Знайсці
11.03.2023 / 10:477РусŁacБел

«Расейцы, як у Другую сусветную, трупамі ваююць». Дзяніс Урбановіч зноў едзе на фронт

Баец батальёна «Волат» палка Каліноўскага расказаў «Свабодзе» пра трэцяе раненне, бой з вагнераўцамі ў Бахмуце і сустрэчу з Зянонам Пазняком.

Былы старшыня «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч пасьля трэцяга раненьня, атрыманага ў баях за Бахмут, другі раз праходзіць мэдычную камісію. Першая спроба атрымаць дазвол мэдыкаў на вяртаньне на фронт для беларускага ваяра з пазыўным «Ваўкалак» была няўдалай — застаецца праблема зь пячонкай, пашкоджанай у выніку кулявога раненьня. Дзяніс спадзяецца прайсьці камісію з другой спробы і ўжо зноў зьбіраецца на фронт пад Бахмут.

«Што мне два рабры часткова выдалілі, як кулю даставалі, ведаў адразу. Але толькі празь месяц мэдык сказала, што мне яшчэ і пячонку зашывалі. Там, куды куля трапіла. Нейкая пухліна вылезла, таму адразу на фронт не дазволілі», — расказаў Дзяніс пра вынікі першага мэдагляду.

Дзяніс Урбановіч у шпіталі пасьля раненьня

Баец кажа, што спачатку ад вынікаў камісіі моцна разгубіўся, нейкі час не знаходзіў сабе месца, але цяпер узяў сябе ў рукі, адкінуў сумневы і праходзіць камісію зноў.

«Усё будзе добра. Яшчэ падлячуся і вярнуся. Не ўяўляю, што б рабіў дзе ў Польшчы, пакуль хлопцы працягваюць ваяваць. Ня кіну іх. Трэба дапамагаць жывым, трэба помсьціць за мёртвых. Можа, не адразу пачну выходзіць на баявыя заданьні, але што вярнуся — гэта дакладна. Ужо бачыўся з «Генэралам» (пазыўны непасрэднага баявога камандзіра Дзяніса Ўрбановіча. — РС), той кажа, што занятак мне знойдзе», — падзяліўся плянамі былы маладафронтавец.

«Спачатку думаў, што гэта ўкраінцы»

Трэцяе па ліку і самае цяжкае раненьне Дзяніс Урбановіч атрымаў у студзені. Бой быў цяжкі, нечаканы. Ворагаў — удвая, калі не ўтрая больш, расказвае Урбановіч. Жаўнер дадае, што большасьць беларускім ваярам удалося зьнішчыць, але і самі пацярпелі — 5 параненых, а два ўкраінскія байцы, якія таксама бралі ўдзел у баі, загінулі. На пытаньне, ці думаў пра сьмерць, калі атрымаў кулю, Дзяніс адказаў: «Не пасьпеў. Затое яна пра мяне думала» — і расказаў у дэталях пра той бой.

«У нас усе раненьні былі атрыманыя як у ляжачых. Аднаму ў шыю, другому ў плячо. Мая куля трапіла ў бронеабарону, увайшла праз грудзіну і пайшла далей. А пачалося з таго, што адправілі праверыць бліндаж, які раней быў заняты ўкраінцамі. Калі туды накіравалі, дык па рацыі сказалі, што ўжо няма нікога ўвогуле. Бяру двух хлопцаў з сабой, ідзём. Падымаем дрон — нікога ня бачна. Аказалася, там два расейцы былі ў густым хмызьняку, і мы на іх натрапілі. Падыходзім, загадваю двум нашым легчы, а сам пасунуўся наперад. Убачыў таго расейца, нават загаварыць зь ім пасьпеў, бо спачатку думаў, што гэта ўкраінцы, але засьцерагла іх зьнешнасьць. Не падобныя, нейкія занадта чарнявыя. І ў гэты момант другі зь іх перазарадзіў аўтамат. Я пачуў ды па іх стрэліў з «бульдога» (рэвальвэр, прыдатны для бліжняга бою. — РС). Аднаго адразу паклаў, а другі пачаў з акопу па нас страляць. І таксама трапіў», — згадвае Дзяніс пачатак бою.

Што адчуў, калі куля трапіла ў цела? Баец параўноўвае момант з ударам кулаком і кажа пра моцны штуршок. Адразу скаціўся ў роўчык, зброя з рук вывалілася.

«Падумаў пра тых дваіх, якія са мной былі, што ім кранты. У самога паветра ў лёгкіх перахапіла, дыхаць не магу. Ледзь змог па рацыі сказаць, што я трохсоты — значыць, паранены. Атрымліваецца, што я ляжу, а за ўзгоркам — расеец з аўтаматам, а я без аўтамата. І вылезьці не магу, бо вельмі шчыльны агонь — расейцы пачалі свайго падтрымліваць. Хмызьняк проста сячэ.

Але паляжаў і вырашыў пайсьці: падстрэляць дык падстрэляць. Прайшоў мэтраў 15, зьняў браню і гляджу — дзірка ў грудзіне, кроў сочыцца. Тады хлопцы мяне сустрэлі, аказалі першую дапамогу. Ужо адчуваў моцны боль, але яшчэ пасьпеў па рацыі запрасіць дапамогу, кулямётчыкаў.

Тут вяртаюцца два хлопцы, якія са мной былі. Абрадаваўся за іх. Парамэдык прабіў мне іголкай грудзі, выпусьціў паветра. Але ў лёгкіх ужо была кроў, ігла забівалася. Тады ўваткнуў другую іглу, і я стаў нармальна дыхаць. Паставілі катэтар, укалолі наркотык. Нават не разбаўлялі, увесь. Бок вельмі моцна балеў, і я зразумеў, што там недзе куля, у рэбрах. Але вакол ідзе бой, страляніна. Наперадзе вораг, па баках вораг, і ззаду вораг спрабуе прарвацца. Як выйсьці? І тады я зноў проста падняўся і пайшоў да сваіх. І гэтак выйшаў да мэдыкаў, і павезьлі мяне на эвакуацыю.

А як давезьлі, дык сказалі, што ў мяне, аказваецца, сэрца спынялася недзе на 40 сэкундаў».

«Ваўкалак» — 200-ы»

Дэталі пра сваю эвакуацыю ў тыл Дзяніс ведае ад парамэдыка, якую заве пазыўным «Север». Тая расказала, што спыненьне сэрца ў такіх выпадках бывае, бо калі куля прабівае ўнутраныя органы, у чалавека спрацоўвае рэфлекс, і сэрца можа адключыцца. Тады яго запускаюць масажам, але ў выпадку Ўрбановіча масаж сэрца не маглі рабіць, бо куля прабіла грудзі акурат ля сэрца. Пачакалі, нешта яшчэ ўкалолі і па рацыі перадалі, што «Ваўкалак» — 200-ы», то-бок забіты.

«Як клаўся для эвакуацыі, дык лёг на левы бок, бо балела ў правым, і гэтак страціў прытомнасьць. А па дарозе раптам трапілі ў яміну, лопнула кола, машыну падкінула і, відаць, сэрца запусьцілася. Але я гэтага нічога ня памятаю. Ужо ў Дняпры, у рэанімацыі, прачнуўся ад таго, што задыхаюся, не хапае паветра. Ляжу ў нейкай цемры, з парэзаным жыватом. З Дняпра потым перавялі ў Кіеў. Там яшчэ тыдзень паляжаў у шпіталі, пачаў паступова хадзіць».

Батальён «Волат»

Дзяніс вяртаецца да дэталяў апошняга для сябе бою. Кажа, што перад выхадам на заданьне ведаў, што бой будзе цяжкі. Байцоў-беларусаў зь ім было 14, яшчэ ў дапамогу далі 10 украінцаў. Разьлічвалі, што дзень правядуць на новых пазыцыях, але ноччу ім перадалі, што рускія ззаду, атакуюць дамы. Тады беларусы зразумелі, што адысьці не выпадае, будуць стаяць там да канца, пакуль не адаб’юцца ад ворага. І выстаялі. Праўда, панесьлі страты — 6 параненых.

Урбановіч кажа, што ня хоча кідаць сваю частку ў тым ліку праз стаўленьне да яго камандзіраў. Згадвае проста: «Кіраўніцтва абароны Бахмута задаволенае тым, як ваюе мая група. Ня раз чуў, як казалі: «Туды пойдзе група «Ваўкалака», яны больш падрыхтаваныя».

Паводле Дзяніса Ўрбановіча, у батальёне «Волат», у складзе якога ён ваюе камандзірам групы, шмат маладафронтаўцаў. Прозьвішчаў баец не называе, бо ня ўсе хочуць, каб пра іх стала вядома. Дый не вядомасьць галоўнае, мяркуе Дзяніс.

«Мы ўсе кляліся, што будзем змагацца, у тым ліку помсьціць за нашых сяброў, якія загінулі. Ды нам і здавацца ў палон нельга. Пакуль што будзем ваяваць і адначасова фармаваць беларускае незалежнае войска. Людзей да нас пад’яжджае ўсё больш. Калі мы полк Каліноўскага, дык хацелася б, каб нас было столькі, колькі патрэбна для поўнага складу. Але пакуль ваююць толькі два батальёны: наш «Волат», і другі — «Літвін».

«Да Кіева «за тры дні» ня дойдуць, гэта дакладна»

Сытуацыю пад горадам Бахмутам на захадзе Данецкай вобласьці, за які жорсткія баі ідуць з восені, Дзяніс Урбановіч называе надзвычай цяжкай. Адзначае, што ўсю зіму паступова, па некалькі мэтраў у дзень, але расейцы прасоўваліся наперад. Тую мясцовасьць, дзе яго параніла, на ўскраіне гораду непадалёк ад дарогі на Салядар, давялося ўсё ж аддаць ворагу. Прычыны, заўважае беларускі ваяр, ня толькі ў колькаснай перавазе праціўніка.

«Сябры-ўкраінцы — добрыя і мужныя ваяры, але ў іх усё ж шмат і бардаку. Узяць той бой, калі нам у дапамогу далі 10 украінскіх мабілізаваных. Дзякуй, але ж яны ня ўмелі нават гранаты кідаць, толькі стралялі з аўтаматаў. У іх бронікі, па 4 магазыны, і ўсё, больш ніякай зброі. Ды яшчэ і баяцца.

З выведкай таксама ёсьць праблемы. Тады, перад нашым выхадам, там мусілі ўсё праверыць і зачысьціць, яшчэ раніцай, але нічога не зачысьцілі. І ў выніку ўжо як мы пайшлі ў бой, дык расейцы аказаліся і наперадзе, і па баках, і ззаду.

Потым па трупах падлічылі, што іх было недзе 25—28. У нас у рэзэрве 10 чалавек — і гэта ўсё. А ў іх рэзэрвы бясконцыя. Ідуць і ідуць. Новы наступ плянуецца — гэта бачна. Кажуць, што і на Запарожжа папруць. Але яны яшчэ рыхтуюцца, бо шмат сілаў затрацілі на Салядар, на Бахмут. Аднак да Кіева «за тры дні» ня дойдуць, гэта дакладна».

Нягледзячы на гэта, Дзяніс мяркуе, што шанцы ўтрымаць Бахмут ва ўкраінскага войска яшчэ ёсьць: «Калі падцягнуць тэхніку, якая едзе з-за мяжы па лэнд-лізе, то ўтрымацца можна».

Паводле зьвестак, якія Дзяніс атрымаў ад сяброў з палку Каліноўскага, з-пад Бахмуту расейскае васковае камандаваньне адвяло вагнэраўцаў, а ім на замену завялі вэдэвэшнікаў-кадравікоў. «Крыху стала спакайней, кажуць. Рэсурс у іх заканчваецца, ня вечны. Але нашыя не выключаюць, што можа быць новы наступ недзе ў красавіку».

Урбановіч не выключае, што рэгулярныя вайсковыя часткі Беларусі могуць далучыцца да агрэсіі супраць Украіны. Жаўнер спасылаецца на крыніцы ў Беларусі, ад якіх чуў пра падазроную вайсковую актыўнасьць.

«Усіх сяброў, хто служыў са мной у Мар’інай Горцы, усіх прызвалі наноў. З адным я паразмаўляў. Той сказаў, што нашых сяброў прызвалі, некаторых толькі адпусьцілі, але большасьць пагналі ў бок Пінску. Як прыехалі, адразу паступілі пад камандаваньне рускіх камандзіраў з «Вагнэра», якія тлумачылі, як забіваць, як рэзаць. І другіх фактаў хапае.

Таму мяркую, цалкам верагодна, што Лукашэнка вырашыць дапамагчы Пуціну людзьмі, ня толькі тэхнікай ці навучаньнем. Нават не выключаю, што асобныя нашыя аддзелы ўжо ваявалі. Летась, як расейцы заходзілі ў Бучу, сярод іх былі і беларускія СОБРаўцы. Як той казаў, «для падвышэньня кваліфікацыі». Украінцы ў шпіталі расказвалі, як білі беларусаў на Чарнігаўшчыне і як тыя, калі адступалі, кідалі запіскі, прасілі выбачэньня. І ў некаторых з тых, каго перабілі на трасе да Кіева, былі беларускія знакі, беларускія сьцяжкі», — расказаў Урбановіч. Пацьверджаньняў гэтай інфармацыі ў іншых крыніцах няма.

Пра Бахмут

Пра тое, што Бахмут трымаецца, Дзяніс ведае ня толькі са зводак камандаваньня і навінаў па ТВ.

«Учора знаёмы ўкраінец прыслаў адтуль відэа — езьдзяць па горадзе на брані, узмацняюцца. Капаюць акопы, блёкамі выкладваюць барыкады. Як сам туды прыеду і пагляджу на свае вочы, тады больш буду разумець. Зразумела, што як у Зяленскага прайшло паседжаньне стаўкі і вырашылі Бахмут не здаваць, дык войскі будуць выконваць загад. Але калі расейцы зноў моцна націснуць і зноў узьнікне пагроза акружэньня, дык могуць усё ж здаць. Бо пытаньне ў людзях. Калі Расея кіне туды яшчэ столькі ж, як там ужо паклалі, дык усё можа быць».

Бой з вагнэраўцамі

Згадвае беларускі ваяр з пазыўным «Ваўкалак» і баявыя сустрэчы з наймітамі прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэра». Паводле Дзяніса Ўрбановіча, гэтыя былі апранутыя і ўзброеныя значна лепш за салдатаў расейскага войска: сучасная форма, добрая зброя з глушнікамі і ўсімі патрэбнымі прыстасаваньнямі, сродкі сувязі.

«І па вядзеньні бою адразу зразумееш, што гэта вагнэравец», — кажа камандзір групы батальёну «Волат» Дзяніс Урбановіч. Вось што ён расказаў пра бой з вагнэраўцамі, які адбыўся на ўскраіне Бахмуту.

«Сядзелі зь імі па розных дамах. Тут мы, а празь дзьве лініі агародаў — дом з расейцамі, іх восем чалавек. Яны там апорны пункт зладзілі. Гэта калі вылучаецца група, замацоўваецца, а потым да іх падцягваюцца іншыя, і адтуль яны выходзяць на розныя баявыя заданьні. Паступова іх стане ўсё больш і больш, таму такі пункт трэба як мага хутчэй зьнішчаць. Вось нам прыйшоў загад зь імі разабрацца. Спачатку назіралі за імі. Бачым, што там профі. Аўтаматы з глушнікамі, ручныя гранатамёты. Каскі добрыя, браня добрая. Форма чорная. Спачатку перастрэльваліся, але потым бачу, што нічога ня зьменіш гэтак, дык давялося двойчы выбягаць з дому з гранатамётам і страляць ім па вокнах.

На сваю рызыку выбягаеш на пару сэкундаў, цябе хлопец страхуе, каб не падстрэлілі. Галоўнае — хутка пацэліць у вакно. У мяне атрымалася. Частку дома разьнесла — два іхныя там загінулі, трупы засталіся ляжаць, астатнія ўцяклі».

Па вяртаньні ў частку Дзяніс далажыў камандаваньню пра выкананае заданьне і пры гэтым, як кажа, дадаў пра памылкі, якія зрабіла ранейшая выведка.

«Бо гэтак бывае: нечага ня ўгледзяць, а потым нас там чакае зусім іншае, адсюль і страты. Мы калі самі рыхтуем заданьне, дык запускаем дрон, усё правяраем. А як нам спускаюць заданьне, дык можа быць па-рознаму. Таму цяпер толькі з дронамі працуем. Дрон выконвае вялізную ролю ў сучасным баі — безь яго ніяк».

Пра сустрэчу зь Зянонам Пазьняком

У канцы студзеня лідар партыі КХП БНФ Зянон Пазьняк прыехаў у Бахмут і там сустрэўся з байцамі палку Каліноўскага. Бачыў Пазьняка і Дзяніс Урбановіч, але іх сустрэча адбылася ў Кіеве. Дзяніс згадвае, як Пазьняк моцна паціскаў яму руку і з усьмешкай казаў, што «рады бачыць Дзяніса ўсяго ў дзірках».

«Мы пагаварылі пра «Малады фронт», пра створаную спадаром Пазьняком «Вольную Беларусь». Зянон Пазьняк патлумачыў мэту прыезду ў Бахмут — прывезьці дроны, грашовую дапамогу нашым байцам, пагаварыць зь імі, пазнаёміцца. Дзякуй богу, што зьезьдзіў. Нават быў у тых месцах, якія абстрэльваюцца. У ягоныя гады даехаць туды — гэта шмат чаго варта. Бо ў Бахмут нават дабрацца цяжка.

Адзначу тое, што ў гэтай створанай Пазьняком «Вольнай Беларусі» вельмі спадабалася. Што там добра адладжаная фінансавая частка, усё празрыста, адкрыта. Падышлі яны вельмі сур’ёзна да тых грошай, якія зьбіраюцца для дапамогі. Бо ў іншых больш закрытая сыстэма, а тут — да кожнай капеечкі бачна, хто што перадаў і куды пайшлі данаты».

«Нас чакаюць у Беларусі»

Дзяніс прызнаўся, што ва Ўкраіне ў яго была дзяўчына, з Запарожжа, але пасьля другога раненьня яны рассталіся. Гэтая страта яму дагэтуль баліць ня менш за раненьне.

«Пасьля майго другога раненьня дзяўчына захацела, каб сышоў з войска, паклаў рапарт аб звальненьні. Сказаў, што не, буду далей ваяваць. А раз гэтак — усё. Разышліся. Ну, нічога. Цяпер батальён — мая сям’я, безь якой мне ніяк. Баявое сяброўства, пасьля таго як цябе выцягнулі параненага з поля бою, становіцца яшчэ мацнейшым, я б сказаў, непераадольным. А мяне пасьля другога раненьня якраз выцягвалі непрытомнага з поля бою. І што, я пасьля гэтага хлопцаў кіну?»

Ёсьць і другая прычына, чаму ня хоча «сыходзіць у адстаўку», прызнаецца Ўрбановіч.

«Яшчэ не пакідае ідэя беларускага незалежнага войска, якое чакаюць у Беларусі. Трэба нам мець гэткае ж фармаваньне, як батальён «Азоў» ва Ўкраіне. Яны робяць вельмі вялікую справу. Там людзі зь вялікім баявым досьведам і вялікія патрыёты, усе размаўляюць на роднай украінскай мове. Нам падобныя часткі вельмі патрэбныя».

Дзянісу Урбановічу ў распалажэньні штабу ў Кіеве ўручылі баявую ўзнагароду Ўкраіны — мэдаль «За бойові заслугі». А таксама прадстаўнік Рады БНР уручыў яму салдацкі Мэдаль за баявыя заслугі, заснаваны Радай БНР.

Урбановіч з аднапалчанінам Аляксеем Вайцяховічам, таксама былым сябрам «Маладога фронту»

«Учора я прайшоў мэдычную камісію і 11 сакавіка еду на фронт», — сказаў Дзяніс Урбановіч.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
4
Агностык/адказаць/
11.03.2023
Ня "русскія ваююць мясам", а расеяне ваююць мясам. Рускіх у Расее амаль не засталося, толькі як палітонім і тэй ня верны. Рускі-гэта праваслаўны прыхажаніні Рускай Праваслаўнай царквы Кіеўскага Патрыярхата. У Расее маскоўцы, татары, мардвіны....і гэтак далей.
0
Студент /адказаць/
12.03.2023
Агностык, а чем такие как ты лучше татар, мордвы и гэтак далей?
0
Дядя киплинг/адказаць/
13.03.2023
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера