Знайсці
01.03.2023 / 16:094РусŁacБел

Шматгадовую намесніцу старшыні гарвыканкама з Магілёва, адстаўкі якой дамагалася мясцовая апазіцыя, саслалі ў раён

У апазіцыйным асяроддзі Магілёва Алу Галушку ведалі як чыноўніцу, якая забараняла акцыі пратэсту. Актывісты дамагаліся яе звальнення. 1 сакавіка стала вядома, што яна ў гарвыканкаме больш не працуе. Яе адправілі пільнаваць ідэалогію ў Кастрычніцкі райвыканкам Магілёва. Звальненне Галушкі звязваюць з зачысткай гарадской адміністрацыі ад кадраў былога кіраўніка Уладзіміра Цумарава.

Ала Галушка. Фота: сацыяльныя сеткі

Ала Галушка была намесніцай старшыні Магілёўскага гарвыканкама сем гадоў.

Яна курыравала пытанні ідэалагічнай і інфармацыйнай работы з насельніцтвам, кантралявала правільнасць дзяржаўнай моладзевай палітыкі, адказвала за сувязь гарвыканкама з сілавымі структурамі. У сферу яе службовых абавязкаў уваходзілі пытанні сацыяльнай палітыкі і ўзаемаадносіны з насельніцтвам.

На сайце гарвыканкама ў раздзеле пра яго структуру ўжо прыбраны здымак Галушкі і яе імя. Замест іх звесткі пра новага ідэолага Алега Стальмашок. Вакантнай застаецца пасада першага намесніка старшыні гарвыканкама.

Чуткі пра тое, што шматгадовага магілёўскага ідэолага збіраюцца звальняць, з'явіліся неўзабаве пасля адстаўкі ў кастрычніку 2022 года кіраўніка гарвыканкама Уладзіміра Цумарава, які пасаду старшыні займаў дзевяць гадоў.

Крыніцы, блізкія да гарвыканкама, настойваюць, што са звальненнем Цумарава пачалася зачыстка гарадской адміністрацыі ад чыноўнікаў, якія доўгі час працавалі з ім.

Цумарава замяніў кіраўнік Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. У адрозненне ад дасведчанага бюракрата Цумарава, Студнеў працаваў на чыноўніцкіх пасадах, звязаных з эканомікай.

У студзені 2023 года быў заменены ўвесь аддзел ідэалагічнай работы гарадской адміністрацыі, што стала знакам і хуткага звальнення Галушкі.

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў (у цэнтры) і новы ідэолаг гарвыканкама Алег Стальмашок (справа). Фота: t.me/moymogilev

1 сакавіка гарвыканкаму быў прадстаўлены новы ідэолаг Алег Стальмашок, якога адправілі ў «горад» з аблвыканкама, дзе ён быў начальнікам упраўлення культуры.

Звальнення Алы Галушкі дамагаліся магілёўскія апазіцыянеры. Яе подпіс стаяў на ўсіх дакументах з абгрунтаваннем забароны акцый пратэсту, у тым ліку за яе адстаўку. Паводле заяўнікаў, Галушка не дазваляла пратэставаць па надуманых прычынах. На чыноўніцу актывісты скардзіліся Уладзіміру Цумараву, які ў дзеяннях падначаленай не знаходзіў парушэння заканадаўства.

Час ад часу чыноўніца выходзіла ў людзі, калі тыя бунтавалі, і трымалася ў кампаніі з міліцыяй.

Так было ў 2011 годзе, калі ўладай арганізоўваліся альтэрнатыўныя маўклівым пратэстам імпрэзы. «Мне страшна», — прызнавалася тады службоўка падпалкоўніку міліцыі на адной з іх.

Лічыцца, што Галушка — паважаная асоба ў педагагічным асяроддзі.

Яна была заўсёдніцай на перадвыбарчых сходах у школах. Заклікала на нарадах настаўнікаў галасаваць за прадстаўнікоў улады.

Наведвала культурніцкія мерапрыемствы, у тым ліку беларускамоўныя, але па-беларуску не прамаўляла на іх. Устаўляла толькі беларускія словы.

Алу Галушку вылучала дысцыплінаванасць у выкананні інструкцый і загадаў вышэйшых інстанцый. Часам такая чуйнасць ставіла яе ў няёмкае становішча.

Так, напрыклад, у 2018 годзе яна дазволіла акцыю «Несмяротны полк» 9 мая, а затым патрабавала пераназваць яе ў «Беларусь помніць».

Ала Галушка (крайняя справа) на адной з прапагандысцкіх акцый. Фота: octmogilev.gov.by

Галушка была шакаваная затрыманнем у 2020 годзе сяброўкі Ірыны Жабаравай, начальніцы ўпраўлення культуры гарвыканкама. Яе асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за хабар. У звароце да суда аб змяненні меры стрымання для зняволенай подпісу сяброўкі не было.

З крыніц, блізкіх да гарвыканкама, вядома, што Галушка пасля пратэсту 2020 года не асабліва «гарэла жаданнем» займаць надалей сваю пасаду.

Масавы выхад магілёўцаў на вуліцы чыноўніцу напалохаў. Пратэсная актыўнасць канцэнтравалася на плошчы пад вокнамі гарвыканкама.

Галушцы даводзілася выступаць на акцыях, якія ўлада арганізоўвала, каб прадэманстраваць падтрымку рэжыму Лукашэнкі. У прамовах Галушкі чуліся прымірэнчыя ноткі.

1 сакавіка Алу Галушку старшыня Кастрычніцкага райвыканкама павіншаваў з прызначэннем яго намеснікам. Займацца яна будзе тым жа, чым займалася і ў гарвыканкаме.

Ала Галушка ў Кастрычніцкім райвыканкаме. Фота:t.me/mogilev

Ала Галушка — даўні наменклатурны работнік рэжыму Лукашэнкі.

Нарадзілася яна ў Горках — райцэнтры на Магілёўшчыне. Там скончыла школу, а 1995 годзе — Магілёўскі педагагічны інстытут імя Куляшова (цяпер Дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова). 

Да 2002 года працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў 26-й магілёўскай школе. Потым пачалася яе кар’ера чыноўніцы-ідэолага гарвыканкама. 

У 2005 яна скончыла Акадэмію кіравання.

У 2014 годзе Галушку нечакана адправілі на павышэнне, прызначыўшы начальніцай упраўлення ідэалагічнай працы Магілёўскага аблвыканкама.

Але праз два гады гэтак жа нечакана вярнулі ў гарвыканкам на пасаду намесніцы старшыні. У службовай біяграфіі чыноўніцы яе праца ў аблвыканкаме часам не згадваецца.

Ала Галушка застаецца кіраўніцай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Былыя міліцыянты, настаўнікі, гадаванцы БРСМ. Каго ставяць ідэолагамі ў выканкамах 

«Завистливые злопыхания крыс». Раёнкі Магілёўшчыны дружна апублікавалі артыкулы, як кепска жывецца беларусам у эміграцыі. Чытаць гэта — асалода

Трагікамедыя ў Магілёве: начальнік ДАІ паздзекаваўся з мэра за тое, што той паздзекаваўся з яго

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
1
Ха-ха
12
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
7
0
калі захачу пачытаць пра шлях хунцёнышаў, пайду на Советскую Белоруссию/адказаць/
01.03.2023
Ёсць у вас прага разбірацца ў сартах г.ўна? Навошта тут жыццеапісанне гэтай навалачы? На чорную мапу размясцілі і кропка.
0
Надоел /адказаць/
01.03.2023
"Трудится" эта Галушка над тем, чего нет: с 1994 года только одна "барба с карупцыяй", которая "вся находитца у чэмаданах с кампраматам пра тры ящыка гваздей", - в круглую сумму обошлась налогоплательщикам Беларуси...
0
Посьпехаў /адказаць/
02.03.2023
Хай цяпер "пасьпяхова" растапырыцца на новым месцы!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930