Знайсці
15.03.2023 / 12:325РусŁacБел

«Яны ў нас пад праслушкай. Але ні**я там няма, яны тэлефоны з сабою не бяруць». Як сілавікі разбіраліся з Новай Баравой і Дзяржынскам — зліў

У сеціва выклалі злівы размоў сілавікоў напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка 2021 года, атрыманыя з дапамогай «Кіберпартызанаў». У іх абмяркоўваецца аперацыя ў Новай Баравой і Дзяржынску. Шмат дэталяў пра тое, як спрабавалі схапіць хоць каго, каб справаздачыцца перад кіраўніцтвам.

З прыведзеных запісаў вынікае, што сілавікі для выканання пастаўленых на высокім узроўні задач не саромеліся ісці на парушэнне закону і добра разумелі, што робяць.

Перад Днём Волі ў 2021 годзе была разгорнута аперацыя з удзелам міліцыі грамадскай бяспекі, крымінальнага вышуку, крымінальнай міліцыі, ГУБАЗіКа і АМАПа.

Працытуем размову, у якой чалавек з голасам, падобным да голасу намесніка начальніка крымінальнай міліцыі УУС Мінскага аблвыканкама Ігара Качалава, размаўляе з чалавекам, які мае голас, падобны да голасу начальніка аддзела крымінальнага вышуку Мінскага РУУС Андрэя Іоды. Як сцвярджаецца, гэты званок адбыўся 5 сакавіка 2021 года.

— Удодаву пастаўлена задача вызначыць людзей, таму што далі каманду на самым высокім узроўні, што да 25 чысла неабходна разабрацца з Новай Баравой, — кажа голас, падобны да Качалава.

— Угу, — адказвае, мерквана, Іода.

— Таму пачынаем. Зноў уваходзім у ператрусы. Паглядзіце, хто для нас уяўляе інтарэс. Ваша задача зараз скласці спіс асоб, якія найбольш цікавыя. Так?

— Угу.

— Глядзі, вы па спісе максімальна хутка зараз робіце. Спіс павінен быць ужо. Максімум там паўгадзіны-гадзіна — спіс павінен быць. Хаця б прыкладны. Так?

— Угу.

— А ўжо, ну зразумела, санкцыі. Каб да канца дня мы з санкцыямі разабраліся і ўжо разумелі, якія сілы і сродкі нам прыцягваць. Таму што УБАЗ далучаецца. УБАЗ наш далучаецца, абласны, УБАЗ рэспублікі далучаецца. Ну і даём вам АМАП туды — яшчэ дадатковыя сілы.

— Ну, зразумела. Зараз будзем фармаваць спісы. Ну.

Як вынікае з перамоў, супрацоўнікі УУС праходзіліся па старых спісах, спрабуючы знайсці хоць некага. А потым ужо прыдумвалі, якую крымінальную справу прыпісаць.

— А ёсць крымінальныя справы ў нас там. Пад што? — пытае ў зліве голас, падобны да Качалава.

— Не, ну мы … У нас жа ёсць шэраг 341-х. І мы … І КНД [кантрольна-назіральная справа] ёсць па 341-ым. Ёсць і 309-ыя. Таму мы разбяромся тут ужо. Пытанняў няма. Проста сутнасць у чым? Ну, аператыўнае мерапрыемства праводзім? Выносім?

— Выносім.

— Добра. Ну і далей я тады дадаткова вам паведамлю па гэтых яшчэ актывістах.

— Нам трэба знайсці па Новай Баравой. Каб інфармацыя пайшла. Будзем… Хто там крыкуны гэтыя, б*. І хаця б некалькі чалавек знайсці. Пачаць адміністрацыйны працэс. І неяк. Ну, уеб** яго і разрэкламаваць колькі. Каб ім там улупілі па-максімуме. Ну і паказаць адпаведна сваю работу.

— Ну, я зразумеў. Ну, задача ставіцца, значыць, будзем выконваць. Добра.

Паралельна з аперацыяй у Новай Баравой Ігар Качалаў таксама спрабуе арганізаваць такую ж дзейнасць у Дзяржынску. Як сцвярджаецца ў відэа, у 11 гадзін раніцы таго ж дня ён тэлефануе начальніку Дзяржынскага РАУС Яўгену Жылінскаму.

— Глядзі. Вызначце чатыры адрасы, — кажа, меркавана, Качалаў. — Распыляцца моцна не трэба. Таму што Віталь Анатольевіч [Казлоў — першы намеснік начальніка УУС Мінскага аблвыканкама] хоча, каб сёння вынік быў. Сёння неабходна пастарацца іх санкцыянаваць. Да канца дня. Каб былі ў нас санкцыі: ці на агляд, ці на ператрус. Разумееш? Таму што справаздачу даём непасрэдна міністру. А міністр ледзь не прэзідэнту. Таму ўсіх… Ну, усе на нервах. Паспрабуйце зрабіць сёння некалькі аглядаў ці ператрусаў. Так?

— Так, — адказвае голас, падобны да голасу Жылінскага.

— А потым будзем думаць, як мы будзем уваходзіць. Усё, што ў цябе будзе, іншая інфармацыя — звані мне. Тады будзем там, ну, планаваць. Так?

— Ён мне сказаў вызначыць, б*, прозвішчы, якія вось ён мае на ўвазе. Ну, якія мы, б*, не можам. Ну, у любым выпадку інфармацыя дзесьці ў мяне сыходзіць з МГБа [міліцыі грамадскай бяспекі], б*, у любым выпадку. І вось я вызначыў тых, каго падазраю нават у дзейнасці. Тыя, што, б*, ходзяць, фатаграфуюцца ў лясах.

— А ёсць такія людзі ў цябе?

— Дык вось я іх і, б*, выбраў.

— Ну дык давай.

— Мы іх і агляд, на**й, і каб за імі пахадзіць.

— Значыць, глядзі, зрабіце іх і… Ну, гэта ж усё крымінальнай міліцыі сваёй скажы. Няхай робяць. Санкцыянуюць агляды і гэта. Як там начальніка гэтага, б*, як гэтага? Андрэй Мікалаевіч па-мойму.

— Так-так. Начкрым.

— Як яго прозвішча? Выскачыла.

— Маркевіч.

— А, вось, Маркевіч. А ён няхай другія мерапрыемствы выносіць паралельна на ўсіх.

— Другія мерапрыемствы на ўсіх.

— Ну, зразумела. А што мне толку ад іх, ад гэтых фота? Як іх… Паглядзім, што яны з сябе ўяўляюць.

— Ну, яны ў нас пад мерапрыемствамі былі слухавымі ўжо, б*. Але ні**я там няма. Яны нават тэлефоны, с**а, з сабою не бяруць.

Голас на фоне:

— Мы выносілі яшчэ на жонак.

Голас, які прыпісваецца Жылінскаму:

— І на жонак. Так, вось.

Меркавана, Качалаў:

— Ну гэта ж… Гэта ж атрымліваецца ў нас жа чатыры чалавекі. Невялікая колькасць тады была. Можа, зараз пачнуць гаварыць. Супакоіліся трохі.

У той жа дзень, як сцвярджаецца ў відэа, Ігар Качалаў пазваніў начальніку 10-га ўпраўлення ГУБАЗіКа па Мінскай вобласці Віталю Федарцу. Яны пагаджаюцца, што затрымліваць людзей неабходна ў любым выпадку, бо пастаўлена такая каманда.

Калі не здолеюць знайсці нечага адпаведнага для складання адміністрацыйнага пратакола, то будуць афармляць як супраціўленне.

Ідзе абмеркаванне ператрусаў у рамках адміністрацыйных спраў. Па законе атрымаць санкцыю на гэта можна толькі пры наяўнасці крымінальнай справы.

— Значыць, вось, атрымліваецца, па гэтай задачы. Мы праводзім ператрусы. Зразумела. Калі мы нешта знаходзім, дапусцім, сцягі нейкія. Там адміністрацыйная адказнасць. Неабходна, вось, забяспечыць, каб можна было прыцягнуць, — кажа голас, падобны да голасу Федарца.

— Усё, калі нешта знаходзім… — адказвае, меркавана, Качалаў.

— Вось гэты момант — раз. Так?

— Так.

— Другі — калі. Таму што, ну, каманда такая стаіць, значыць. Калі выкажам здагадку, што нічога няма, то тады нашы супрацоўнікі, значыць, пішуць рапарты. Будзем афармляць па супраціўленні. Але неабходна, каб вось гэта вось аформіў нехта там з участковых і ўсё астатняе. Вось гэтае пытанне неабходна будзе арганізаваць. Зразумела, таму што каманда, каб яны ўсе па адміністратыўцы сядзелі.

Загад аб складанні адміністрацыйных пратаколаў быццам бы за непадпарадкаванне пры адсутнасці сцягоў Качалаў перадаў свайму падначаленаму. Пры гэтым ён адзначыў, што «чалавек, да якога прыязджаюць, павінен сядзець у КПЗ».

З размовы вынікае, што субяседнікі разумеюць, што парушаюць закон, таму імкнуцца правесці справу як мага незаўважна нават для сваіх калег. Так, на прапанову падначаленага «давесці» пастаўленую задачу да начальнікаў міліцыі, Качалаў адказвае адмоўна. У размове таксама згадваецца пра перыядычнае татальнае праслухоўванне актывістаў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У размове з Жылінскім 11 сакавіка Качалаў прапануе падрыхтаваць школьнікаў і вайскоўцаў да таго, каб яны былі панятымі, бо ў «бчб-дамах» яны не могуць знайсці тых, хто пагадзіўся б.

Качалаў просіць Жылінскага дамовіцца з вайскоўцамі, каб яны выдзелілі людзей на ролю панятых.

Качалаў разам з Жылінскім распрацоўваюць план дзеянняў у рамках аперацыі.

— Глядзі: мы ўсіх гэтых людзей трымаем пад кантролем. Так? Гэта ж не факт, што яны будуць у дамах. Мы групу зараз размяркуем і кожны УБАЗавец, кожны свайго будзе трымаць. Яны пад кантролем. Як толькі ён з'яўляецца, яны адразу ляцяць туды. А наш бы шпік і ўчастковы ў гэты час — чык! Прывозяць, — кажа голас, падобны да Качалава.

— Усё, і участковы падвозіць, на**й. Каманда: неабходны панятыя. І адразу ўчастковы. Участковы пайшоў, б*, і зрабіў, на**й, панятых, — працягвае яго думку, меркавана, Жылінскі.

Як вынікае з размовы Качалава з чалавекам, чый голас, як сцвярджаецца, належыць начальніку крымінальнай міліцыі Валерыю Валасюку, аперацыя ў Новай Баравой дала слабыя вынікі. У ІЧУ па артыкуле «непадпарадкаванне» было накіравана два чалавекі (мужчына і жанчына).

З запісу іншай размовы становіцца зразумела, што ў справаздачы кіраўнікам МУС Казакевічу і Кубракову ГУБАЗіК прыпісаў свайму падраздзяленню ўсе заслугі па затрыманнях у Новай Баравой і Дзяржынску, таму Качалаў вырашыў разарваць з імі «ўсе нармальныя адносіны» і ў далейшым «працаваць самім, не прыцягваючы гэтых спецыялістаў».

Чытайце яшчэ:

«Сусед адной з дачок міністра сельскай гаспадаркі. Задача — яго на месца паставіць». З'явіўся новы зліў ад былых сілавікоў

«У рамках адпрацоўкі раёны лезуць не туды!» BYPOL апублікаваў злівы перамоў эканамічнай міліцыі

«Гэта ўсё ГУБАЗ зрабіла. А мы ні**я, аказваецца». З'явіліся запісы, дзе голас, падобны да міліцэйскага чыноўніка, скардзіцца на калег

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
20
Панылы сорам
9
Ха-ха
8
Ого
7
Сумна
7
Абуральна
107
1
Гроздья Гнева/адказаць/
15.03.2023
Крокус, МЫ предоставляем этим варварам, захватившим власть в Беларуси, опомниться, чтобы потом не было жалоб и просьб с их стороны ... ... ...
15.03.2023
Гроздья Гнева, зачоны сценарий)))
1
32453248724341/адказаць/
16.03.2023
Крокус, А хто са зброяй навучаецца ва Украіне? Ці ты лічыш што падтрымка 3% узрасла з 2020?
Ці лічаш што большасць з'ехала з краіны?? 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930