63-гадовага пенсіянера з Расіі, які жыў у Беларусі, асудзілі да сямі гадоў турмы за два антываенныя каментарыі
Ціміразеўскі суд Масквы асудзіў Міхаіла Сіманава да сямі гадоў турмы паводле справы аб «фэйках» пра расійскую армію. Пракуратура запытвала для Сіманава аналагічнае пакаранне, паведамляе Бі-бі-сі.
Міхаіл Сіманаў. Фота Аляксандра Астахава
Па версіі следства, пенсіянер пакінуў ва ўкантакце два каментарыі: «Забіваючы дзяцей і жанчын, па «Першым канале» спяваем мы песні. Мы, Расія, сталі бязбожнікамі. Прабач нас, Госпадзе!» і «Расійскія лётчыкі бамбяць дзяцей».
Падчас пасяджэння суда Сіманаў патлумачыў, што не збіраўся абражаць расійскае войска і не ведаў, што яго акаўнт ва ўкантакце адкрыты для ўсіх карыстальнікаў. Таксама мужчына паведаміў, што «не лічыў сябе цікавай для кагосьці асобай».
Сіманаў апошнія гады працаваў дырэктарам вагона-рэстарана ў цягніках далёкага следавання і жыў у Беларусі.
Яго затрымалі 9 лістапада мінулага года, калі ён па справах прыехаў у Маскву.





