СК назваў адказнага за гібель 12-гадовага хлопчыка на футбольнай пляцоўцы ў Мінску
Здарэнне адбылося днём 12 лістапада на спартыўнай пляцоўцы каля жылых дамоў на вуліцы Фогеля. 12-гадовы хлопчык, які гуляў у футбол з сябрамі, заскочыў на вароты і пачаў разгойдвацца. Пад цяжарам цела падлетка металічная канструкцыя ўпала проста на яго.
Дзіця атрымала цяжкую чэрапна-мазгавую траўму і знаходзілася ў рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, яго стан ацэньваўся як цяжкі. Хлопчыку зрабілі аперацыю. Але выратаваць яго не ўдалося.
Следчыя паведамілі, што адказнай за тэхнічны стан спартыўнай пляцоўкі з'яўлялася 24-гадовая намесніца дырэктара КУП «Жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак №1 Першамайскага раёна г. Мінска».
«Пагарджаючы сваімі службовымі абавязкамі і выяўляючы крайнюю бесклапотнасць, абвінавачаная «заплюшчыла вочы» на заяўкі ад жыхароў раёна аб замацаванні варот. Непрынятыя меры да агароджы і прадухілення эксплуатацыі няспраўнага абсталявання супрацоўнікам жыллёвай арганізацыі прывялі да гібелі 12-гадовага хлопчыка».
Дзеянні жанчыны СК кваліфікаваў па ч. 2 арт. 428 (службовая халатнасць, якая прывяла па неасцярожнасці да смерці чалавека) Крымінальнага кодэкса.
Да яе прымененая мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.





