Знайсці
28.03.2023 / 14:1921РусŁacБел

Рада Еўропы ўпершыню ў гісторыі пачынае супрацоўніцтва з урадам у выгнанні. Чаго чакаць? 

Рада Еўропы прыняла беспрэцэдэнтнае рашэнне: замарозіла ўсе кантакты з афіцыйным Мінскам і ўстанавіла супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі, прызнаўшы іх прадстаўнікамі краіны і народа.

Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Ціханоўскай

Пад эгідай кантактнай групы Рады Еўропы па супрацоўніцтве з Беларуссю нядаўна адбылася першая сустрэча, на якой абмяркоўвалася сітуацыя ў беларускіх незалежных медыя ў выгнанні і патрэбы незалежнай журналістыкі.

Чаму Рада Еўропы змяніла беларускага партнёра? Што набудуць дэмакратычныя сілы і што ад гэтага страціць рэжым Лукашэнкі?

«Наша Ніва» пагутарыла з Аляксандрам Шлыкам, спецыяльным дарадцам Святланы Ціханоўскай па выбарах і яе прадстаўніком у кантактнай групе Рады Еўропы.

Што адбылося: храналогія

У сакавіку 2022 года Камітэт міністраў Рады Еўропы замарозіў усе кантакты з афіцыйным Мінскам. Рада Еўропы мела ў Мінску невялікі прадстаўнічы офіс, рэалізоўваліся некаторыя праграмы па супрацоўніцтве, аднак пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ўсе стасункі з рэжымам Лукашэнкі былі згорнутыя. 

Тым часам дэмакратычныя сілы разам з грамадзянскай супольнасцю пачалі працу над фармалізацыяй адносін з Радай Еўропы. У выніку 7 верасня 2022 года была створаная кантактная група Рады Еўропы па Беларусі. Ад імя Беларусі ў ёй выступаюць 10 чалавек — прадстаўнік Ціханоўскай, прадстаўнік Аб’яднага пераходнага кабінета, дэлегат Каардынацыйнай рады і сем прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

«Кантактная група правяла першую сустрэчу ў лістападзе мінулага года, другую — у студзені гэтага года. Спачатку мы перазнаёміліся адно з адным, вызначылі прыярытэты супрацоўніцтва Беларусі з Радай Еўропы, а ў студзені ўжо прынялі канкрэтны план дзеянняў, які складаецца з 15 пунктаў», — распавёў Аляксандр Шлык.

Што ўяўляе сабой праграма супрацоўніцтва Беларусі з Радай Еўропы?

Супрацоўніцтва ўключае такія пытанні, як адмена смяротнага пакарання, дапамога незалежным журналістам, дапамога палітзняволеным і іх блізкім, уключэнне моладзі ў дэмакратычны працэс, садзейнічанне роўнасці жанчын і мужчын і недыскрымінацыі.

Адным з прыярытэтаў на найбліжэйшы час з’яўляецца праца з беларускімі юрыстамі, у прыватнасці — з адвакатамі, пазбаўленымі ліцэнзій: важна, каб яны заставаліся ў прафесіі, каб не гублялі свае прафесійныя навыкі. 

«Стратэгічнай мэтай з’яўляецца ўступленне дэмакратычнай Беларусі ў Раду Еўропы ў якасці паўнавартаснага ўдзельніка.

На гэтым шляху ёсць дзве перашкоды: у Беларусі сёння няма дэмакратыі, а гэта значыць, што недэмакратычная Беларусь не можа ўступіць у арганізацыю, і наяўнасць смяротнага пакарання. Як толькі абедзве перашкоды знікнуць, наша краіна вельмі хутка ўступіць у Раду Еўропы, стаўшы яе паўнавартасным удзельнікам, — мяркуе Аляксандр Шлык. 

Што змяняецца ў дыялогу?

«Трэба памятаць, што Рада Еўропы — арганізацыя не толькі міжнародная, але і міждзяржаўная. Той факт, што Рада Еўропы ўстанавіла афіцыйныя адносіны з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі, сведчыць пра тое, што менавіта гэтыя актары прадстаўляюць Беларусь і беларускае грамадства», — звяртае ўвагу Шлык. 

Што гэта мяняе ў двухбаковым дыялогу?

«Мы не можам назваць шчырым супрацоўніцтва Рады Еўропы з афіцыйным Мінскам. Беларускі рэжым заўсёды прытрымліваўся пазіцыі, што ёсць зоны адносна бяспечныя, па якіх ідзе супрацоўніцтва, ёсць тэмы, па якіх нібыта і хочацца супрацоўнічаць, але такое супрацоўніцтва не зусім сур’ёзнае. Калі некалькі гадоў і нават дзесяцігоддзяў абмяркоўваецца ці то смяротнае пакаранне, ці то яго адмена, ці то магчымасці яго адмены — гэта несур’ёзна.

Сур’ёзнасць намераў і ёсць тое, што, спадзяваюся, будзе адрозніваць супрацоўніцтва паміж Радай Еўропы і Беларуссю, прадстаўленай дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю. Мы гатовыя супрацоўнічаць па ўсіх кірунках. Хоць бы таму, што мы прытрымліваемся тых жа каштоўнасцяў, тых жа прынцыпаў, якія ляжаць у аснове Рады Еўропы», — падкрэсліў Шлык.

Чытайце таксама:

Вашынгтон аб’явіў «стратэгічны дыялог» з дэмсіламі Беларусі. Што гэта значыць і чаму толькі з канца года?

Ціханоўская ўзняла пытанне размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі на сустрэчы з дарадцам прэзідэнта ЗША Саліванам

«Да змен грамадства вядуць не эмігранты, а новыя лідары, якія з’яўляюцца ў самім грамадстве» — вялікая гутарка з дырэктарам Інстытута гісторыі Літвы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
29.03.2023
H:3,14HjevR, Урадам у выгнанні заўжды была і застаецца Рада БНР.
1
Рыгор/адказаць/
29.03.2023
Эўропа клапоціцца толькі пра ўласныя грошы
У асноўным я з вамі згодны.Падобная сітуацыя у Канадзе, Аўстраліі, НЗ і нават ЗША. Але ж павінен у іх быць інстынкт самазахавання. Не хочацца мне здавацца, казаць мы прайгралі.
2
Жвір/адказаць/
29.03.2023
Лол, так, сем чалавек, але толькі ў Ціханоўскай давер бальшыні беларускіх выбаршчыкаў.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера