Знайсці
24.04.2023 / 17:0327РусŁacБел

Лінгвіст расказаў расійскай аўдыторыі пра ментальнасць беларусаў з дапамогай дванаццаці слоў. Не ўсе з іх літаратурныя

Антон Сомін выбраў 12 слоў, якія дапамагаюць зразумець беларускую культуру і сітуацыю. І даў цікавыя тлумачэнні кожнага з іх і кантэксту.

Антон Сомін нарадзіўся ў Мінску. Цяпер ён навуковы супрацоўнік і выкладчык Інстытута лінгвістыкі Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта і Школы філалагічных навук Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта «Вышэйшая школа эканомікі». Акрамя беларускай і расейскай моў, ён валодае яшчэ сямю. Сомін — аўтар дапаможніка для самастойнага вывучэння беларускай мовы, які выйшаў у Маскве ў 2017 годзе. Таму зразумела, чаму расійскі сайт Arzamas.academy папрасіў яго расказаць пра беларускую культуру і беларусаў у такой форме. Апавяданне выйшла вельмі цёплым.

Тутэйшы

Фердынанд Рушчыц. Каля касцёла. 1899 год. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Лінгвіст адзначае, што ідэнтыфікацыю сябе як «мясцовага», а сваёй мовы як «простай», можна сустрэць і ў іншых народаў. Але, на яго думку, «у беларусаў ідэя тутэйшасці набыла статус сімвала, прайшоўшы шлях ад местачковасці, якая крытычна ацэньвалася, да нацыянальнага гонару».

Сомін расказвае, як змянілася канатацыя слова з пачатку 1920-х гадоў да другой паловы 1980-х. На яго погляд, у трагікамедыі Янкі Купалы «Тутэйшыя» праз характары герояў тутэйшасць паказана як беспрынцыповасць, пакорлівая гатоўнасць падладзіцца пад любую ўладу і здрадзіць ідэалам свайго народа. А вось у перыяд «Другога беларускага адраджэння» тутэйшасць «стала амаль што сімвалам беларускай самаідэнтыфікацыі».

У якасці прыкладаў ён прыводзіць літаратурнае абʼяднанне «Тутэйшыя», легендарны музычны альбом «Я нарадзіўся тут», галоўны навінны партал TUT.by і бар «Тутэйшыя», які ў 2014 годзе першым паспрабаваў «зрабіць нацыянальны інтэрʼер не з саломы, калаўротаў і гліняных збаноў, а з гарадской культуры пачатку XX стагоддзя».

Спадар

Кандрацій Карсалін. Партрэт невядомага. 1840-я гады. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Сомін адзначае, што, хоць у лінгвістаў ёсць розныя меркаванні наконт гісторыі гэтага слова, шырока ўжывацца яно стала «з растварэннем савецкай ідэалогіі», калі на змену «таварышам» і «грамадзянам» прыйшлі «спадары».

Лінгвіст заўважае, што, «у адрозненне ад большасці зваротаў у іншых еўрапейскіх мовах, «спадар» можна выкарыстоўваць як з прозвішчам (спадар Янкоўскі), так і — нават часцей — з імем (спадар Ягор); а ў трэцяй асобе — і з прозвішчам і імем разам (спадарыня Ніна Багінская)».

Памяркоўнасць

Нікадзім Сілівановіч. У вязніцы. 1874 год. Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка

Гэтае слова, на думку Соміна, абазначае адну з асноўных характарыстык беларусаў. Пры гэтым яно цяжкае для перакладу. На яго думку, лепш за ўсё сэнс слова можна патлумачыць двума «галоўнымі ўнутранымі анекдотамі». Першы — пра беларуса, якога пасадзілі на цвік («А можа, так і трэба?»), і другі — пра павешанага беларуса, які застаўся жывы («Спачатку сціснула так моцна-моцна, а потым нічога, прыцярпеўся»).

Аўтар заўважае, што беларусы любяць іранізаваць са сваёй памяркоўнасці. І дадае, што «ў памяркоўны кантэкст» добра ўпісваецца крылатая фраза «агульная млявасць і абыякавасць да жыцця», запазычаная з тэлерэкламы экстранай псіхалагічнай дапамогі канца 1990-х.

На думку Соміна, праявай памяркоўнасці ёсць і жыццёвыя прынцыпы «ну вы ж усё панімаеце», «мая хата з краю» і «абы чаго не выйшла». Апошні — разам з «абы  не было вайны» — вельмі важны для беларусаў, асабліва старэйшага пакалення, як частка канцэпту стабільнасці.

Аўтар згадвае, што падчас пратэстаў жніўня 2020 года ў сацсетках у беларусаў было шмат здзіўленых допісаў пра тое, што «памяркоўнасць», аказваецца, мае свае межы.

Шчыры

Нікадзім Сілівановіч. Салдат з хлопчыкам. 1866 год. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Гэтае слова, на думку Соміна, характарызуе асноўную станоўчую якасць беларусаў. Лінгвіст адзначае, што пад адным словам хаваецца цэлы набор добрых якасцяў:

«Шчыры — гэта «прамы» і «адкрыты», а разам з тым яшчэ «сардэчны» і «гасцінны». Верны сябар — шчыры, заўзяты аматар чагосьці — шчыры, задушэўныя размовы — шчырыя, непрытворнае здзіўленне — таксама шчырае. Калі чалавек вельмі ўдзячны, ён не проста дзякуе, а шчыра дзякуе, калі працуе старанна і сумленна, то значыць — робіць гэта шчыра».

Аўтар дадае, што ў пары са «шчырасцю» ідзе яшчэ адна якасць — «годнасць». Гэта — светлы бок памяркоўнасці.

«Несці свой крыж трэба годна, калі спяваць песні перад тварам небяспекі — то толькі годныя. Зняць абутак, залазячы на лаўкі на акцыі пратэсту, — гэта не памяркоўнасць («залазіць у абутку на лаўку не дазваляецца»), а годнасць («залазіць у абутку на лаўку непрыстойна»)», — тлумачыць Сомін.

Калыханка

Дзед Барадзед. Кадр з дзіцячай перадачы «Калыханка» тэлеканала «Беларусь-3». Белтэлерадыёкампанія

Сомін адзначае, што гэта слова не проста песня, але і перадача беларускага тэлебачання. Ён расказвае, што песню «Доўгі дзень» з прыпевам «Баю-бай, баю-бай, вачаняты закрывай» нават спявалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе — толькі з прапановай расплюшчыць вочкі.

Герой перадачы Дзед Барадзед і вядучы Маляваныч, а таксама герой іншай праграмы на БТ Паца-Ваца, на думку Соміна, — пантэон беларусаў познесавецкага і постсавецкага пакаленняў.

Мова

Біблія Францыска Скарыны. Прага, 1517 год. Фота: Wikimedia Commons

Гэтаму слову Сомін надаў асаблівую ўвагу. Ён адзначае, што ў беларускім дыскурсе слова «мова» без удакладняльных прыметнікаў выкарыстоўваецца менавіта ў адносінах да беларускай мовы. Такое ўжыванне слова раздражняе беларускамоўную інтэлігенцыю, бо гэта паказвае, наколькі няроднай стала «родная мова» для саміх беларусаў.

Лінгвіст таксама распавядае пра тое, што «беларускіх моў, па сутнасці, дзве (таму і беларускіх «Вікіпедый» столькі ж). Раскол адбыўся пасля рэформы 1933 года».

Сомін згадвае несупынныя спрэчкі пра тое, якой нормай беларускай мовы карыстацца, якія словы можна выкарыстоўваць, якія нельга:

«Аўтобусам кіруе рускі па паходжанні «вадзіцель» ці польскі «кіроўца»? Насіць «трусы» ці «майткі», футболкі (русізм, дрэнна!), цішоткі/тышоткі (неалагізм на аснове запазычання, дрэнна!) ці саколкі (нарэшце наша слова, толькі вось, праўда, ці азначае яно футболку — або толькі майку-алкагалічку?)»

Жэстачайшэ

Перад тым, як патлумачыць сэнс слова, аўтар распавядае пра гісторыю ўзнікнення трасянкі і адзначае, што ў беларускім грамадстве яна атаясамліваецца з жыхарамі вёскі ці малаадукаванымі гараджанамі. Сомін згадвае і пра тое, што ў 2000-х гадах трасянка пранікла і ў масавую сатырычную культуру.

У якасці прыкладу ён прыводзіць парадыйную перадачу «Калыханка», вядучымі якой былі Саша і Сірожа (лідар «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок), дыск з іх песнямі на трасянцы і групу «Разбітае сэрца пацана», у рэпертуары якой таксама былі песні на трасянцы.

«Разбітае сэрца пацана». «Палюбіла гапара, палюбіла калдыра»

«Але само слова «жэстачайшэ» — гэта не проста абстрактная трасянка ці цытата з песень на ёй, гэта — Лукашэнка», — адзначае Сомін і называе іншыя ключавыя словы эпохі, якія былі запазычаныя ў Лукашэнкі і актыўна выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым маўленні, —

ашчушчэнія (могуць быць «не це», а можа быць і «ашчушчэніе празніка»), «хто-та ўрот», «настаяшчы» і «ператрахіваць».

Свядомы

Гэтае слова, заўважае Сомін, стала эпітэтам для людзей з высокім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці. Ён выказвае здагадку, што слова «свядомы» ўвайшло ў шырокі ўжытак у канцы 1980-х — пачатку 1990-х, стаўшы, па сутнасці, у множным ліку абазначэннем нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі.

Аднак, як заўважае Сомін,

«пасля перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах у сярэдзіне 1990-х у дыскурсе ўлады гэтае слова набыло адмоўныя канатацыі: у прамове Лукашэнкі і яго прыхільнікаў «свядомымі» сталі пагардліва называць ледзь не любую апазіцыю, а прысутнасць гэтага слова ў навінавым або аналітычным артыкуле на рускай (але не на беларускай!) мове зараз адназначна паказвае на цалкам акрэсленую палітычную пазіцыю яе аўтара».

Такія змены адбыліся і ў адносінах да слова «змагар», якое стала абразлівай назвай апазіцыі ў рускамоўным дыскурсе. Лінгвіст таксама згадвае неалагізм «змагарызм», які абазначае беларускі нацыяналізм у маўленні яго праціўнікаў.

Бульба

Невядомы мастак. Бульбашы. Першая палова XX стагоддзя. Галерэя жывапісу «Рарытэт»

Распавядаючы пра гэтае слова, Сомін дзеліцца сваімі назіраннямі пра тое, што беларусы самі з задаваленнем жартуюць і робяць мемы пра бульбу і не крыўдуюць на мянушку «бульбашы». Ён распавядае і пра беларускамоўную ідыёму «хавайся ў бульбу», якая азначае, што здарылася нешта вельмі непрыемнае.

Лінгвіст адзначае важнасць дранікаў у жыцці беларусаў і прыводзіць цікавыя прыклады. Сярод іх: вымярэнне інфляцыі па індэксе драніка і вялікі попыт на шкарпэткі з выявай драніка ад Mark Formelle. Пытанне пра правільныя дранікі (з мукою ці без мукі, з цыбуляй ці без і іншае), згадвае лінгвіст, задавалася нават патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года.

Разам з гэтым ён адзначае, што ёсць яшчэ адно пытанне, якое дзеліць беларусаў на два лагеры: якая згушчонка правільная — рагачоўская ці глыбоцкая?

Беларусь

Карта Беларусі. Мінск, 1918 год. Фота: Wikimedia Commons

Дзіўнае, на першы погляд, аднясенне назвы краіны да спісу слоў, якія дапамагаюць зразумець нацыянальную культуру, Сомін тлумачыць змаганнем яе грамадзян за новую назву краіны з боку іншых дзяржаў. У першую чаргу, Расіі. Ён адзначае: «Для большасці беларусаў, асабліва тых, якія нарадзіліся ў другой палове 80-х і пазней, варыянт Беларусія — савецкі, састарэлы. Расіян, якія яго выкарыстоўваюць, яны гатовыя западозрыць у непавазе і нават імперскіх амбіцыях».

Акрамя гэтага, аўтар піша, што

«бясконцыя і аднатыпныя спрэчкі ў каментарах пра тое, як трэба пісаць назву беларускай дзяржавы, сталі настолькі культурна значнай зʼявай, што нават атрымалі ўласную абразлівую назву — бульбасрачы».

Аўтар таксама згадвае, што ў крытычных нефармальных тэкстах беларусы нярэдка іранічна выкарыстоўваюць цытаты з палітычных прамоў і сацыяльнай рэкламы: «Краіна для жыцця», «Астравок стабільнасці», «Квітнеючая» і іншыя.

Шуфлядка

Беларускі архівіст, гісторык, этнограф, пісьменнік Міхаіл Мялешка ў працоўным кабінеце. Мінск, 1927 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Гэтае слова, на думку лінгвіста, адносіцца да некалькіх дзясяткаў рэгіяналізмаў, што прысутнічаюць у «беларускай рускай мове» і не сустракаюцца ці амаль не сустракаюцца за межамі Беларусі. Некаторымі з іх «беларусы ганарацца і выхваляюцца перад расійскімі сябрамі». Самым вядомым прыкладам ёсць слова «шуфлядка».

Побач з ім лінгвіст называе іншыя словы рэгіянальнай рускай мовы беларусаў: шильда, гольф, ссобойка, сбольшего, стирка (стёрка), хапун, ласнуться, лахать с чего-то, дать буську, разбурить, математица, русица.

Дажынкі

Свята Дажынкі ў Глыбокім. 1934 год. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Аўтар адзначае, што гэтае свята адзначалі як у старажытнасці, так і ў савецкі час. А вось у сучаснай Беларусі свята перайшло на дзяржаўны ўзровень. Сомін кажа, што схільнасць дзяржаўнага апарата да своеасаблівай стылістыкі мерапрыемства (скульптуры з саломы, дзяржаўны герб з гародніны і каўбас і іншае) атрымала сваю назву — «агратрэш».

«Агратрэш, аграстайл, аграгламур, аграрэнесанс — любоў да ўтварэнняў з коранем агра— зʼявілася ў беларусаў у сярэдзіне 2000-х, пасля ператварэння шэрагу былых пасёлкаў у аграгарадкі (новы тып сельскіх паселішчаў) і накіравання на папулярызацыю агратурызму ў рамках праграмы адраджэння і развіцця вёскі.

Пры гэтым агратрэш зусім не абавязкова павінен быць звязаны з сельскім жыццём: гэта крыкліва аформленыя кватэры (аналагічная зʼява ў Расіі вядомая як «калгасны шык»), гэта камунальнікі, якія зафарбоўваюць усё ў ружовы колер, гэта грузавік з узорамі сантэхнікі на парадзе ў Дзень незалежнасці, палаткі з шырспажывам на гарадскіх фестывалях і разнастайныя іншыя праявы», — заўважае Сомін.

Па меркаванні аўтара, супрацьлегласцю агратрэшу лічыцца усё тое, што можна апісаць беларускім прыметнікам «выкшталцоны», якое запазычана ў польскай мовы. Лінгвіст заўважае: «калі польскае wykształcony — гэта проста «адукаваны», то ў беларускай яно ахоплівае цэлы спектр значэнняў, якія прыкладна адпавядаюць рускім паняццям «элегантный», «изящный», «деликатный», «утонченный».

Чытайце яшчэ:

Выйшаў пераклад «Мовы» Віктара Марціновіча на латышскую мову

Любіць дранікі з мясам, ужо прывык да беларускай бульбы і ведае некалькі беларускіх слоў. Камерунскі футбаліст расказаў, як яму жывецца ў Смаргоні

«Нічога ў нас не будзе, калі не будзе беларускай мовы». Рэпартаж з Дня Волі ў Беластоку

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Яшчэ адна/адказаць/
25.04.2023
13) "Налівай, бо не ядуць"
11.05.2023
Шалапаватыя нейкія трактоўкі, Вопрос интересный... На Полесье, и не только,  за 20-й век столько властей сменилось, что за каждую "жопу рвать", в том числе и национальную, никакой дупы не хватит... Поэтому по мне тутейшасть имеет как плюсы так и минусы... Как и все социальные явления. По моему мнению основополагающий принцип отношения беларуса к власти (любой) такой: не говорите мне что делать, а я не скажу куда вам идти... По крайней мере с точки зрения рожденного и воспитанного на Полесье. Тут и тутэшесть и свядомость и памяркоунасть...
0
Лара/адказаць/
29.06.2023
Млявасць у вантробах!!!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера