Знайсці
24.03.2023 / 15:20РусŁacБел

Талерка ў тэхніцы трафарэт. У Мінску праходзяць займальныя майстар-класы

Серыя майстар-класаў з удзелам вядомых майстроў народнай творчасці Беларусі праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы ў рамках выстаўнога праекта «Фарфоравае асарці».

23 сакавіка можна было задэкарыраваць талерку ці любы посуд у тэхніцы трафарэт. І стаць уладальнікам унікальнага экспаната. Прыйсці мог любы ахвотны, праход на майстар-клас — білет на выставу «Фарфоравае асарці». Адзіная ўмова — узяць з сабой прадмет для дэкору, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

Ведамі і досведам дзялілася мастачка Наталля Керус. Яе працы можна ўбачыць на выставах, кірмашах аўтарскіх вырабаў «Млын», «Гарошак Маркет», «Сарафан».

Былі і тыя, хто ўжо прыходзіў на такі майстар-клас раней. Ім настолькі спадабаўся працэс і вынік, што людзі вярнуліся, каб гэтым разам упрыгожыць талеркі для яек у падарунак блізкім да Вялікадня і паабяцалі наведаць наступны майстар-клас, дзе будуць распісваць яйкі ў тэхніцы пісанкі.

Нехта ствараў цэлыя наборы. Напрыклад, кружка і сподак у беларускім стылі.

— Як паказала практыка, людзі часцей за ўсё выбіраюць менавіта трафарэты з беларускім арнаментам, сімволікай, а таксама з выявай васілька. Што датычыць колераў, то гэта ўльтрамарын, сіні, белы, чырвоны і васільковыя адценні, а яшчэ вялікай папулярнасцю карыстаецца залаты колер, асабліва на чорным фоне ці на цёмна-сінім, — падзялілася назіраннямі Керус.

Неабавязкова было прыходзіць з новым посудам, прыходзілі і са старымі талеркамі, якія ўжо надакучылі, і гаспадары вырашылі даць ім другое жыццё. У выніку атрымалася новая дызайнерская, стыльная талерка.

Майстар-клас не мае абмежаванняў па ўзросце. За адным сталом сабраліся бабуля з унучкай, маладыя дзяўчаты, тры актыўныя сяброўкі-пенсіянеркі… І абсалютна ў кожнага сваё бачанне, сваё спалучэнне ліній, узораў і колераў.

Самае частае пытанне настаўніцы: а ці можна з такога посуду есці? На што мастачка адказвае:

— Усё залежыць ад месца, дзе наносяць малюнак. Калі гэта шкляная талерка, і мы робім роспіс праз трафарэт з адваротнага боку, а вонкавы бок, з якога ямо, застаецца некранутым, то такой талеркай можам спакойна карыстацца. А вось калі наносіць фарбу на гэты бок посуду, то малюнак трэба абавязкова пакрыць гіпаалергенным лакам, пасля чаго ён стане прыдатным для прадуктаў.

А яшчэ мастачка расказала, што задэкарыраваць талерку ў тэхніцы трафарэт можа любы, нават той, хто ніколі пэндзлікаў у руках не трымаў. Дастаткова мець губку, фарбы і трафарэт. Неабавязкова купляць акрылавыя ці алейныя фарбы, можна выкарыстоўваць гуаш, адзінае, што пасля высыхання яна можа пацямнець. Можна браць як керамічны посуд, неглазіраваны, так і эмаляваныя, шкляныя і парцалянавыя прадметы, толькі на іх папярэдне трэба нанесці любую грунтоўку.

Наступнай тэмай майстар-класаў, якія адбудуцца 6 і 13 красавіка, стане роспіс абярэгавых яек у тэхніцы пісанкі з майстрам народнай творчасці Ганнай Клімовіч. Затым 10 і 17 красавіка Вольга Хачкоўская запрашае навучыцца роспісу яек воскам у тэхніцы пісанкі.

Чытайце таксама:

У Мінску адкрываецца выстава Захара Кудзіна

Мінкульт адмяніў кінафестываль «Нефільтраванае кіно» за два дні да пачатку

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера