Знайсці
20.04.2023 / 08:1011РусŁacБел

Серыял Netflix «Царыца Клеапатра» выклікаў абурэнне ў Егіпце. І вось чаму

Дакументальна-мастацкі серыял Netflix пра Клеапатру з цемнаскурай актрысай у галоўнай ролі выклікаў шквал абурэння ў Егіпце і абвінавачванні ў адрас аўтараў фільма ў спробе перапісаць гісторыю краіны, звязаўшы яе вытокі з цемнаскурымі афрыканцамі.

Актрыса Адэль Джэймс у ролі Клеапатры. Фота: Netflix

Удзельнікі кінапраекта адстойваюць сваё рашэнне аб выбары актрысы на галоўную ролю, сцвярджаючы, што гістарычнага кансенсусу аб каранях Клеапатры няма, піша Бі-бі-сі.

Пасля таго як на мінулым тыдні ў Егіпце выйшаў трэйлер серыяла, які прэтэндуе на гістарычную дакладнасць, шмат хто ў краіне абрынуўся на яго з крытыкай, а адвакат Махмуд Аль-Семары нават накіраваў афіцыйную заяву ў пракуратуру з патрабаваннем заблакаваць у Егіпце доступ да Netflix.

Аль-Семары абвінаваціў кампанію ў парушэнні законаў аб СМІ і прасоўванні ідэй афрацэнтрызму, «уключаючы слоганы і надпісы, накіраваныя на скажэнне і знішчэнне егіпецкай ідэнтычнасці».

Свой голас супраць серыяла падаў таксама знакаміты археолаг, былы кіраўнік Міністэрства старажытнасцяў Егіпта Захі Хавас. У інтэрв'ю газеце «Аль-Масры аль-Ём» ён назваў здагадку аб тым, што Клеапатра магла быць цемнаскурай, няпраўдай.

«Клеапатра была грачанкай па паходжанні, гэта значыць, яе скура была светлай, а не цёмнай», — сказаў Хавас, дадаўшы што адзінымі цемнаскурымі кіраўнікамі Егіпта былі кушыцкія цары 25-й дынастыі 747-656 гадоў да нашай эры.

«Netflix спрабуе пасеяць блытаніну і замяшанне, распаўсюджваючы ілжывыя звесткі, якія збіваюць з панталыку, аб тым, што ля вытокаў егіпецкай цывілізацыі стаялі цемнаскурыя людзі», — заявіў археолаг, заклікаўшы грамадскасць краіны выказаць пратэст міжнароднай стрымінгавай платформы.

Чатырохсерыйны паўдакументальны фільм пра Клеапатру выйдзе ў маі. Знакамітую царыцу, якая кіравала Егіптам з 51 па 30 гг.да н. э., у ім грае брытанская актрыса Адэль Джэймс.

У трэйлеры, які выйшаў 12 красавіка, згадваецца, што Клеапатра належала да грэчаскай дынастыі Пталемеяў. Але потым іншы гісторык кажа: «Я памятаю, як мая бабуля мне сказала: мне ўсё роўна, што табе распавядаюць у школе. Клеапатра была цемнаскурай».

Раней прадзюсар фільма Джада Пінкет Сміт, распавядаючы аб праекце, заяўляла, што хацела распавесці гісторыю Клеапатры, таму што «не так ужо часта мы бачым ці чуем гісторыі пра цемнаскурых царыц».

Пасля выхаду трэйлера і абуранай рэакцыі на яго актрыса Адэль Джэймс напісала ў сябе ў твітары: «Калі вам не падабаецца падбор акцёраў, не глядзіце серыял», суправадзіўшы запіс здымкам экрана з абразлівымі каментарыямі, якія прыйшлі ёй.

Клеапатра

Клеапатра нарадзілася ў егіпецкім горадзе Александрыя ў 69 г. да н. э., яна стала апошняй царыцай грэкамоўнай дынастыі, заснаванай палкаводцам Аляксандра Македонскага Пталемеем I.

Яна змяніла на троне свайго бацьку Пталемея XII у 51 г.да н. э і правіла да сваёй смерці ў 30 г. да н. э. У апошнія гады яе праўлення Егіпет быў заваяваны Рымам, а сама Клеапатра скончыла жыццё самагубствам, каб не патрапіць у палон.

Кім была маці Клеапатры, дакладна не вядома: паводле адной тэорыі, яна была незаконнанароджанай дачкой Пталемея ад адной з яго наложніц, якая, у сваю чаргу, тэарэтычна, магла быць як егіпцянкай, так і цемнаскурай ураджэнкай іншай часткі Афрыкі.

Ева Грын і Венсан Касель ззяюць у новым серыяле пра спецагентаў

Над фільмам пра Барбі працуе Грэта Гервіг, вядомая сваімі працамі ў незалежным кіно

«Госця з будучыні» для новага пакалення. Выйшаў першы трэйлер фільма «Сто гадоў таму наперад»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
15
Панылы сорам
15
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
2
20.04.2023
Мойша, Вы мабыць не глядзелі славуты серыял Апошняе каралеўства, пра стагоддзе аб'яднання Англіі пад кіраўніцтвам караля Альфрэда Вялікага, на фоне экспансіі вікінгаў. Серыял мае некалькі сезонаў, вельмі цікавы. Але ў апошні сезон пачынаецца чарнаскурая павестка, дзе чароўным чынам брытанскія епіскапы становяцца чарнаскурымі ( і гэта ў 9 ст.). І значыцца чарнаскуры епіскап, да каторага ставяцца як да свайго мясцовыя сяляне і каралі, хросціць і вянчае ўсіх навокал, у тым ліку мясцовую шляхту, дае парады, усе яго слухаюцца і не задаюць пытанняў. Але якая рэакцыя сучасных брытанцаў на такую лухту ў папулярным серыяле ? Ды ніякой.    
0
Запытайма ў Хаваса/адказаць/
20.04.2023
Common sense , гэта вы прыдумалі? Калі мы пачнем слухаць навукоўцаў, а не фантазіі такіх як вы? Там акрамя яе такое ўражанне што ўсе з Конга, што не ёсць праўда. Егіпцяне былі троху смуглымі як і семіты як персы але не як жыхары паўдневай Афрыкі. Цемнаскурая Афрыка пачынаецца за Сахарай.
29.04.2023
Улад, так. Маці Івана ІV была Глінскя з татарскага роду ВКЛ.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930