Вайскоўцы расійскай брыгады адмовіліся ваяваць ва Украіне. Камандзіры абвінавацілі іх у дурных думках з-за алкаголю
Вайскоўцы 126-й брыгады берагавой абароны Чарнаморскага флота даслалі выданню «7х7» шэсць рапартаў аб звальненні таварышаў па службе. Усяго заяў, як сцвярджаецца, каля 20. Байцы просяць камандаванне звольніць іх у сувязі з невыкананнем умоў кантракту і спаслаліся на пункт закона «Аб вайсковай службе».
126-я брыгада — з Крыма, цяпер яна знаходзіцца на расійскім апорным пункце ва Украіне. Як сцвярджае суразмоўца «7х7», салдатам забаранілі хадзіць у адпачынак. Пасля напісання рапартаў да вайскоўцаў прыехалі камандзіры, якіх нібыта «ў вочы ніхто не бачыў некалькі месяцаў».
Камандаванне стала правяраць усе пасылкі і, як мяркуецца, забіраць тактычныя рэчы, ежу і алкаголь. «Кажуць, што алкаголь утварыў у галовах язвы з-за якіх туды трапляюць дурныя думкі», — працытаваў кіраўніцтва кантрактнік.
Ён дадаў, што брыгада вырашыла адмовіцца ваяваць «па меркаваннях сумлення». На пытанне, чаму менавіта цяпер, малады чалавек адказаў, што, калі ўсё пачалося, яны «прыехалі вызваляць насельніцтва ад «нацыстаў», але людзі аказаліся супраць». Тады ён нібыта пачаў сумнявацца.
«Цяпер нас яшчэ больш накручваюць. Праводзяць інфармаванне, у якім расказваюць, якія ўкраінцы г***ны і як яны б'юць па нашых гарадах. Але мы ж робім гэтак жа», — напісаў кантрактнік.





