарам. Скончыла ў Маладзечне тэхнікум гандлю і ў Горках сельскагаспадарчую акадэмію. Працавала ў гандлі, будаўніцтве, банкаўскай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

«У савецкія часы яўрэю было вельмі цяжка некуды прабіцца, — расказвае яна. — Усюды існавала квота».

Сафія Каждан выхаваная ў савецкай культуры і ў дзяцінстве верыла, што СССР — найлепшая краіна. Гэтае перакананне пачало мяняцца, калі дзяўчыне ў 1977 годзе знаёмая дала пачытаць ліст з-за мяжы.

«Ён быў напісаны яе сваякамі, якія эмігравалі ў ЗША ў 1975 годзе. Апошнія яго радкі гучалі так: «Вы самыя шчаслівыя людзі на зямлі, бо не ведаеце, нават не ўяўляеце, якія вы ўбогія, і ў гэтым ваша шчасце», — цытуе суразмоўніца ліст.

Чэргі ў Савецкім Саюзе былі неад'емным атрыбутам жыцця грамадзян. Фота: russiainphoto.ru

Той ліст змусіў Сафію задумацца, а ў асабліва цяжкія моманты яна ўспамінала яго.

«23 гады я ўжо жыву ў Германіі, і ніколі не ўзнікала думкі вярнуцца. Калі я зʼязджала, з кожным днём рабілася ўсё горш. Закрываліся прадпрыемствы. Моладзь пакідала наседжаныя месцы ў пошуку працы ўдалечыні ад дому», — згадвае жанчына.

«Папярэдзілі, каб пра змены ў краіне не гаварыла ўголас»

Апошні раз у Беларусі Сафія Каждан была ў 2019 годзе, і яе шакавала пабачанае і пачутае. Жыццё ў Мінску кардынальна адрозніваецца да таго, што адбываецца ў глыбінцы, дзе пануе заняпад.

«Талачын — гэта астравок пенсіянераў, у якога няма будучыні. Горад ператварыўся ў вёску», — расказвае яна.

«Знаёмыя да паездкі ў Беларусь папярэдзілі, каб я сваё меркаванне пра змены ў краіне не выказвала ўслых, — дадае яна. — Я старалася не гаварыць пра палітыку. І так было відаць, што народ напружаны і не паводзіць сябе раскавана, як тое прынята на «загніваючым Захадзе».

На яе погляд, з Беларусі зʼязджаюць тыя, хто рухае навуку, лечыць, вучыць. Краіну пакідае высокаадукаваная частка насельніцтва, якая з цягам часу стане гонарам іншых краін.

«Мне вельмі прыкра, што некалі Беларусь з перспектывамі, як у суседніх Польшчы, Літве, Латвіі, змарнавала іх», — абураецца яна.

«Жыццё ў Германіі навучыла іначай успрымаць свет»

У Германіі жанчына пераканалася, што ёсць жыццё, а ёсць існаванне. На яе думку, жыхары Беларусі трапілі ў пастку, з якой выбрацца ў найбліжэйшы час ім не ўдасца. 

«У Германіі я ўбачыла зусім іншае жыццё, — адзначае яна. — Я не магу асуджаць тых, хто за рэжым Лукашэнкі і каму за 50. Мне шкада маладых, якіх пазбавілі будучыні».

Сафія Каждан. Фота: архіў Сафіі Каждан

Сафія жыве ў курортным горадзе, дзе няма прадпрыемстваў. Па прыездзе з Беларусі працавала прыбіральніцай, бо ў Германіі савецкія дыпломы не прызнаюцца.

«20 гадоў таму «вырваць» перанавучанне было вельмі цяжка. Гэта цяпер перанавучанне даюць усім, нягледзячы на ўзрост, — расказвае Сафія. — Потым даглядала маму і цётку. Догляд старых у Германіі лічыцца працаю. Нават калі яны твае блізкія сваякі».

Жыццё ў Германіі дазволіла падарожнічаць і адпачываць, а галоўнае — навучыла зусім іначай успрымаць свет.

«З пачаткам ваенных дзеянняў ва Украіне зʼявілася шмат бежанцаў, — расказвае далей Сафія. — Пачала валанцёрыць. Хаджу з бежанцамі як перакладчыца. Дапамагаю збіраць пасылкі ва Украіну. У нашым горадзе ёсць уцекачы і з Беларусі».

«У перакладзе гэта гучала як Белая Русь, а ў паняцці немцаў гэта была Сібір»

Сафія Каждан беларускі пратэст успрыняла з натхненнем, але прызнаецца, што ў яго перамогу не верыла. На яе думку, Беларусі не хапае лідара.

«Ні адна краіна, выходзячы на вуліцу з кветкамі, не перамагла дыктатара. У Беларусі ў большай ступені на пратэсты выходзілі жанчыны, а мужчыны ляжалі на канапах. Ці ўдзельнічала б у пратэстах я? Хутчэй так, чым не…» — адзначае яна.

Беларусь у 2020-м: на мітынгу прыхільнікаў Ціханоўскай

Суразмоўніца кажа: да жніўня 2020 года шмат немцаў нават паняцця не мела, што ёсць такая краіна ў цэнтры Еўропы, як Вайсрусланд.

«У перакладзе гэта гучала як Белая Русь, а ў паняцці немцаў гэта была Сібір. Усё карэнным чынам змянілася ў жніўні 2020-га, калі тысячы маладых і прыгожых дзяўчат і хлопцаў выйшлі на гарадскія вуліцы. Тады ўвесь свет і загаварыў пра нашу цудоўную краіну. Усе верылі ў перамогу справядлівасці».

Сафія Каждан мяркуе, што пуцінізм і лукашызм мінуцца, але пакінуць адбітак не толькі ў гісторыі, але і ў паводзінах і ў душы людзей, якія пацярпелі ад іх.

«У кожнай краіне ёсць свае прыхільнікі тыранаў. Яны іх узводзяць на Алімп і ім пакланяюцца», — адзначае Сафія, але верыць, што на беларускіх вуліцах будзе свята.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Колькі грошай пайшло, не лічыў і не хачу». Былы кіраўнік Талачына адзін аднаўляе 200-гадовую капліцу

Уладзіслаў Гарбацкі: Тое, што для еўрапейцаў з’яўляецца ідэалам, беларусы ўжо часткова рэалізавалі

Беларуская эмігрантка ў Амерыцы стала інстаграм-блогеркай — расказвае пра падзеі ў Мінску і збірае сотні тысяч праглядаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
77
Панылы сорам
6
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
12
Абуральна
12
5
а лес я/адказаць/
06.03.2023
Фермер, у нас во-первых, зона рискованного земледелия, а во-вторых...
ай. что с вами говорить
06.03.2023
Звычайная, не асабліва разумная рускамірная жанчына. Адначасова, за Шушкеаічв і “трэба было гвалтоўней пратэставаць”. Такіх нямала. 
2
Фермер/адказаць/
07.03.2023
а лес я, у вас зона под руководством крепких хозяйственников - поэтому и результат такой. Посмотрите данные об урожайности в Литве - там аналогичный климат как и в Витебской области, зато урожайность в два раза выше, плюс в Литве общий объем экспорта сельскохозяйственной продукции в несколько раз превышает белорусский, и то при том, что Литва и по площади и по населению в три раза меньше чем Беларусь.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930