Прарэктара адной са сталічных ВНУ абвінавацілі ў карупцыі. Яму пагражае да 10 гадоў калоніі
Прарэктара адной з ВНУ Мінска абвінавацілі ў хабарніцтве. Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Па даных следства, на працягу паўтара гадоў прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце аднаго са сталічных універсітэтаў атрымліваў хабары ад прадстаўнікоў прыватных арганізацый за спрыяльнае вырашэнне пытанняў — у прыватнасці, праводзіў падстаўныя працэдуры закупак і прызначаў сваіх знаёмых у якасці вытворцаў будаўнічых работ.
54-гадовы абвінавачаны атрымліваў так званыя адкаты — у СК выявілі 7 эпізодаў злачыннай дзейнасці фігуранта, а агульная сума хабараў склала больш за 3 тысячы рублёў.
Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя паводле ч.ч. 1 і 2 арт. 430 КК Беларусі (атрыманне хабару, здзейсненае паўторна). Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Мужчына ўзяты пад варту, на яго маёмасць накладзены арышт на суму больш за 37 тысяч рублёў.





