Знайсці
25.03.2023 / 17:407РусŁacБел

«Мы былі ўпэўненыя ў перамозе і спрачаліся, праз колькі Лукашэнка складзе паўнамоцтвы». Журналістка Любоў Лунёва ўспамінае свой першы Дзень Волі

Напярэдадні чарговага святкавання Дня Волі я задалася пытаннем: ці абыходзілася хоць адна такая дата без затрыманняў? Магу толькі сказаць, што на маёй памяці такога не было. Я была сведкай усіх святкаванняў Дня Волі. І нават магу згадаць некалькі, калі не было брутальных разгонаў ці перакрыцця дарогі спецназаўцамі, але каб не затрымалі хоць кагосьці, не было ніколі, піша Любоў Лунёва.

Дзень Волі ў 1996 годзе. Фота: vytoki.net

«Калі не ў Менску, то, значыць, былі затрыманыя ў рэгіёнах, якім проста не далі дабрацца да сталіцы. І гэтая сумная традыцыя бярэ пачатак ад 1996 года, хаця адлік супрацьстаяння паміж народам і ўладай на вулічных акцыях пачаўся адразу ж пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. 

…У той сонечны вясновы дзень 1996-га каля будынка Опернага тэатра сабралася не менш за 40000 чалавек. Міліцыя спачатку назірала за прысутнымі, але не ўмешвалася.

Удзельнікі акцыі правялі своеасаблівы пэрформанс: у скрыню кідалі дробныя купюры, каб набыць Лукашэнку білет да Масквы. Людзі скандавалі: «Чамадан! Вакзал! Расія!». 

Выступоўцаў было шмат. Мітынг меў акрэслены лозунг супраць інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй. Выступіў і старшыня самай шматлікай партыі «Беларускі народны фронт» Зянон Пазняк. Ён быў выдатным аратарам і яго заўсёды ўважліва слухалі. У час выступлення лідар апазіцыі нагадаў пра падзеі 1661 года ў Магілёве, калі мясцовыя гараджане паўсталі супраць гарнізона войска Масковіі. Тады ад 7000-га гарнізона ў жывых палоннымі засталіся толькі каля 1000 чалавек. Сігналам да паўстання паслужыў вокліч бурмістра Левановіча: «Пара!».

Я памятаю, як неадназначна ўспрынялі гэтую частку выступу некаторыя ўдзельнікі акцыі. Калі ўлічыць, што пра гэты эпізод беларускай гісторыі ведалі толькі асобныя спецыялісты-гісторыкі, таму што ў савецкіх падручніках пра гэта не магло быць і гаворкі, то многія ўспрынялі гэта як намёк на расправу з рускімі па нацыянальнасці.

Побач са мной стаяў мужчына з вялікім бела-чырвона-белым сцягам. Ён павярнуўся да свайго таварыша, відавочна збянтэжаны, са словамі: «У сэнсе? У мяне жонка руская. І што цяпер?»

Я паспяшалася расказаць яму пра тое, як Магілёў трымаў аблогу, як здраднік Паклонскі пераканаў жыхароў горада адчыніць маскоўцам гарадскія вароты, як маскоўцы сябе нахабна паводзілі і проста рабавалі гандляроў на рынку, як людзі іх пачыналі ненавідзець…

Але на заклік да ўдзельнікаў акцыі прайсці з пляцоўкі перад Оперным тэатрам да будынка адміністрацыі Белтэлерадыёкампаніі, каб дабіцца прадастаўлення эфіру, гэты чалавек не адгукнуўся. Праўда, не ён адзін. Да будынку тэлебачання, які быў блізка ад месца правядзення мітынгу, прайшлі калонай некалькі тысяч чалавек.

Пляцоўка перад уваходам у будынак Белтэлерадыёкампаніі не магла змясціць усіх удзельнікаў акцыі. Многія заставаліся на дарозе і нават каля Дома-музея Першага з'езду РСДРП. Дэлегаты павінны былі зайсці ў будынак і перадаць петыцыю з патрабаваннем даць эфір.

Пакуль ішлі перамовы, з'явіліся спецназаўцы. Яны, як на полі бою, утварылі так званы клін «свіння» і пачалі адціскаць людзей. Утварылася цісканіна. Самі міліцыянеры, якія да гэтага стаялі ў ачапленні, таксама апынуліся ў пастцы. За іх спінамі былі спецназаўцы, якія стараліся ў гэтай цісканіне біць дубінкамі ўдзельнікаў акцыі, але пры гэтым даставалася і галовам міліцыянтаў.

Асабіста мяне адзін з іх падтрымліваў. Ён прыгаворваў: «Толькі не зваліцеся, толькі не зваліцеся. Трымайцеся за мяне. Галоўнае выстаяць на нагах. Трымайцеся». Я бачыла, як спецназавец ударыў яго па галаве дубінкай адзін раз, але на галаве яшчэ трымалася міліцэйская вушанка. Другім ударам яе збіла ў натоўп… Крыкі, стогны. У спецназаўцаў паляцелі снежкі. Натоўп скандаваў: «Фашысты! Фашысты!». Хтосьці ўсё ж такі ўпаў. Раздаліся крыкі: «Чалавека задушыла!!!»

Спецназаўцы крыху адступілі назад. Стала крыху вальней, прынамсі ўжо можна было паварушыцца. І адразу ж мяне падхапіў той міліцыянер, які быў увесь час каля мяне. Ён падхапіў мяне ў літаральным сэнсе на рукі і хутка аднёс, а дакладней, адкінуў за хмызняк у клумбе са словамі: «Уцякайце туды!» Туды — гэта ў бок ракі. Там не было спецназу, і людзі аказвалі дапамогу тым, хто вырваўся з гэтай цісканіны. Туды ўжо падбеглі мае сябры і калегі па працы.

Мы пайшлі да праспекта, і там з імправізаванай трыбуны (балкончык з праспекта Незалежнасці каля лесвіцы) Зянон Пазняк выступіў з асуджэннем разгону і заклікаў людзей адстойваць незалежнасць краіны ўсімі даступнымі спосабамі.

Нам тады падавалася, што сусветная грамадскасць адрэагуе на падзеі ў Беларусі. Бо пасля развалу СССР гэта было ўпершыню, калі супраць народу ўлада выкарыстоўвала войска. Бо дэкларатыўна Беларусь лічылася дэмакратычнай краінай з законна абраным прэзідэнтам.

Мы былі ўпэўненыя ў перамозе і нават спрачаліся з сябрамі па дарозе дадому аб тэрміне, калі Лукашэнка складзе паўнамоцтвы. Ніводны з нас тады не даваў яму і паўгода…

Мінула 27 гадоў… Лозунг бараніць незалежнасць стаў актуальным як ніколі раней. А вайна паказала сапраўдны твар маскоўскага войска, і народ ужо, здаецца, па-іншаму ўспрымае вокліч «Пара!». Вельмі хацелася б ведаць, дзе той мужчына са сцягам. Што б ён сказаў сёння пра той Дзень Волі і сённяшні?»

Чытайце таксама:

Дзень Волі і БНР у пытаннях і адказах

Былы дыпламат распавёў пра ролю МЗС Беларусі ў перапахаванні Каліноўскага і іншых паўстанцаў у Вільні

Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ

Любоў Лунёва

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Сиука/адказаць/
25.03.2023
Лагічна! , Сиука мовай валодае, але тут не пра мову и не пра бульбу з салам. Ты шукаещ там, дзе светла, а не там, дзе мы нешта важкае згубили. Даоэчы, замест... лагична... я б ужыу... натуральная. Ну, кали пра мову
0
Лагічна! /адказаць/
27.03.2023
Сиука, няпраўда твая. Я паказваю акурат туды, дзе згубілі.  
2
Бурка/адказаць/
28.03.2023
Лагічна! , Добра,добра.Выпі кропель спакою і не нэрвуйся.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031