Забараняюць увозіць і прадаваць у Беларусі пральны парашок «Міф»
Забарону на ўвоз у Беларусь расійскага пральнага парашку «Міф» увёў з 3 красавіка Дзяржстандарт. Гэта тычыцца прадукцыі з пазнакай «аўтамат свежы колер». Тавар ужо з'явіўся ў спісе небяспечных, піша Office Life.
Гаворка ідзе пра папулярны пральны парашок, які вырабляе ТАА «Проктэр энд Гэмбл-Навамаскоўск» у Тульскай вобласці Расіі. Яго нельга як увозіць, так і прадаваць на тэрыторыі Беларусі.
Вытворца пазначыў у маркіроўцы, што парашок можна выкарыстоўваць «у пральных машынах любога тыпу». Але Дзяржстандарт звярнуў увагу на тое, што мыйны сродак не можа прымяняцца для машын з франтальнай загрузкай. Рэч у тым, што паказчык «пенаўтваральная здольнасць» не павінен перавышаць 180 мм, а ў гэтым выпадку ён аказаўся роўны каля 207 мм.
У Дзяржстандарце лічаць, што такое перавышэнне паказчыка ўводзіць у зман спажыўца прадукцыі як па яе прызначэнні і якасці, так і па бяспецы.
Акрамя таго, прадукцыя не вытрымала і абавязковых патрабаванняў дзяржстандарту па паказчыку «мыйная здольнасць». Ён павінен складаць не менш за 85%, але насамрэч не дацягнуў і да 56%. Гэты момант, на думку рэгулятара, таксама ўводзіць спажыўцоў у зман.
Чытайце таксама:
У Беларусі забаранілі прадаваць адзенне папулярнага брэнда
У Беларусі забаранілі прадаваць ніжнюю бялізну вядомага італьянскага брэнда





