Знайсці
11.03.2023 / 01:3533РусŁacБел

Пасля атакі ў Мачулішчах ідуць павальныя затрыманні — і людзей павальна спрабуюць вербаваць

За 10 сакавіка выйшла каля дзясятка новых відэа брутальных затрыманняў людзей або відэа з іх допытамі — гэта рэкорд апошніх месяцаў. Агулам лік затрыманых, здаецца, ідзе на сотні. Расказваем, як засцерагчыся.

Лукашысты здымаюць брутальныя затрыманні на відэа. Скрыншоты з каналаў сілавікоў і дзяржаўных СМІ

Пасля загаду Лукашэнкі пра «жорсткую зачыстку» з усёй краіны паведамляюць пра шматлікія затрыманні. Толькі за ўчора ГУБАЗіК адсправаздачыўся пра затрыманне больш як 60 чалавек.

Сярод іх «21 человек привлечен к административной ответственности и 5 — к уголовной», — піша прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў так, нібы следства і суда для крымінальнага пакарання больш і не трэба.

Гэтым разам масавыя затрыманні праводзіць і Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

За 10 сакавіка выйшла каля дзясятка новых відэа брутальных затрыманняў людзей або відэа з іх допытамі — гэта рэкорд апошніх месяцаў. Агулам лік затрыманых, здаецца, ідзе на сотні.

З розных мясцовасцяў паведамляюць пра спробы супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі вербаваць затрыманых. Іх страшаць вялікімі турэмнымі тэрмінамі і заяўляюць, што адпусціць змогуць толькі пры ўмове падпіскі пра сакрэтнае супрацоўніцтва.

Каго затрымліваюць?

Вядома пра затрыманні шматлікіх стралкоў і ўладальнікаў зброі, а таксама рэканструктараў і страйкбалістаў. Таксама прыходзяць да валанцёраў і дваравых актывістаў. Шмат ператрусаў праходзіла і праходзіць у Мінску і Мінскім раёне, асабліва — у Бараўлянах і ваколіцах.

У Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях хапалі людзей, якія жывуць у памежных раёнах, тых, хто ўдзельнічаў у руху за аднаўленне канстытуцыйнай законнасці ў 2020 годзе, а таксама дзеячаў культуры.

Вядома, што некаторыя людзі, да якіх днямі прыходзілі, раней затрымліваліся па «пратэсных» адміністрацыйных справах. Да некаторых актывістаў, якія з'ехалі за мяжу, таксама прыходзілі дадому з ператрусамі.

Частку людзей затрымалі проста на мяжы пры выездзе з Беларусі ці пры ўездзе ў краіну.

Паведамлялася, што затрыманы хросны бацька актывісткі Карыны Маліноўскай, якая засвяцілася ў фільмах БТ пра «Байпол».

Такім чынам, групы рызыкі амаль такія ж, як раней: вы актыўны чалавек, вядомы чалавек, «засвяціліся» раней на пратэстах або вам не пашчасціла быць сваяком ці сябрам вядомага актывіста.

Як засцерагчыся?

Падрыхтуйце дом да ператрусу. Перавязіце ў бяспечнае месца беларускую сімволіку, пратэсныя ўлёткі, артэфакты пратэснага руху або вашых хобі, якія могуць крыміналізаваць (да прыкладу, піратэхніку або страйкбольнае абсталяванне). Тое ж датычыць літаратуры, прызнанай экстрэмісцкай, — перахавайце яе да лепшых часоў.

Падрыхтуйце вашы сацыяльныя сеткі і месенджары да агляду — менавіта за анлайн-актыўнасці сёння арыштоўваюць шмат людзей. Мы рабілі гайды па тым, як пачысціць месенджары, як пачысціць Instagram, як вычысціць сацсеткі (Facebook, «УКантакце» і «Аднакласнікі»), як пачысціць сляды ботаў у Telegram, як выдаліць лайкі ў сацсетках, і па тым, як ствараць ананімныя акаўнты.

Калі вы праз фэйсбук данацілі ў фонды, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, варта ведаць, што чэкі грашовых пераводаў і іх мэту нельга выдаліць з акаўнта. Надзейны спосаб абараніць сябе ў такім выпадку — выдаліць фэйсбук.

А калі вы адкладалі выдаленне фэйсбуку, то самы час зрабіць гэта зараз — вось як выдаліць Facebook надзейна. Гэтая інструкцыя пасуе і для любых іншых сацсетак, якія вы хацелі б выдаліць: змяніце электронную пошту на больш надзейную, выдаліце кантактны нумар, змяніце пароль на больш надзейны і незапамінальны, а пасля выдаліце вашу старонку ў сацыяльнай сетцы.

Чытайце таксама: За каментары затрымалі айцішніка, які выдаліў тэлеграм-акаўнт паўтара года таму. Вось як яго знайшлі

Можна таксама ўсталяваць «партызанскі тэлеграм», які дазволіць хутка выйсці з вашага асноўнага тэлеграм-акаўнта — тут ёсць гайд па «партызанскім Telegram» ад «Кіберпартызанаў».

Будзьце гатовыя да агляду тэхнікі. Вельмі важна пачысціць камп'ютары, смартфоны, флэшкі і перанасныя вінчэстары, якія захоўваюцца ў вас дома, ад «лішняй» інфармацыі і файлаў (тут ёсць наш гайд па выдаленні фота, але так можна выдаліць любыя файлы). Пры ачышчэнні камп'ютара пажадана карыстацца беззваротным выдаленнем файлаў — у гэтым вам дапамогуць праграмы Eraser і CCleaner (наладзьце шматпраходнае заціранне інфармацыі ў наладах праграмы).

Таксама можна перанесці ўсе важныя файлы на ананімнае воблачнае сховішча. Сховішча будзе ананімным, калі вы створыце яго с пошты, якая напрамую з вамі не звязаная і вы не будзеце пакідаць там вашага імя, нумара тэлефона і іншых вашых даных — тут ёсць наш гайд па стварэнні ананімных акаўнтаў. Пасля стварэння і захавання файлаў у гэтым воблаку важна выйсці са сховішча з усіх прыладаў і не захоўваць пароль для ўваходу на бачным месцы.

Звярніце таксама ўвагу на тое, у якіх сацыяльных сетках і месенджарах вы «залагінены» ў камп'ютары і выйдзіце з «лішніх» — часта людзі папросту забываюць выходзіць з тэлеграма ці фэйсбука з камп'ютараў. Яшчэ лепш зашыфраваць камп'ютар — тут ёсць гайды для Windows (VeraCrypt або BitLocker даступныя на Windows Professional), Linux і Mac.

Калі вы лагініцеся ў сацсеткі праз браўзер, можна падчас выдалення гісторыі ў CCleaner ці яго аналагах націснуць птушку, каб выдаліць усе захаваныя паролі. Тады вас аўтаматычна вылагініць з усіх сацыяльных сетак і іншых сервісаў або месенджараў, у якія вы ўвайшлі праз браўзер. Варта перад гэтым захаваць усе важныя паролі ў іншым месцы, каб не згубіць доступы да акаўнтаў.

Калі вы не маеце сіл ці ведаў, каб з гэтым разабрацца, то на нейкі час перанясіце тэхніку, якую вы лічыце небяспечнай, у надзейнае месца.

Таксама вы можаце падчас хваль рэпрэсій не жыць дома. У выпадку, калі да вас прыйдуць, гэта можа дазволіць вам пазбегнуць затрымання. Звярніце ўвагу на тое, што вас могуць адсачыць па трыангуляцыі, калі вы карыстаецеся тэлефонам з устаўленай у яго ўласнай сім-картай. Таму вы можаце не выкарыстоўваць сім-карту або перавесці тэлефон у авіярэжым на вашай «канспіратыўнай» кватэры.

Калі вас спрабуюць вербаваць, то дзейнічайце па абставінах. Каб падрыхавацца, паглядзіце відэа Міколы Дзядка пра вярбоўку і гісторыю валанцёркі Таццяны Жывіцы пра спробу яе завербаваць.

І якія б захады бяспекі вы ні прымалі, заўжды ёсць імавернасць патрапіць пад каток рэпрэсій, нават калі вы лічыце, што не зрабілі «нічога такога», і да гэтага лепш падрыхтавацца загадзя.

Са стварэннем гэтага тэксту нам дапамагла ініцыятыва CyberBeaver. Яны ствараюць дапаможнікі па лічбавай бяспецы для беларусаў, а таксама бясплатна кансультуюць па пытаннях лічбавай бяспекі і запрашаюць звяртацца ў іхні бот.

Мы забыліся пра нешта ці нечага не ўлічылі? Можаце палепшыць нашы парады? Ведаеце больш таго, што трэба ведаць іншым? Калі ласка, пішыце нам: на e-mail ([email protected] ці [email protected]), у Telegram (кантактны акаўнт — nn_editor, пасля гісторыю чата лепш выдаліць) або ў каментары пад гэтым артыкулам. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце яшчэ:

Стала вядома, хто такі Якуцік, пра якога па ўсёй Беларусі дапытвалі стралкоў, і ў чым яго абвінавачваюць

«У тэлефоне правяралі не толькі падпіскі». Мужчын пры выездзе за мяжу дапытваюць — падрабязнасці

Затрымалі беларуса, які вярнуўся з-за мяжы, — за каментары з 2020 года. Расказваем, як яго знайшлі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Студент/адказаць/
13.03.2023
Gorliwy Litwin, от панских презумпций хлебопашцам прилетало то в лоб, то по лбу. И иногда розгами. Панским вертухаям тоже, но они всё равно за празумпцыи и имунитэты.
0
Студент/адказаць/
13.03.2023
Гриша, а что значит фашисткий режим? Это те которые за Островского, Абрамчика, Кушэля?
0
чижик-пыжик з Таборовей/адказаць/
13.03.2023
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера