Польскія перавозчыкі пачалі страйк, але падтрымалі яго не ўсе
Польскія перавозчыкі пачалі страйк, арганізаваны транспартнымі кампаніямі Люблінскага ваяводства і палітыкамі правай партыі «Канфедэрацыя». Забастоўка пачалася з прэс-канферэнцыі, а затым грузавыя аўтамабілі накіраваліся да Варшавы, паведамляе Most.
Фота: Twitter / Konfederacja
Грузавікі пакуль не заязджалі ў польскую сталіцу, а проста аб'ехалі яе па акружной дарозе.
У арганізатараў страйку чатыры патрабаванні:
- блакаванне ўезду расійскіх і беларускіх паўпрычэпаў у Польшчу;
- забарона на рэгістрацыю ў Польшчы кампаній з беларускім і расійскім капіталам;
- увядзенне адказнасці грузаадпраўшчыка за аплату паслуг транспартнай кампаніі;
- аднаўленне дазволаў для ўкраінскіх перавозчыкаў на двухбаковыя перавозкі.
Свае патрабаванні пратэстоўцы перададуць ураду і дадуць 14 дзён на іх выкананне.
У той жа час забастоўку перавозчыкаў, арганізаваную кааліцыяй кансерватыўных палітычных партый, ухваляюць не ўсе прадстаўнікі транспартнай галіны Польшчы. Прэзідэнт Асацыяцыі TLP Мацей Вронскі заявіў, што акцыя, якую арганізавалі транспартнікі з усходняй Польшчы, не заслугоўвае прасоўвання ў публічным полі.
Вронскі кажа, што не разумее ідэі забараніць або перашкодзіць беларусам адкрываць бізнэс у Польшчы.
«Падчас апошніх фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў яны паказалі, што, як нацыя, яны на баку дэмакратыі. Вядома, яны павінны дзейнічаць у адпаведнасці з польскім законам, як і польскія перавозчыкі. І тут з'яўляецца роля польскіх кантрольных службаў, якія павінны сачыць за тым, каб закон выконваўся як у кампаніях з польскім, так і з беларускім капіталам», — заявіў ён.
Чытайце таксама:
Літоўскія аўтаперавозчыкі просяць павялічыць колькасць мытнікаў на мяжы з Беларуссю





