У Гомелі судзяць барда, арганізатара фестываляў і канцэртаў, Аляксея Ільінчыка. Суд закрыты
Гомельскі абласны суд 21 сакавіка пачынае разгляд крымінальнай справы 61-гадовага барда і музыканта Аляксея Ільінчыка. Доўгі час было невядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць гамельчука, піша «Вясна».
Аляксей Ільінчык
Канчаткова яму прад’яўленыя абвінавачанні ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367), абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт 130 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў.
Пра затрыманне Ільінчыка стала вядома 18 жніўня 2022 года пасля таго, як праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што Аляксея затрымалі з-за «творчай дзейнасці ў інтэрнеце».
Яго змясцілі ў СІЗА, аднак з-за перанесенага перад гэтым інсульту Аляксею прыйшлося правесці ў бальніцы некалькі месяцаў, паколькі рэабілітацыя пасля хваробы была праблемнай, і правы бок цела быў паралізаваны. Як паведамляла «Гомельская Вясна», Аляксея доўгі час утрымлівалі ў санчасці, дзе для яго не прымалі медпрэпараты. Адміністрацыя СІЗА тлумачыла гэта тым, што, нібыта, усе неабходныя прэпараты для яго лячэння ёсць і дапамога яму аказваецца.
Аляксей Ільінчык нарадзіўся ў Ташкенце, жыў доўгі час у Гомелі. Скончыў філфак РДГУ, вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве. Вядомы як бард, удзельнік і арганізатар музычных фестываляў і канцэртаў, аўтар некалькіх кніг.
Судовы працэс над ім праходзіць у закрытым рэжыме.





