Адвакатку Інэсу Аленскую судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
У судзе Ленінскага раёна Мінска 24 сакавіка разглядалася адміністрацыйная справа адвакаткі Інэсы Аленскай. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле ч. 1 арт 19.11 КаАП. Справу разглядала суддзя Юлія Шут. Вынікі суда пакуль невядомыя, піша «Вясна».
Аднак дзень таму праўладныя тэлеканалы размясцілі відэасюжэт, у якім паведамілі, што «раней яна размяшчала ў чаціках бчб-сцягі, песні і нават свой туалет, а яшчэ яна вельмі цікава адклікаецца пра чыноўнікаў і дзяржслужачых».
Па выніках атэстацыі кваліфікацыйная камісія Мінюста 22 сакавіка вырашыла, што адвакаты Інэса Аленская і Дзяніс Шарснёў не могуць выконваць абавязкі абаронцаў «з прычыны недастатковай кваліфікацыі». Акрамя таго, такое рашэнне прынята ў дачыненні да адваката Кавалевіча.
Інэса Аленская абараняла ў судах Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насту Лойка, Рыгора Кастусёва.





