Знайсці
24.03.2023 / 16:3610РусŁacБел

«Мужыкі памерлі». У вёсцы пад Слуцкам засталося пяць жанчын

«Кур'ер» пабываў у вёсцы Ульянаўка. Адметная яна тым, што, калі не лічыць дачнікаў, пастаянна тут жыве ўсяго пяць жанчын, і ўсе яны адзінокія. Журналісты спыталі ў жыхарак Ульянаўкі, як яны спраўляюцца з хатняй гаспадаркай, як праводзяць вольны час, што іх турбуе і як наогул жывецца без мужчын.

Раніцай акуратная маленькая вёска як быццам вымерла. Па палове дамоў адразу відаць, што гэта лецішчы: няма жывёл і курэй, на брамках і дзвярах — вялікія замкі. На вуліцы з'яўляюцца дзве мясцовыя жыхаркі: Зоя і Ірына. Яны збіраюцца ісці пешшу на гарадскія могілкі. Журналісты абяцаюць іх падвезці пасля таго, як яны дадуць інтэрв'ю.

Разам з імі ідзём дадому да іх суседкі Наталлі. У яе двары павольна гуляюць куры і сядзіць пара белых плямістых катоў.

«Барысевіч Зоя, Кудзіновіч Іра, яе мама і Света», — на нашу просьбу пералічвае суседак Наталля.

Наталля

Жыхаркі Ульянаўкі дадаюць, што на самым краі вёскі цяпер жыве жанчына па імені Шура, але «яна не мясцовая і ні з кім не кантактуе», таму яе не лічаць.

Пытаемся, дзе ўсе мужчыны. «Памерлі. Усе па адной жывём», — адказвае Наталля.

Размаўляюць жанчыны не па-руску, не па-беларуску, а на трасянцы.

«Шпіталь у нас у Грэску, — уступае ў размову Зоя. — Рэнтген зламаўся, трэба ехаць на Слуцк. Яшчэ хочам сказаць дзякуй нашаму старшыні сельсавета з Гацука — вось у нас залаты чалавек. Любое пытанне вырашыць. Любое пытанне! Сам касіў нават. Сам смецце збіраў. Мы і самі прыбіраем. Самая чыстая дзеравенька ў нас».

Зоя (злева), Наталля (справа)

Высвятляем, што Зоя і Наталля на пенсіі, а Ірына аформлена па доглядзе за старэнькай мамай. У Наталлі няма дзяцей, а ў астатніх дзеці раз'ехаліся па розных гарадах.

Жанчыны трымаюць курэй і працуюць на агародах. У кожнай жыве па некалькі катоў і сабак. Кормяць іх курынымі шыямі і спінкамі. Сваіх катоў Наталля называе «мае кліенты».

Інтэрнэту ў вёсцы няма. У вольны час жыхаркі Ульянаўкі глядзяць тэлевізар, разгадваюць сканворды і ходзяць у госці адна да адной пабалбатаць. Зоя і Наталля выпісваюць «Кур'ер».

Дом Зоі

Прадукты і іншыя тавары ў вёску прывозяць аўталаўкі: два разы на тыдзень дзяржаўная і два разы прыватная.

Яшчэ жанчыны распавядаюць, што Ульянаўку перавялі з Грэскага сельсавета ў Гацукоўскі, і цяпер яны баяцца, што іх саміх «перакінуць» з Грэскай бальніцы ў Гацукоўскую.

«Тады будзе трэш, — кажа Зоя. — Гэта па-маладзёжнаму «поўны капец». Я ўнука пыталася».

Што распавяла самая пажылая жыхарка

Ад Наталлі ідзём у госці да самай пажылой жыхаркі Ульянаўкі — Зінаіды Паўлаўны Барысевіч, мамы Ірыны. Ёй хутка споўніцца 79 гадоў, яна інвалід і ходзіць з кіем. Раней працавала ў калгасе. Родам жанчына з Вясеі, а ва Ульянаўку выйшла замуж. Муж памёр шэсць гадоў таму.

Зінаіда Паўлаўна

У Зінаіды Паўлаўны ёсць праблемы з унутранымі органамі. Яшчэ кожны год яна ляжыць у лякарні ў Мінску, там ёй, з яе слоў, «правяраюць галаву». Мянялі крышталікі ў вачах. Даглядае Зінаіду Паўлаўну Ірына. Акрамя іншага, яна носіць ваду і дровы, таму што яе маме нельга падымаць цяжкае. Другая дачка ў Мінску. Яшчэ ёсць два сыны, абодва жывуць у Шышчыцах. Двое ўнукаў і тры праўнукі, усе наведваюць бабулю.

Просім Зінаіду Барысевіч расказаць, якім быў яе нябожчык муж. «Працаўнік быў, — адказвае яна. — Граматы давалі. У хаце і столь, і дзверы сам рабіў, кухню, веранду. І калыску дзецям зрабіў сам, усё на свеце».

Калі муж быў жывы, жанчына трымала кароў, цялят, свіней, саджала два ўчасткі бульбы. Цяпер даглядаць вялікую гаспадарку не дазваляе здароўе, засталіся толькі куры і невялікі агарод, а яшчэ сабака і каты-падкідышы. І тое цяжкавата, таму што курам трэба купляць корм.

«Раней у калгасе быў старшыня, ён пенсіянерам даваў збожжа і падарункі, а гэты не дае», — кажа Зінаіда Паўлаўна.

У сенцах вісіць партрэт Ірыны. Яго маляваў Сяргей Дубіна

Ірына і яе мама цяпер нават не саджаюць бульбы, бо няма сіл яе апрацоўваць. Ядуць тую, што купляюць.

Пра адсутнасць мужчын

Зінаіда Паўлаўна панаракала, што цяпер у вёсцы няма каму рабіць мужчынскую працу: «Бачыш, якая ў мяне брама і якое ўсё на свеце? Няма свайго гаспадара. Усё на звалку. Калі трэба зрабіць, то плацім каму».

Калі выходзім з дому пажылой жанчыны, на вуліцы сустракаем пятую жыхарку Ульянаўкі — Святлану Фірага. З ёй таксама падымаем тэму адсутнасці мужчын. Муж Святланы памёр тры гады таму. Пытаемся, як яна спраўляецца без яго.

Святлана Фірага

«Дык знайдзіце нам мужыкоў», — смяецца жанчына. А потым дадае крыху больш сур'ёзна: «Каб хацела, я б даўно ўзяла мужыка. Толькі на што яны мне трэба. І паіць, і карміць, і курыць купляць».

Пытаемся, ці былі нейкія прэтэндэнты. «Вядома, — адказвае Святлана і паказвае ў бок Грэска. — Вунь усе каля крамаў стаяць. Мне такое «г» не трэба. Усе нармальныя з жонкамі жывуць».

Яшчэ жанчына прызнаецца, што ёй трэба рамантаваць плот, а ўсе хлявы дзіравыя. Нават курэй трымаць няма дзе. З гаспадаркі толькі агарод, ну і тыя ж каты.

Пытаемся у Святланы, як наогул настрой. «Усякае бывае, — адказвае яна. — Усё роўна ж трэба жыць».

На 8 Сакавіка сёлета да жыхарак Ульянаўкі ніхто не прыехаў.

Чытайце таксама:

«Нам застанецца толькі прадаць дом і зʼехаць адсюль». Адкіды сталічнай каналізацыі сабраліся вазіць пад Маладзечна. Мясцовыя супраць

Сужэнцы сышлі з менеджарскіх пасад, з’ехалі на Шчучыншчыну, сталі там чабанамі і гаспадарамі аграсядзібы

«Умею даіць карову, пячы пірагі, ткаць». Малады чалавек знайшоў сябе ў глыбінцы і цяпер улюбляе ў яе турыстаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Алеся/адказаць/
26.03.2023
Почему однополые браки не разрешены для сельского населения? Мы ж в Европе живём! Вот в этой деревне это было бы решением проблемы.
0
Психиатор/адказаць/
26.03.2023
Алеся, Трагедию белорусской деревни никто не желает замечать. Сарказм здесь могут позволить люди с крайне альтернативный мышлением, если сказать мягко.
0
Алеся/адказаць/
27.03.2023
Психиатор, в чем сарказм? Как вы эту трагедию лечить собираетесь? Вы за цивилизованное общество, или за альтернативное?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера