Палітвязень Міхаіл Зубкоў абвясціў галадоўку — «Радыё Свабода»
Палітвязень з Гомеля Міхаіл Зубкоў, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 у Барысаўскім раёне, абвясціў сухую галадоўку. Пра гэта «Радыё Свабода» паведамілі «вартыя даверу крыніцы».
Папраўчая калонія №14 у Навасадах
«Яго чарговы раз змясцілі ў штрафны ізалятар без дай прычыны. Міхаіл адбыў сем сутак ШІЗА за тое, што «не так прадставіўся» канвойнаму. Ён выйшаў з ШІЗА 21 сакавіка. Праз тры дні яго зноў пакаралі ШІЗА на 10 сутак — толькі за тое, што ён патрабаваў сустрэчы з натарыусам, каб вырашыць нейкія свае праблемы», — паведаміла крыніца.
Паводле крыніцы, Міхаіл абвясціў сухую галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага змяшчэння ў штрафны ізалятар.
Міхаіла Зубкова затрымалі 29 кастрычніка 2021 года ў маскоўскім метро. Яго спынілі для праверкі пашпарта, і высветлілася, што беларус — у вышуку. 13 мая 2022 года яго сілком экстрадавалі ў Беларусь.
Прычынай затрымання стала тое, што ў 2020 годзе Міхаіл Зубкоў удзельнічаў у маршах пратэсту ў Гомелі, яго затрымліваў АМАП. Тады мужчына правёў 15 сутак у ІЧУ. Больш да яго прэтэнзій з боку міліцыі не было, і Міхаіл з'ехаў на працу ў Маскву.
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 18 жніўня 2022 года прызнаў Міхаіла Зубкова вінаватым у гвалце і пагрозах яго ўжывання ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Таксама сёння з'явілася інфармацыя, што ў тых жа Навасадах палітвязень Уладзімір Іпатаў выкінуўся з акна другога паверха і цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў Барысаве.
Чытайце таксама:
Праваабаронцы: З акна калоніі ў Навасадах пад Барысавам выкінуўся зняволены





