Знайсці
11.03.2023 / 22:486РусŁacБел

«Колькі каштуе? Ну, колькі дасце». Якія прысмакі можна купіць «па дарозе»?

Дасведчаныя вандроўнікі заўсёды закладаюць у бюджэт любой аўтамабільнай паездкі выдаткі на пакупкі: на прыдарожных рыначках, якія ўзнікаюць уздоўж трас, часам можна набыць тое, што не купіш больш нідзе. З надыходам вясны прыдарожныя міні-рынкі ажываюць. «Звязда» ўдакладніла, што і пачым можна зараз купіць «па дарозе»?

Дарэчы, не такі ўжо прыдарожны гандаль у нашы дні нецывілізаваны. Некалькі гадоў таму было прынята рашэнне аб арганізацыі міні-рынкаў каля вёсак, каб вяскоўцы маглі прадаваць лішкі са свайго саду-агарода. Такіх і было абсталявана дастаткова шмат (звыш як 250 толькі ў Мінскай вобласці, больш за 40 з іх — каля магістральных і рэспубліканскіх аўтадарог: відавочна, што чым больш ажыўлены рух па трасе, тым больш бойкі гандаль).

Словам, стыхійны гандаль у нашы дні практычна перастаў быць стыхійным. Вядома, восенню, падчас збору ўраджаю, імправізаваныя «прылаўкі» з табурэтак і скрынь узнікаюць нават на невялікіх дарогах мясцовага значэння. І ўсё ж на сёння прыдарожны гандаль у асноўным перамясціўся на спецыяльна абсталяваныя гандлёвыя пляцоўкі — прылаўкі пад навесамі. І гэта, безумоўна, плюс не толькі для тых, хто прадае — яны абароненыя ад ветру і ападкаў, але і для кіроўцаў.

У мінулыя гады Дзяржаўтаінспекцыя пастаянна папярэджвала і тых, хто едзе па трасе, і тых, хто прадае сельгаспрадукцыю на яе абочыне, аб небяспецы прыдарожнага гандлю. Супрацоўнікі ДАІ казалі, што ў патоку машын кіроўцы памяншаюць хуткасць і перастройваюцца на іншую паласу, адцягваюць увагу ад дарогі, імкнучыся разгледзець, што прадаюць. Спыніўшыся на супрацьлеглым баку трасы, перабягаюць дарогу ў неўстаноўленым месцы. Прадаўцы часам усталёўваюць прылавак вельмі блізка да дарогі, каб з акна машыны лягчэй было разгледзець іх тавар. І ўсё гэта правакуе магчымасць ДТЗ.

Менавіта таму навесы з прылаўкамі звычайна размешчаныя ў дарожных «кішэнях» — кіроўца з'язджае з трасы, можа спакойна прыпаркавацца і рабіць пакупкі, не ствараючы аварыйную сітуацыю.

«Экаяйкі» па чатыры пяцьдзясят

На трасе Р-28 прыдарожны гандаль пачынаецца кіламетраў праз 35—40 пасля МКАД. «Першыя ластаўкі» — за кіламетр-два да абсталяванага міні-рынку — табурэткі, выстаўленыя да дарогі (яйкі, яблыкі, казінае малако і тварог).

«У мяне дзясятак яек па чатыры рублі, там далей па пяць будуць, — папярэджвае праз плот гаспадыня. — Наогул, цяпер яйкі па 5 рублёў усюды па вёсцы прадаюць, проста ў мяне апошні дзясятак».

Яблыкі яна прапануе і зусім задарма: рубель пяцьдзясят — пяцілітровае вядзерца. Кажа, летам шмат нарасло, зімой добра захаваліся, «вазьміце хоць на сок!» Але ў асноўным за свежыя яблыкі позніх гатункаў са свайго саду цяпер уздоўж дарог просяць ад трох да пяці рублёў за вядзерца.

Гаспадар імправізаванага прылаўка праз два дамы ад яе разводзіць рукамі:

«Яек сёння ўжо няма. Купілі. Па чатыры пяцьдзясят аддаў. Яек заўсёды толькі дзясятак выношу на продаж, гэта ж не птушкафабрыка. Тваражок пакуль не прадаў — ён таксама зусім свежы, пакаштуйце…»

Яйкі на такіх рынках — запатрабаваны тавар, які разбіраюць у першую чаргу. Аказваецца, любы, хто разводзіць курэй, лёгка адрозніць «сапраўднае» яйка ад фабрычнага — і не, не па наяўнасці або адсутнасці кляйма на шкарлупіне. І нават не па колеры жаўтка — патрэбнай яго яркасці ў сучасных умовах можна дамагчыся на любой птушкафабрыцы пры дапамозе дабавак да камбікорму.

Аказваецца, у вясковых «экаяек» шкарлупіна танчэйшая, чым у фабрычных. Яна не гладкая, а шурпатая, і яйкі ў дзясятку — рознага памеру і колеру. Ну, а галоўнае адрозненне першых ад другіх — тое, што куры на «свабодным выгуле» спажываюць натуральную ежу (траву, насякомых, слімакоў) і атрымліваюць карысныя рэчывы, дзякуючы якім і яйка становіцца карысным, сказаў суразмоўца.

Зараз яйкі на міні-рынках у дэфіцыце. У натуральных умовах утрымання куры добра нясуцца толькі ў цёплы час. Узімку, каб яек было столькі ж, патрэбны спецыяльны корм…

Але зараз будзе станавіцца цяплей, і яек на продаж на міні-рынках, адпаведна, будзе ўсё больш. З мінулага года цэны на іх выраслі на пяцьдзясят капеек—рубель: у 2022-м дзясятак звычайна аддавалі па 4 рублі, распавялі людзі.

Купляць яйкі «з рук», вядома, наважваецца не кожны — цалкам разумна для спажыўца баяцца сальманелёзу, ад якога ты застрахаваны, купляючы яйкі ў краме. І ўсё ж, кажа мужчына, пакупнікоў заўсёды хапае. І пра яйкі яны пытаюцца пастаянна.

«Закаткі добра купляюць»

Упарадкаванне прыдарожнага гандлю пацягнула за сабой і пэўны кантроль тавару, выстаўленага на продаж. Так, яго «арганічнасць» і «аўтэнтычнасць» цяпер пакупніку гарантаваная. Перапродаж на такіх гандлёвых пляцоўках не дапускаецца.

Каб мець права гандляваць на прыдарожных міні-рынках, трэба атрымаць даведку ў сельскім выканаўчым камітэце аб тым, што вы — уласнік зямельнага ўчастка. Прадстаўнікі сельвыканкама фіксуюць, што на вашым участку вы вырабляеце тую сельгаспрадукцыю, лішкі якой і будзеце прадаваць. Напрыклад, што ў вас ёсць пчальнік, або вы трымаеце парсючкоў, або вырошчваеце буякі…

Так што на такіх міні-рынках вам не прапануюць тое, што раніцай купілі на аптовым рынку — толькі тое, што вырашчана сваімі рукамі. Іншымі словамі, тое, што ўжывае і сам прадавец, і яго сям'я.

Зразумела, купляючы «па дарозе», важна разумець, што прадукты харчавання, якія прадаюцца ўздоўж трас, не праходзяць жорсткага кантролю якасці і бяспекі. У групе рызыкі — малочныя прадукты, сала, мяса і каўбасы, яйкі і, вядома, хатнія закаткі. А яны на пачатку вясны — адзін з галоўных тавараў прыдарожнага гандлю.

І пакуль медыкі катэгарычна не раяць набываць закаткі, якія прадаюць у месцах стыхійнага гандлю, у прадаўцоў — свая праўда. Лекары кажуць, што такія «прысмакі» могуць надоўга пакласці ў бальнічную палату: у анаэробных умовах цэлы шэраг патагенных мікраарганізмаў здольныя актыўна развівацца і выдзяляць таксіны, якія выклікаюць атручэнне.

Прадаўцы на гэта адзначаюць: маўляў, вось жа мы, заўсёды тут, хаты нашы побач з міні-рынкам, знайсці нас лёгка, калі што не так. І раз гандлюем спакойна ўжо не першы год і нават маем «пастаянных кліентаў», значыць, закаткі нашы пакупнікі ядуць і нахвальваюць.

«Гатую і на продаж, і для сваёй сям'і аднолькава, — кажа пенсіянерка, якая прапануе закаткі на адным з прыдарожных міні-рынкаў пад Маладзечнам. — Мы нясём поўную адказнасць за сваю прадукцыю — можа, нават большую, чым прадаўцы на любым мінскім рынку або ў краме».

Ці можна зарабіць на закатках у нашы дні?

«Можна. Закаткі добра купляюць, — распавядае Наталля (яна гандлюе на прыдарожным рынку на трасе Р-28). — Было 115 слоікаў агуркоў, цяпер ужо два слоічкі ўсяго засталося, астатнія за зіму прадала. У месяц больш за 100—150 рублёў на закатках можна зарабіць. Калі ставіць увосень, як я, дзве тысячы слоікаў… Таматны сок вельмі добра ідзе, марынаваныя памідоры, агуркі».

Асартымент закатак — леча, салат, самых розных аджык і салянак, грыбных асарці — на прыдарожным рынку на выездзе з сяла Краснае сапраўды надзвычайны. У сярэднім за паўлітровы слоічак тут просяць 5—6 рублёў.

Вельмі шмат варэння — з малін (лясных і садовых), вішань, чарніц, брусніц, клубніц, сліў…

«Учора заязджала жанчына, некалькі слоікаў слівавага варэння купіла, сёння ўзяў з запасам», — дзеліцца прадавец.

Самая «складаная» і дарагая закатка звычайна не перавышае па цане 7—8 рублёў. Трохлітровая банка вішнёвага кампоту, праўда, абыдзецца пакупніку ў дзясятку.

«Можна было б і танней аддаць, але трохлітровы слоік каштуе 3 рублі, — кажа жанчына за прылаўкам. — Была б у вас банка наўзамен, аддала б кампоцік па сем рублёў. Нават па шэсць…»

Дарагоўля тары ўплывае і на кошт кіслай капусты — прадаўцы кажуць, саступілі б вядзерца за тры, але само вядзерца каштуе паўтара рубля, так што аддаюць па чатыры.

Капуста, дарэчы, у кожнага прадаўца — па ўласным фірмовым рэцэпце. І — са свайго агарода.

Паўлітровы слоічак марынаванага шчаўя — дзе тры, а дзе чатыры рублі. Столькі ж — палова літра марынаваных падзялёнак. Лісічкі будуць даражэйшымі — у сярэднім 5—6 рублёў за паўлітровы слоік.

У вас тавар, у нас купец

Што яшчэ ў асартыменце? З цікавага, напрыклад, — ператоплены свіны тлушч. Той самы смалец, за які сёння выступаюць дыетолагі ў процівагу звыкламу для гараджаніна смажанню на алеі (імі лепш салаты запраўляць). Успамінаю, як кіраўнік Гільдыі кухараў Беларусі распавядаў, што любіць гатаваць на смальцы (дык вось, аказваецца, як гэты смалец выглядае: беласнежны і без паху) — маўляў, гэта здаровы і карысны прадукт, і ніякіх канцэрагенаў пры награванні.

«Я таксама заўсёды на смальцы гатую», — заўважае прадавец Васіль Іванавіч.

Смалец ён прапануе за ўсё тыя ж 5 рублёў — паўлітровы слоік.

Самы дарагі прадукт на яго прылаўку (і ў цэлым на прыдарожным рынку), напэўна, мёд — 20 рублёў за літр.

«Гэта майскі, а гэта — ліпеньскі збор. Адразу з медагонкі ліўся ў слоік, таму — бачыце? — фруктоза выступіла. Ён не грэўся, ніяк не апрацоўваўся — самы сапраўдны, карысны мёд», — тлумачыць суразмоўца.

Прыцягваюць увагу прыгожыя, важкія залатыя і фіялетавыя звязкі цыбулі — іх хочацца купіць нават проста як упрыгажэнне для кухні. Адзін такі звязак «зацягвае» на 2—3 кг.

«А яшчэ ў мяне вельмі шмат рознага часнаку. Вось гэты — яравы. А вось сушаны. Калі перамалоць яго ў кавамолцы і дадаць у мяска або каўбаску — водар проста надзвычайны!» — распавядае Васіль Іванавіч.

Важкі мяшок марожанага гарбуза, вычышчанага і парэзанага кубікамі, абыдзецца пакупніку ў 2 рублі.

Ну, а сушаныя яблыкі і грушы (апошнія храбусцяць і падобныя да чыпсаў) вам шчодра насыплюць у падстаўленыя коўшыкам рукі — спрабуйце!

«Колькі каштуе сушаная груша? А я не ведаю, — усміхаецца жанчына за прылаўкам. — Ну, колькі дасце…»

У будні рух на дарозе ажыўлены: спыняюцца каля прылаўкаў і дальнабойшчыкі, і першыя дачнікі, якія вырашылі наведаць свае «соткі» пасля зімы, і наогул усе, чый шлях ляжыць у бок Вілейкі і Нарачы або адтуль — у Мінск.

На такіх міні-рынках прадаўцы не абвешваюць і не аблічваюць, а пакупнікі не асцерагаюцца, што «добрае пакладуць толькі зверху» — наадварот, тут усё трымаецца на даверы. Гэта рынак у сваім першапачатковым выглядзе: у вас тавар, у нас купец.

У прадаўцоў вагаў або бязмена часцяком і зусім няма, усё мераецца «на вока», вядзерцамі і слоікамі. Ды і цэны, пагадзіцеся, невысокія, асабліва калі ўявіць, колькі працы ўкладзена, каб усё гэта вырасціць і прыгатаваць.

Тым больш што таргавацца на такіх рынках, як на ўсходнім базары, не забараняецца і нават вітаецца. Таму што адна з галоўных функцый прыдарожнага гандлю — чалавечыя зносіны, магчымасць з некім паразмаўляць.

«Мы ўсе людзі пажылыя, вы бачыце. Мне 68, ёй — 80, далей вунь — 65. Сумна ўвесь час сядзець перад тэлевізарам. А тут мы і пагаварыць можам, і на людзей паглядзець», — усміхаецца пенсіянерка за прылаўкам.

Рэч у тым (тлумачыць суразмоўніца), што, калі легчы і нічога не рабіць, так і застанецца толькі памерці. Не, трэба жыць, працаваць, і гэта — сакрэт даўгалецця, упэўнена яна. І да таго ж, «хіба ж такое ў краме купіш? Тут толькі натуральныя прадукты, ніякай хіміі!»

У размову ўступаюць ахвотна, «скінуць цану» лёгка згаджаюцца, а ўпадабанаму пакупніку яшчэ і дадуць што-небудзь у дадатак бясплатна пакаштаваць. Не задаючыся пытаннем, ці вернецца ён яшчэ калі-небудзь да гэтых прылаўкаў.

Гандлююць цяпер на прыдарожных рынках, зразумела, і вясковым прадуктам нумар адзін — салам. «Белым» і з мяснымі праслойкамі. А таксама «пальцам пханай» каўбаскай — адным з брэндаў сапраўднай беларускай кухні. Па яе дарогу сюды праклалі ўжо многія мінчане, расказалі прадаўцы.

Сала на мінскіх рынках б'е ўсе рэкорды — у студзені цана даходзіла аж да 32—33 рублёў за кілаграм. Наталля трымае парсючкоў сама. І цану можа выстаўляць любую. Сала прадае па 24 рублі за кіло, вэнджанае — па 26 рублёў.

«А каўбаску ўсю разабралі. І паляндвічку таксама ўжо ўсю сёння прадала. Ды вы спрабуйце», — і яна шчодра адразае лусту сапраўды вельмі смачнага сала.

Наталля распавядае, што, акрамя парсючкоў, трымае бычкоў, бройлерных курэй, трусоў.

— Як жа вы ўсё паспяваеце: і гаспадарка такая вялікая, і сад-агарод, і закаткі, і на рынку стаяць? Тым больш цяпер ужо мала хто ў вёсках гаспадарку трымае…

— Напэўна, прывыкла працаваць… Мне пашанцавала: побач муж і сын, усё робім разам. Муж працаваў дальнабойшчыкам. У адзін дзень усё абарвалася: стаў інвалідам першай групы. Кажа, што ж зараз рабіць, гарэлку піць? І заняўся гаспадаркай. Я выйшла на пенсію: у красавіку будзе ўжо год, як не працую. Унукаў у нас пакуль няма: дачка нядаўна выйшла замуж (яна жыве ў горадзе), сын яшчэ не ажаніўся. Так што часу на ўсё хапае, і працоўных рук таксама. Летась пасадзілі 100 кустоў буякоў — сын вырашыў, што гэта цікава і перспектыўна. Так што са мной блізкія людзі, гатовыя падтрымаць і дапамагчы. І сумаваць на пенсіі няма калі.

Чытайце таксама:

Сыр плюс 40%, грэчка мінус 28%. Як за год змяніліся цэны на базавыя прадукты

Цэны на агуркі перасталі пужаць. Прынамсі, у Мінску

Сала — сапраўдны суперфуд. У чым карысць гэтага прадукту і колькі ён цяпер каштуе

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
ха ляля/адказаць/
12.03.2023
хвермер, пра жаўціз
ну на птушка-фабрыках ён мне будзе нешта казаць...

ну мо ў вас канечне не так )
5
мы ш/адказаць/
12.03.2023
а з закаткамі не ўгадаеш. батулізьм ці шчэ якая хрэнь
як і з тым - дзе вырошчвалася гэта ўсё? пры дарозе?
прадаецца (які дзень? год?) дык дакладна пры дарозе 
4
мы ш/адказаць/
12.03.2023
Мыш,
шчэ скажыце, што гномікі, буслы і іншыя жабы страшэнныя (што таксама прадаюцца пры дарозе) рукамі зроблены з гліны тутака, а не ў кітаі з пап'е машэ
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера